Ніхто не забыты
04.07.2009 01:00:00
— 800-старонкавы том вялікага фармату, на глянцавай паперы, з каляровымі ілюстрацыямі, рэдкімі архіўнымі матэрыяламі — рэалізацыя ідэі, якая нарадзілася ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі і ва ўрадзе горада Масквы, — тлумачыць сутнасць праекта Лілія Ананіч, першы намеснік міністра інфармацыі. — Ставілася мэта расказаць чытачу ў адной кнізе пра найважнейшыя вехі вайны, асабліва пра ўдзел беларусаў у абароне Масквы і расіян — у вызваленні нашай Айчыны. Пад адной вокладкай упершыню сабраны біяграфіі і фотаздымкі Герояў Савецкага Саюза, поўных кавалераў ордэна Славы — беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, а таксама масквічоў, якія ваявалі ў 1941—1944 гадах з акупантамі на нашай зямлі.
Для аздаблення кнігі выбралі незвычайны фармат. Яе вокладка даволі сціплая: белая, аздобленая толькі выявай ордэна Перамогі і тонкай чырвонай лініяй пад тытулам. Як патлумачыла Таццяна Бялова, дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, такі выбар дызайнераў невыпадковы: “Некаторыя мяркуюць, што кнігі, выпушчаныя з нагоды памятных дат, павінны мець шыкоўнае вонкавае аздабленне. Аднак вокладка павінна яшчэ несці асаблівы сэнс, пра нешта гаварыць чытачу. Пра што кажа вонкавы выгляд гэтага выдання? Белы колер сімвалізуе высакароднасць нашых салдат-пераможцаў, а ордэн Перамогі — самы лаканічны і змястоўны знак мінулай вайны і подзвігу нашага народа. Белы колер — сімвал Белай Русі і чысціні, таму гэту кнігу можна браць толькі чыстымі рукамі. Тонкая чырвоная лінія — знак барацьбы за свабоду, а сярэбраны колер літар назвы нагадвае пра сілу савецкай зброі”. Дарэчы, многія з тых, пра каго расказвае энцыклапедыя, — нашы сучаснікі. Тры Героі Савецкага Саюза асабіста прыйшлі на прэзентацыю кнігі, каб засведчыць, што гісторыя вайны не адышла ў мінулае, яна — жывая. Гаварылі ветэраны пра тое, што найбольш хвалюе: каб нішто з мінулага не забылася.
Герой Савецкага Саюза Іван КУСТАЎ: “Вера прывяла да Перамогі”
— Хай нашы людзі помняць, што аднымі з першых Герояў Савецкага Саюза былі менавіта беларусы. Самы малады Герой — Марат Казей. Лётчык Гаравец — адзіны, хто ў паветраным баі супраць 20 бамбардзіроўшчыкаў збіў дзевяць самалётаў праціўніка. Згадайма партызана Фёдара Курловіча, які на шляху да Курска, дзе ішла вырашальная бітва, падарваў чатыры чыгуначныя эшалоны з нямецкімі “тыграмі”. Адкуль у нас бралася адвага падняцца на ўвесь рост і ісці ў атаку пад кулі, снарады? Застацца жывым — гэта добра, мы разважалі, а перамагчы — яшчэ лепш. Мы верылі ў сябе, свае сілы — і вера прывяла да Перамогі.
Герой Савецкага Саюза Васіль МІЧУРЫН: “Мая зорка — адна з першых”
— У мяне пытаюцца: няўжо я і праўда ў фінскай вайне ўдзельнічаў? Так і ёсць! — адказваю. Скажу шчыра: ганаруся, што з 12 тысяч Зорак Героя Савецкага Саюза мая — адна з першых, 308-я. Сам я хлопец вясковы. Не толькі прайшоў праз мінныя палі і баі, але перажыў страшныя маразы, калі тэмпература даходзіла да мінус 37 градусаў паводле Цэльсія. Зорку Героя ўручаў мне ў Георгіеўскай зале Крамля асабіста Калінін. Вярнуўся ў Мінск, стаў курсантам ваенна-палітычнага вучылішча, але неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна...
Герой Савецкага Саюза Віктар ЛІВЕНЦАЎ: “Пройдуць вякі — і народы свету будуць помніць імёны тых, хто разбіў фашызм”
— Многа год таму я трапіў у Парыж, на сустрэчу з прэзідэнтам дэ Голем. Ён не толькі як кіраўнік дзяржавы, але і як лідэр французскага руху Супраціўлення нямецкай акупацыі, тады ўручыў і мне памятны медаль з надпісам: “Пройдуць вякі — і народы свету будуць помніць імёны тых, хто разбіў фашызм”. Я запомніў гэтыя словы на ўсё жыццё. Таму сёння, калі ўзнікае неспакой, ці не забудуць наступныя пакаленні пра Вялікую Айчынную вайну, нашу Перамогу, я суцяшаю сябе, згадваючы той медаль ад французскага прэзідэнта.
Дарэчы, энцыклапедыю рыхтавалі не “простыя” людзі — нашчадкі салдат Перамогі, унукі вызваліцеляў. Памяць пра подзвігі продкаў жыве ў народзе і перадаецца з пакалення ў пакаленне...