Набыў гаспадарку дзеля сцэны
20.08.2011 16:53:23
Сёння ў вёсцы Празарокі, што ў Глыбоцкім раёне, адзначаць 150-годдзе заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага.
ЁН НАРАДЗІЎСЯ менавіта тут, у былым фальварку Палевачы, 22 жніўня 1861 года. Пачынальніка нацыянальнага прафесійнага тэатра ў XX стагоддзі, акцёра, рэжысёра, Ігната БУЙНІЦКАГА яшчэ пры жыцці называлі «бацькам беларускага тэатра».
РОД БУЙНІЦКІХ — знакаміты, дваранскі род. Герб яго меў прыгожую назву «Лебедзь». Сам Ігнат Цярэнцьевіч закончыў Рыжскае землямернае вучылішча і працаваў на Навагрудчыне, Магілёўшчыне, Полаччыне, Ашмяншчыне: вырашаў пытанні продажу зямлі сялянам. Вучыўся ў прыватнай драматычнай студыі ў Вільні. Потым ён атрымаў крэдыт у банку, купіў зямлю ў Палевачах і абзавёўся гаспадаркай. А ў 1905 годзе Ігнат Буйніцкі пачынае сістэматычна ладзіць у Празароках і Палевачах вечарынкі, у якіх актыўна ўдзельнічае і сам. Паступова вакол Буйніцкага арганізавалася група, што на працягу 1907 года ператварылася ва ўстойлівы аматарскі тэатральны калектыў. У 1910 годзе трупа Буйніцкага выступае на Першай беларускай вечарыне ў Вільні, пасля якой кіраўнік папоўніў яе таленавітымі драматычнымі акцёрамі і спевакамі — такім чынам ставіць яе на прафесійную аснову. Так нарадзілася першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага.
1910—1912 гады — гэта вандроўкі тэатра па мястэчках і гарадах Беларусі, выступленні ў Пецярбургу і Варшаве. Дзейнасць трупы была скіравана на абуджэнне ў народзе пачуцця грамадзянскай годнасці, на адраджэнне яго нацыянальнай культуры. У драматычным рэпертуары былі п’есы «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» Крапіўніцкага, «У зімовы вечар» паводле Ажэшкі, «Міхалка» Далецкіх, «Сватанне» Чэхава, «Модны шляхцюк» Каганца. Рэпертуар калектыву быў разлічаны на масавага гледача. Буйніцкі ўключаў у пастаноўкі вершы Цёткі, Янкі Лучыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа і іншых, народныя танцы і песні.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, трупа спыніла сваю дейнасць з-за фінансавых цяжкасцей. Калектыў існаваў на грошы Буйніцкага, якія той выручаў са сваёй гаспадаркі.
У красавіку 1917 года Ігнат Буйніцкі быў ініцыятарам арганізацыі Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Яно праіснавала да восені 1920 года.
Міністэрства культуры спрабавала некалькі разоў пабудаваць новы будынак музея Ігната Буйніцкага, аднак далей падмурка справа з-за фінансавых цяжкасцей так і не дайшла. Сёння музей месціцца ў невялічкім памяшканні мясцовай сярэдняй школы.
І мы, «маленькія празоры», Буйніцкага нашчадкі
Школа цікавая, з багатымі традыцыямі. Кожны яе пакойчык нясе асобную экспазіцыю: «Сям’я», «Радзіма», «Спадчына». Дарэчы, першае ўпамінанне аб вёсцы Празарокі датуецца 1552 годам. Па гістарычнай версіі, назва яе паходзіць ад знакамітага роду Празораў. У розныя часы ёй валодалі самыя знатныя асобы. А аднойчы праз яе праязджаў імператар Мікалай Другі…
У школьным музеі сабрана багата звестак пра дзейнасць знакамітага земляка, яго чатырох дачок, удзельніц тэатральнай трупы, водгукі і ўспаміны вядомых пісьменнікаў і дзеячаў культуры.
Вялікая заслуга ў выхаванні «маленькіх празораў» належыць усяму педагагічнаму калектыву на чале з дырэктарам, выпускніцай школы, Вольгай Гінько.
— Ужо маецца дамова з адной мінскай фірмай, якая ажыццявіць даўно задуманы праект рэканструкцыі нашага музея, — гаворыць Вольга Дзмітрыеўна. — У будучым хол, які вядзе ў музей, стане тэатральным. Музейна-тэатральны комплекс будзе мець тры залы. Усё трэба рабіць паступова і па-сапраўднаму, як кажуць, на вякі.
Да 150-годдзя падрыхтаваны тур «Муза Ігната Буйніцкага». Удзельнікі яго наведаюць малую радзіму тэатрала — вёску Празарокі, цяпер ужо аграгарадок. Побач з помнікам Буйніцкаму стаіць прыгожы касцёл Божай Маці, якому больш за сто гадоў, і Петрапаўлаўская царква пачатку XX стагоддзя. Экскурсантам распавядуць пра гісторыю мястэчка і правядуць у музей Ігната Буйніцкага. Будзе арганізаваны майстар-клас па народных танцах, такіх як «Мяцеліца», «Юрка», «Млынар» і «Антошка». Госці таксама паспытаюць пачастункі па старадаўніх рэцэптах.
На святкаванні ж, якое адбудзецца 20 жніўня, у Празароках будзе ладзіцца выстава народнай творчасці Глыбоцкага Дома рамёстваў, выступяць народныя калектывы раёна «Цярэшка», «Крынічанька», фальклорныя калектывы вёсак Шо і Празарокі, драматычны калектыў Ломашаўскага Цэнтра культуры, музычны спектакль «Церамок» прадставіць узорна-лялечны тэатр Зарубінскага СДК.
Госці і ўдзельнікі свята ўскладуць кветкі да помніка Ігнату Буйніцкаму, пабудуць на імшы, якая пройдзе ў касцёле, наведаюць школьны музей. Нашчадкі Буйніцкага будуць сустракаць і частаваць гасцей у жартоўнай карчме «У дзядзькі Ігната».
Тамара ЯЦКЕВІЧ
Фота аўтара