На Дзераўнянскiх дзiрванах
01.07.2006 01:00:00
Прыехаўшы ў Дзераўную, мы адразу спынiлiся ля алеi, пасаджанай у гонар настаўнiкаў, якiя працавалi ў Дзераўнянскай школе. Клёны, таполi, бярозы цiха перашэптвалiся сваiм пяшчотным лiсцем...
Насустрач нам выйшла настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры Софiя Варатынцава, якая запрасiла нас наведаць музей “Стаўбцоўшчына лiтаратурная”.
“Чым далей ад мiнулага, тым памятней яно”
— Дзераўная вядома з першай паловы XV стагоддзя як маёнтак кашталяна вiленскага Сямёна Гедыголдавiча, — пачала экскурсiю Софiя Iосiфаўна. — Доўгi час iм кiравала яго жонка Мiлохна Кежгайлаўна. Пасля iх гаспадаром стаў Мiкалай Кежгайла, якi з дазволу вялiкага князя лiтоўскага Жыгiмонта I у маёнтку Дзераўная заснаваў мястэчка.
У канцы XVI стагоддзя Дзераўная складалася з рынка i трох вулiц (на Налiбакi, да Турэцкага перавозу i да двара). Крыху пазней мястэчка i восем навакольных вёсак перайшлi ва ўласнасць ваяводы троцкага Мiкалая Крыштофа Радзiвiла. Як сцвярджаюць некаторыя гiсторыкi, гэта ён загадаў пабудаваць у Дзераўной касцёл Звеставання. Аднак у iнвентары касцёла 1716 года прыводзiцца копiя дакумента, складзенага ў Нясвiжы i ўнесенага ў гродзенскiя кнiгi Мiнскага ваяводства, з якой становiцца вядома, што выказала намер аб узвядзеннi храма ў Дзераўной Эўфiмiя Вярбiцкая, жонка Яна Завiшы, аднаго з уладальнiкаў мястэчка. Але яе некаторыя спадкаемцы запратэставалi, сцвярджаючы, што яна не мела права распараджацца Дзераўной пасля смерцi. Таму Радзiвiлы паабяцалi паставiць касцёл i дадалi на ўтрыманне плябана на чвэрць года 6 коп грошаў, 5 бочак жыта, 3 бочкi соладу, бочку ячменных круп, бочку грачаных, бочку пшанiцы, паўбочкi солi, паўкапы сыроў, дзве полцi саланiны, а таксама вiно i воск.
Касцёл у Дзераўной уражвае спалучэннем элементаў готыкi з рэнесансавай рацыянальнасцю i строгасцю сiлуэта. На фасадзе — трох’ярусная масiўная вежа, два нiжнiя ярусы — квадратныя, верхнi — васьмярык, накрыты стромым шатром, плоскасцi граней расчлянёны нiшамi. Храм ярка асветлены, зала i прэсбiтэрый злучаны шырокiм арачным праёмам. Сёння касцёл Звеставання — помнiк архiтэктуры рэспублiканскага значэння.
У XIX стагоддзi Дзераўная стала цэнтрам воласцi Ашмянскага павета Вiленскай губернi. У гэты час маёнткам валодалi Радзiвiлы, Абуховiчы, Чапскiя. У мястэчку было 34 двары, больш за 300 жыхароў, касцёл, каплiца, дзве сiнагогi, школа, прытулак для бедных, пяць крамаў.
Яны стаялi ля вытокаў
— Кожны, хто неабыякавы да нашай беларускай нацыянальнай культуры, атаясамлiвае яе з iмем слыннага сына нашай зямлi Якуба Коласа, — працягнула экскурсiю Софiя Iосiфаўна. — “Калыска” паэта Акiнчыцы, Ласток, Альбуць, Мiкалаеўшчына, не раз апетыя паэтам у яго творах, прынеслi яму вялiкую славу. А колькi яшчэ маладых каласкоў дала багатая нiва Стаўбцоўшчыны беларускай лiтаратуры! I каб гэта не было забыта, створаны наш музей. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 10 красавiка 1997 года.
Тут, на Стаўбцоўшчыне, i каранi Янкi Купалы. Яго мацi, Бянiгна Iванаўна Луцэвiч, нарадзiлася ў фальварку Няшота. Малая радзiма беларускага грамадскага i палiтычнага дзеяча, мовазнаўцы, пiсьменнiка, педагога Язэпа Лёсiка — вёска Мiкалаеўшчына. На лiтаратурнай карце Стаўбцоўшчыны чырвоным абазначаны Альбуць, Акiнчыцы, Новы Свержань, Ласток, Налiбакi. Пакуль што няма на ёй Дзераўной, але людзей, якiя ўславiлi наша мяcтэчка, нямала. У Дзераўнянскай сярэдняй школе вучылiся Антонiй Дзям’янка, якi назначаны часова выконваючым абавязкi кiраўнiка Рымска-каталiцкай царквы Беларусi, а таксама знакамiты бульбавод, Герой Сацыялiстычнай Працы Раман Ваньковiч, пiсьменнiкi Генрых Далiдовiч, Казiмiр Камейша, паэт i кампазiтар Рышард Недаводзiн, журналiст Вiктар Ключнiк.
Не здрадзiць сабе i Радзiме
Каб больш даведацца пра мiнулае дзераўнянскiх местачкоўцаў, мы завiталi да Янiны Iосiфаўны Пячынскай, якая нарадзiлася i жыве тут ужо семдзесят сем гадоў.
— Дзераўная нiколi вёскай не называлася, — успамiнае Янiна Iосiфаўна. — Было мястэчка. I людзi, што жылi тут, адрознiвалiся ад тых, што жылi ў суседнiх вёсках. Мы размаўлялi, апраналiся па-iншаму, культура ў нас нейкая свая была, местачковая. На вечарынкi хадзiлi. А танцаваць, як то цяпер сучасная моладзь, нельга было. На кожнай вечарыне прысутнiчаў ксёндз, i ён не дазваляў нам танцаваць танга-матке, бо гэта распуцтвам лiчылася. Затое мы танцавалi польку, вальс, кракавяк, факстрот, падыспань.
Многiя жыхары Дзераўной выехалi ў Польшчу, я i мая сястра таксама хацелi быць, як i большасць, а бацька нас стрымаў: “Няма чаго па чужых вуглах ездзiць! То не чалавек, што здраджвае сваёй Радзiме”. Так я засталася тут i не шкадую. Маю трое дзяцей, трое ўнукаў.
Душой нiколi не старэць!
Шмат у Дзераўной таленавiтых людзей, якiя не толькi пабудавалi тут дом, набылi гаспадарку, стварылi добрую сям’ю, але i на працягу ўсяго свайго жыцця аддавалi часцiнку сваёй душы людзям.
Аляксандр Iванавiч Жарскi нарадзiўся ў мястэчку Нягневiчы, што на Навагрудчыне. У сям’i было дзевяць дзяцей. Калi пачалася вайна, старэйшага немцы расстралялi, а праз некалькi гадоў разам з братамi пайшоў ваяваць i Аляксандр. Быў танкавым кулямётчыкам, артылерыстам, потым сувязным. I ўсе трое братоў, на шчасце, вярнулiся. Аляксандр Iванавiч адразу пасля вайны пайшоў у дзесяты клас: вельмi хацеў вучыцца. Потым скончыў педагагiчны iнстытут, пачаў працаваць дырэктарам школы ў вёсцы Рочавiчы ў Стаўбцоўскiм раёне, ажанiўся са сваёй зямлячкай. Клаўдзiя Максiмаўна пасля вайны скончыла зубаўрачэбную школу i пачала працаваць.
Калi заходзiш у хату да Аляксандра Iванавiча i Клаўдзii Максiмаўны Жарскiх, вочы разбягаюцца ад вышытых на сурвэтках, дыванах, ручнiках, падушках казачных герояў, шыкоўных кветак, узораў. Вышыванне для Клаўдзii Максiмаўны стала любiмым заняткам, калi яна хадзiла яшчэ ў школу.
— Памятаю, як нам настаўнiца па працоўнаму навучанню дала заданне вышыць сукенку, — расказвае майстрыха. — Кожнаму дала асобны ўзор. Ен i цяпер стаiць перад вачыма. Я не магу сядзець без справы. Бывае, так захаплюся вышываннем, што не заўважу, як свiтаць пачынае. Вышываю не толькi крыжыкам, у мяне ёсць нават габелены. Вось гэты я вышыла яшчэ ў 1958 годзе, — Клаўдзiя Максiмаўна паказвае на габелен з выявай шэкспiраўскiх герояў Рамэа i Джульеты.
Клопат пра людзей
— Мястэчка з кожным годам расце, становiцца яшчэ больш прыгожым, — расказвае Марыя Станкевiч, начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы Стаўбцоўскага райвыканкама. — Тут дзейнiчае ААТ “Аграбудфiрма ПМК-74-Налiбакi” i СВК “Дзераўная”. Ёсць Дом культуры, маладзёжны цэнтр, сярэдняя школа, школа мастацтваў, дзве бiблiятэкi, дзiцячы сад, дзiцячая юнацкая спартыўная школа, фiзкультурна-аздараўленчы комплекс “Мелiяратар”, участковая бальнiца, аптэка, аддзяленне сувязi, комплексна-прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельнiцтва, фiлiял “Беларусбанка”, ДРБУ-135, участкi раённага вузла электрасувязi, раённых электрасетак, прадпрыемства мелiярацыйных сiстэм, жыллёва-камунальная гаспадарка, дзесяць магазiнаў.
Радуемся мы таксама i за нашу моладзь. У Дзераўнянскай сярэдняй школе на працягу шасцi гадоў працуе лiцэйскi аграрны клас. 95 працэнтаў яго выпускнiкоў штогод паступаюць у ВНУ, а потым многiя з iх прыязджаюць працаваць у родную вёску.
Нам вельмi прыемна, што паляпшаецца i дэмаграфiчная сiтуацыя ў Дзераўной. У 2004 годзе ў мястэчку было заключана 10 шлюбаў i нарадзiлася 12 дзяцей, у 2005-м маладых сем’яў стала больш на 7, нарадзiлася 11 дзяцей, а за пяць месяцаў гэтага года заключана яшчэ 7 шлюбаў i нарадзiлася 7 дзяцей. У наступным годзе распачнецца будаўнiцтва аграгарадка. А гэта значыць, што многiя маладыя сем’i атрымаюць жыллё, мястэчка стане яшчэ больш прыгожым.