На службу людзям
10.11.2009
У Гомелi адкрыты сучасны аўтамабiльны мост цераз раку Сож, якi адыгрывае важную ролю ў мiжнародным транспартным калiдоры на шляху «з варагаў у грэкi»
Cведкамi адметнай падзеi, нягледзячы на спорны дождж, пажадалi стаць сотнi гамяльчан. Без перабольшвання, гэтага дня вадзiцелi грузавiкоў i легкавых аўто, пасажыры грамадскага транспарту, што курсiруе памiж цэнтрам Гомеля i адным з яго перспектыўных раёнаў — Навабелiцай, знерваваныя пастаяннымi аўтамабiльнымi пробкамi, чакалi некалькi год. А дакладней, з лета 2006 года, калi было прынята спецыяльнае рашэнне ўрада краiны аб будаўнiцтве новага моста.
— Узвядзенне важнага аб’екта вялося ўдарнымi тэмпамi, у рэжыме трохзменнай работы падрадных i субпадрадных арганiзацый. Як вынiк, будаўнiцтва завершана тут за 32 месяцы пры нарматыўным часе 54, — адзначыў, выступаючы на ўрачыстасцi з выпадку адкрыцця моста, першы вiцэ-прэм’ер краiны Уладзiмiр Сямашка. — I гэта паскарэнне, па заключэннi надзорных служб, што праводзiлi выпрабаваннi, нiколькi не адбiлася на якасцi. Пры праектаваннi i будаўнiцтве рэалiзаваны наватарскiя рашэннi, дакладна прытрымлiвалiся патрабаванняў пры выкананнi тэхналагiчных працэсаў, выкарыстоўвалi прагрэсiўныя маркi сталi, бетону i iншых матэрыялаў...
Сярод выкарыстаных на аб’екце тэхналагiчных ноу-хау, iх агучыў перад журналiстамi мiнiстр транспарту i камунiкацый рэспублiкi Iван Шчэрба, значыўся метад буранабiўных паляў, якiя заглыблены ў рачное дно на 30 метраў, зборка стальных пралётных канструкцый вялася на сушы, а затым, вобразна кажучы, насоўвалася на мост, даўжыня якога склала 343, а шырыня — 11,5 метра...
Было б нелагiчна, калi б падчас урачыстасцей не былi названы галоўныя яе вiноўнiкi, якiя, не шкадуючы часу i сiл, насуперак мiнулагодняй бурнай паводцы, складаным геалагiчным умовам стваралi сваё грандыёзнае дзецiшча. Гэта праекцiроўшчыкi РП «Белгiпрадор» на чале з галоўным iнжынерам праекта Лiдзiяй Карасёвай, будаўнiкi генпадраднага РУП «Мостабуд», ААТ «Гомельпрамбуд», а таксама дарожнiкi РУП «Гомельаўтадор» , «ДСТ № 2 г. Гомель», якiя ладзiлi пад’езды да моста...
— Важнасць новага аб’екта для Гомеля, развiццё якога будзе весцiся па генплану менавiта на ўсходнiм, навабелiцкiм, напрамку, не трэба тлумачыць, — адзначыў у размове з карэспандэнтам «Р» старшыня Гомельскага гарвыканкама Вiктар Пiлiпец. — Стары мост, пабудаваны ў 1953 годзе, будзе часова закрыты на рамонт, бо ён не толькi не забяспечваў неабходную прапускную здольнасць транспарту, але ўжо не адпавядаў патрабаванням бяспекi дарожнага руху. З цягам часу пасля рэканструкцыi таксама ўступiць у строй i дазволiць значна разгрузiць транспартныя патокi памiж часткамi горада, што створыць зручнасцi i вадзiцелям, i пасажырам. Нельга адмаўляць стратэгiчную важнасць новага моста i ў мiжнародным плане як часткi перспектыўнага праекта, так званага 9-га транспартнага калiдора, што звяжа краiны балтыйскага i чарнаморскага рэгiёнаў.
Дарэчы, у некалькiх кiламетрах ад яго — уверх па цячэннi Сожа — распачнецца будаўнiцтва яшчэ аднаго маставога збудавання. Яно прыме на сябе транзiтны транспарт, што рухаецца ў аб’езд абласнога цэнтра.
На здымку: (справа налева) старшыня Гомельскага гарвыканкама Вiктар Пiлiпец, кiраўнiк аблвыканкама Аляксандр Якабсон, першы вiцэ-прэм’ер Уладзiмiр Сямашка i мiнiстр транспарту i камунiкацый iван Шчэрба адкрываюць рух па новым мосце.
Фота: Мiкалай ЖДАНОВIЧ