Белорусские полярники высадились в Антарктиде и начали монтировать новые модули станции

На дальняй cтанцыi сышлi

Правізія, тэхніка, паліва, навуковае абсталяванне і канструкцыі новых секцый. Каб перакінуць 42 тоны грузу з борта расійскага навукова-экспедыцыйнага судна «Акадэмік Фёдараў» на беларускую антарктычную станцыю «Гара Вячэрняя», верталёту давялося зрабіць дванаццаць рэйсаў. У ка­рэспандэнта «Р» атрымалася звязацца з удзельнікамі палярнай экспедыцыі і даведацца падрабязнасці.

Для вывучэння жывёльнага і расліннага свету вучоныя адбіраюць узоры наземнай і марской фаўны.

Усё матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне экспедыцыі, уключаючы канструкцыі антарктычнай станцыі, верталёт выгрузіў на загадзя падрыхтаваныя пляцоўкі.

— Правядзенне паветранай грузавой аперацыі ўскладнялася значным аддаленнем судна ад берагавой лініі. Адлегласць складала 98 кіламетраў, — перадае нязменны кіраўнік беларускіх навуковых антарктычных экспедыцый Аляксей Гайдашоў. — Падысці бліжэй да берагавой лініі было проста немагчыма, бо судна заціснула льдамі.

Нягледзячы на ​​складаную ме­тэ­аралагічную абстаноўку, каманда спрацавала зладжана. Пасля заканчэння паветранай аперацыі палярнікі размеркавалі дастаўленыя грузы па месцах іх пастаяннага захоўвання. Таксама яны падрыхтавалі новыя навуковыя прыборы для ўсталявання і эксплуатацыі. У поўным аб’ёме разгарнулі нацыянальныя і між­народныя праграмы навуковых даследаванняў.

Дарэчы, аб даследаваннях. З моманту авіяцыйнай высадкі авангарднай групы і да прыходу расійскага навукова-экспедыцыйнага судна «Акадэмік Фёдараў» вучоныя і тэхнічныя спецыялісты ўжо выканалі вялікі аб’ём працы. Яны штодня вымяраюць колькасць азону ў атмасферы. Прычым замеры робяць 3—5 разоў за суткі.



Аляксей Гайдашоў:

— На мінулым тыдні ў інтарэсах нацыянальнай касмічнай пра­грамы мы правялі сінхронную наземную здымку з Беларускім касмічным апаратам. Паралельна ў аўтаматычным рэжыме праводзілі вымярэння змяненняў мікраструктуры аэразолю на вы­шыні. Сабраныя матэрыялы апрацавалі і выслалі па каналах спадарожнікавай сувязі ў Інстытут фізікі НАН.

Асаблівую цікавасць уяўляюць даследаванні прыроднага асяроддзя і клімату Зямлі Эндэрбі (гэта частка тэрыторыі Усходняй Антарктыды. — Аўт.) і ўплыў на яе антрапагенных і прыродных фактараў. Вучоныя назіраюць за вышынёй снежнага покрыва тут на пастаянным снегамерным пасту. А аўтаматычная метэастанцыя бесперапынна рэгіструе зададзеныя параметры, двойчы ў суткі перадаецца метэазводка на замежныя антарктычныя станцыі. Каб «Акадэмік Фёдараў» шчасліва дайшоў да берагоў Антарктыды, метэазводка перадавалася яшчэ часцей — з інтэрвалам у 3 гадзіны.



З-за глабальнага пацяплення і раставання леднікоў вялікую цікавасць сёння ўяўляюць прэснаводныя вадаёмы Антарктыды. Для іх вывучэння ў гэтым сезоне сумесна з Фінскім метэаралагічным інстытутам рэалізуецца навуко­вая праграма. Палярнікі ўстанавілі тэрмадатчыкі і два аўтаматычныя вадамерныя пасты на азёрах Верхняе і Ніжняе ў раёне базіравання нашай станцыі. Яшчэ два тэр­мадатчыкі ўстаноўлены на азёрах Лагернае і Авальнае ў раёне расійскай палявой базы «Маладзёжная». Ацаніць фактары, якія ўплываюць на змены клімату, да­паможа вывучэнне снежна-лядовых паверхняў Антарктыды.

Жывёльны і раслінны свет Антарктыды і яе прыбярэжных вод не менш загадкавы і таямнічы. Для яго вывучэння вучоныя ад­біраюць узоры наземнай і марской флоры і фаўны на кантыненце і з прыпайнага лёду бухты Лазурная. Сабраныя навуковыя матэрыялы карабель даставіць на Вялікую зямлю, дзе іх апрацуюць і прааналізуюць спецыялісты з Акадэміі навук і іншых навуковых устаноў.

Пакуль навуковыя супрацоўнікі занятыя адборам проб і правя­дзеннем даследаванняў, тэхнічныя спецыялісты працягваюць буда­ваць Беларускую антарктычную станцыю. За час папярэдніх экспедыцый зроблена нямала. Сёння там ужо дзей­нічаюць некалькі аб’ектаў — трохсекцыйны модуль кіра­вання, сувязі і навігацыі, новыя тэхналагічныя і склад­скія памяшканні. Ча­ты­ры секцыі другога аб’екта зманціравалі і ўвялі ў эксплуатацыю ў мінулыя два сезоны. У Антарктыду таксама даставілі неацяпляльнае складское памяшканне для захоўвання буд­матэрыялаў і запасных частак, а таксама гаражны бокс для захоўвання і рамонту спецтэхнікі.



Аляксей Гайдашоў:

— У гэтым сезоне плануем зманціраваць цэнтральную ўваходную секцыю. Яна стане сэрцам самага буйнога аб’екта — васьмісекцыйнага лабараторна-жылога модуля, бо будзе абста­лявана блокамі кантролю і кі­ра­­ван­ня ўсімі электрычнымі і лакальнымі вылічальнымі сеткамі. З прыцэлам на будучыя зімоўкі ўсталюем комплекс новай дызель-электрастанцыі. Яшчэ зманціруем і ўвядзём у эксплуатацыю новую сістэму спадарожнікавай сувязі для выхаду ў інтэрнэт і прыёму беларускага тэлебачання, рэф­рыжэратарны кантэйнер для захоўвання прадуктаў глыбокай замарозкі.

Калі ўсё пойдзе па вызначаным плане, то ў бліжэйшыя год-два палярнікі плануюць адправіцца ў першую зімовачную экспедыцыю.

Фота прадастаўлены Рэспубліканскім цэнтрам палярных даследаванняў

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter