На лёгкія роды
05.02.2009 01:00:00
Момант нараджэння дзіцяці — фантастычна дзіўная рэч! У адным імгненні сышліся Вечнасць — дзень сённяшні і будучыня. Вечнасць як момант першастварэння свету — жывым увасабленнем яе з’яўляецца бабка-павітуха. Сённяшні дзень як фактар пастаяннага пераўтварэння свету — жанчына-парадзіха, а будучае — гэта немаўля, якое толькі заявіла аб сваім з’яўленні, але яшчэ не здольна мовіць па-нашаму. З малаком матулі і яе песняй-калыханкай яно атрымае слова-мову і традыцыю-культуру. Зразумела, што першыя крокі ў спасціжэнні законаў зямнога існавання дзіця будзе рабіць на падставе прынцыпу падабенства: як бабуля і матуля, так і я. Аднак прынцып “падобнае выклікае падобнае” ляжаў у аснове не толькі механізму далучэння дзіцяці да духоўнай прасторы сям’і, але і ў большасці абрадавых дзеянняў, якія спадарожнічалі самому з’яўленню чалавека на гэты свет.
* Каб пасадзейнічаць нармальнаму і лёгкаму працяканню родаў, неабходна было максімальна адкрыць навакольнае асяроддзе. У сувязі з гэтым трэба было развязаць усе вузялкі на адзенні парадзіхі, распусціць яе валасы. У хаце адмыкалі замкі, адчынялі ўсе дзверы.
* Калі ж здараліся цяжкія роды, то сваякі парадзіхі ішлі да царквы і прасілі святара адчыніць “царскія вароты” і тым самым паспрыяць прыходу дзіцяці ў наш свет. Гэтыя абрадавыя дзеянні як у кроплі вады сфакусіраваны ў наступнай замове: “Ішоў сам Гасподзь з небяса, згубіў залатыя ключы з-пад паяса. Мацер Божая ішла, залатыя ключы знайшла. Замкі, атапрыцеся, царскія вароты, атварыцеся, паясы, развяжыцеся, раба божая (імя), з дзіцёнкам разлучыцеся”.
* Цяжарную жанчыну як маглі агароджвалі ад сустрэч з хворымі людзьмі, з тымі, хто меў розныя фізічныя або разумовыя і псіхічныя калецтвы. Лічылася непажаданым, каб на дарозе адна цяжарная сустракалася з іншай цяжарнай.
* Калі прыходзіў час нарадзіць, пра гэта стараліся нікому не гаварыць, таму што верылі: людзі будуць перажываць і тым самым толькі ўскладняць сітуацыю.
* Каб даць палёгку парадзісе, побач з ёю запальвалі грамнічную свечку, а яе абціралі “хрышчэнскай” вадой.
* Каб дзіця любіла бацьку, на парадзіху маглі апрануць бацькаву сарочку або кашулю.
* Моцным абярэгам парадзіхі і дзіцяці лічыўся нацельны крыж, які жанчына не здымала нават у момант родаў.
* Існавала шмат замоў, якія імкнуліся прамаўляць адразу ж пасля родаў, каб у парадзіхі не было пасляродавых праблем. І абавязкова гучалі словы падзякі: “Не загубіла, а душу на гэты свет пусціла...”