Нясвіж часта называюць маленькім Парыжам, некаранаванай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага
07.07.2015 16:45:51
Нясвіж часта называюць маленькім Парыжам, некаранаванай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. А 20 гадоў таму гэты старажытны горад быў абвешчаны сталіцай асветніцкага свята мастацтваў “Музы Нясвіжа”.
Праводзіць яго тут было вырашана не без падстаў. Роля Нясвіжа ў развіцці, у прыватнасці, нацыянальнай музычнай культуры выключная. Магнацкі род Радзівілаў, які валадарыў некалі ў гэтых мясцінах, нястомна імкнуўся да набыцця горадам славы аднаго з буйнейшых культурных цэнтраў Еўропы. Менавіта Нясвіж у XVII-XVIII стагоддзях з`яўляўся месцам прыцягнення лепшых музычных сіл, тут стваралася, а пасля распаўсюджвалася па свеце музычная плынь, якая адмыслова спалучала ў сабе элементы мясцовай і заходняй культур.
Вярнуць слухачам творы тых часоў — незаслужана забытыя, малазнаёмыя, а часцей зусім невядомыя — узяўся Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр на чале з яго мастацкім кіраўніком народным артыстам краіны Міхаілам Фінбергам. І гэтая ініцыятыва адразу была падтрымана мясцовымі ўладамі. З тым, каб пацвердзіць: гісторыя нашай музыкі пачалася не з 1917 года, як некалі вучылі ў кансерваторыі, а значна раней. І ствараліся тут паланэзы, мазуркі, санаты і оперы, не горшыя за прызнаную еўрапейскую класіку. Дзякуючы праведзенай за гэтыя гады велізарнай творчай і навуковай працы сёння мы ведаем сваю музычную спадчыну пачынаючы з XVII стагоддзя.
Адроджаныя з нябыту сачыненні Міхала Клеафаса Агінскага, Яна Голанда, Міхала Ельскага, Напалеона Орды, Восіпа Казлоўскага, Станіслава Манюшкі, Мечыслава Карловіча, Мацея і Антонія Радзівілаў, якія некалі гучалі на балях у замках, выконваліся ў шляхецкіх сядзібах, а іншы раз і разыходзіліся адсюль далей па свеце, знайшлі ў Нясвіжы свайго ўдзячнага слухача. Насуперак меркаванню, быццам акадэмічная, альбо так званая сур`ёзная, музыка не прываблівае масавую аўдыторыю, тым больш за межамі Мінска. Пацвярджэнне гэтаму — нязменныя аншлагі ў час нясвіжскіх канцэртаў на працягу ўсіх фестывальных гадоў. Асабліва ж маэстра Фінберг ганарыцца тым, што прыходзяць на такія імпрэзы ўжо дзеці тых, хто некалі быў слухачом першых музычных свят.
Арганізаваць і правесці адметнае музычнае свята — справа няпростая. Зрабіць яго традыцыйным — складаней утрая. Але заснавальнікі нясвіжскіх імпрэз упэўнены: старадаўняя і сучасная нацыянальная музыка павінна гучаць тут і надалей. І значыць, у наступным маі музы зноў завітаюць у сваю гасцінную сталіцу.
Ірына Свірко
Свята мастацтваў “Музы Нясвіжа” грунтуецца на трывалым навуковым падмурку. Удзел у ім і яго падрыхтоўцы прымаюць вядучыя спецыялісты краіны ў галіне гісторыі, архітэктуры, музычнага, тэатральнага, выяўленчага мастацтва. Плён іх даследчыцкай працы ўвасобіўся сёлета ў кнігу “Музы Нясвіжа”: 20 гадоў мастацкага асветніцтва”. Яе прэзентацыя адбудзецца ў час навукова-практычнай канферэнцыі, якая спадарожнічае святу ад заснавання.