«Мы чытаем жыццё, а нас чытаюць у «БЖ»
28.11.2008
Памятаю, з якiм хваляваннем я, новаспечаны лiтсупрацоўнiк, прыйшоў у бабруйскую газету «Камунiст», — дыханне перахоплiвала! Не дзiва, па гэтых пакоях некалi хадзiў сам Мiхась Лынькоў, будучы народны пiсьменнiк, якi працаваў адказным сакратаром, рэдактарам, iншыя асы друкаванага слова. Тут панаваў нейкi асаблiвы дух творчасцi, якi заклiкаў да актыўнай дзейнасцi. Кожны работнiк iмкнуўся мацаваць прэстыж свайго выдання. Яно было прыкметным у вобласцi i рэспублiцы. Было i застаецца.
I вось сёння газета, якая цяпер носiць назву «Бабруйскае жыццё», адзначае сваё 90-годдзе. З чаго яна пачыналася, як працягвалася, на якiя творчыя рубяжы выйшла, — пра гэта расказвае яе галоўны рэдактар Аляксандр Казак:
— Як з ручаiнак рака, — адзначае Аляксандр Канстанцiнавiч, — так i наша газета пачыналася з невялiкага лiстка-пракламацыi пад назвай «Известия Бобруйского ревкома», у якiм друкавалiся пераважнай большасцю распараджэннi, загады, кароткiя паведамленнi. Першы нумар датаваны 27 лiстапада 1918 года. Рашэнне аб арганiзацыi свайго друкаванага выдання прыняў рэўком адразу пасля выгнання з нашай зямлi кайзераўскiх ваяк. Умацоўвалася ўлада, набiрала сiлу газета. Праз год яна — ужо «Камунiст» — выдавалася не на паўкартоне, а на палепшанай паперы, стала беларускамоўнай. Разам з краiнай удзельнiчала ў калектывiзацыi, iндустрыялiзацыi, а ў гады Вялiкай Айчыннай войны, перайменаваная ў «Бабруйскi партызан», дапамагала бiць ворага, наблiжаць доўгачаканае вызваленне.
У пасляваенны час, калi была створана Бабруйская вобласць, газета насiла назву «Савецкая Радзiма», а потым — «Маяк», «Камунiст», у новым гiстарычным перыядзе — «Бабруйскае жыццё». Мяняла назву, але не мяняла свайго аблiчча, была баявой i наступальнай, такой, якой хацелi бачыць яе чытачы.
Адсюль i высокi аўтарытэт выдання. Ды, напэўна, iнакш i не магло быць, таму што ў розныя часы ў iм працавалi Мiхась Лынькоў, Сяргей Грахоўскi, Васiль Вiтка, будучыя зоркi беларускага пiсьменнiцтва, цесна супрацоўнiчаў з iмi Пiмен Панчанка, колiшнi работнiк фанерадрэваапрацоўчага камбiната. Пазней тут узыходзiў на журналiсцкую сцяжыну Барыс Стральцоў, цяпер вядомы навукоўца, прафесар БДУ, працавалi такiя адметныя таленты, як Мiхась Кручкоў, Рыгор Пракопчык, Алесь Гарэлiк i iншыя. Новыя iмёны адкрывала, а потым цярплiва ўзрошчвала лiтаратурнае аб’яднанне «Вясна», якое iснуе i да гэтага часу.
Амаль тры дзесяткi рэдактараў змянiлася за час iснавання газеты. Бадай самы працяглы перыяд, прыкладна па два дзесяткi год, знаходзiлiся ля яе руля Мiкалай Валатковiч i Аляксандр Дземiдовiч. Рэдактарскай долi асаблiва не пазайздросцiш, бо трэба адказваць i за слова на газетнай паласе, i за кожнага супрацоўнiка, i за фiнансавае «поле». Многае залежыць ад таго перыяду, у час якога жывеш. Дык вось i Мiкалай Паўлавiч, i Аляксандр Карнеевiч годна правялi газету i праз лепшыя часiны, i праз горшыя, яна выстаяла, атрымала далейшае развiццё.
Каб не быць галаслоўным, скажу, што мы аднымi з першых у вобласцi перайшлi на выпуск шматпалосак, выходзiлi ў двух колерах, а потым i шматколернымi, узброiлiся неабходнай тэхнiкай, iнвентаром. Па гэтай частцы праблем не ўзнiкае. Наша справа — наладжваць творчую працу. Эканомiка, сацыяльная сфера, чалавек як былi на першым плане, так i застаюцца. Гэта прыярытэтныя для нас напрамкi, што пацвярджаюцца i рубрыкамi: «Пульс жыцця», «Актуальна», «Погляд» i iншыя. Прыбавiлася аналiтыкi, глыбокага асэнсавання праблем, ведання таго прадмета, за асвятленне якога бяромся.
Мы навучылiся глыбока «чытаць» жыццё i перакладваць яго на старонкi газеты. А ў вынiку павялiчыўся яе тыраж, палепшылася фiнансавае становiшча. Мы — першыя ў абласным спаборнiцтве друкаваных выданняў за мiнулы год, з’яўляемся лаўрэатамi конкурсу «Залатая лiтара», якi праводзiцца пад эгiдай Мiнiстэрства iнфармацыi рэспублiкi, шэрагу iншых. Загадчык аддзела эканомiкi Валерый Зiноўскi — сярод лепшых журналiстаў вобласцi. Ды ўсе нашы «пёры» заслугоўваюць добрага слова, таму што ўкладваюць душу i сэрца ў сваё выданне. Тое ж i наш актыў, якi мы не раскiдалi, а, наадварот, згуртавалi вакол сябе. Адзначу таксама i нашага заснавальнiка — гарадскi выканаўчы камiтэт, — ад якога iдзе выдатная энергетыка, падтрымка маральная i матэрыяльная.
— Здабыткаў, як бачна, у вас нямала. А што далей, няўжо на гэтым спынiцца?
— Газета не дазволiць, калi хочам, каб яна была цiкавай, змястоўнай. Бо гэта — той жа самы арганiзм, якi патрабуе догляду, няспыннага развiцця. Тым больш што мы ставiм мэтай не толькi далейшую папулярызацыю выдання, але i паляпшэнне яго фiнансавага становiшча, пераход на поўную самаакупнасць, да якой пакуль крыху не дацягваем.
Таму юбiлей для нас — гэта магчымасць больш пiльна паглядзець на сябе, каб скарэкцiраваць планы. Мы саступаць не збiраемся, будзем толькi прыбаўляць хады!
На здымку: калектыў рэдакцыi.