Мосар - белорусский Версаль

Мосар: Мекка для турыстаў і культурны цэнтр

Беларусь называюць краінай замкаў. Круглы год едуць турысты да гістарычных муроў Нясвіжа, Міра, Ліды, Навагрудка, Крэва, Ружан і іншых мясцін рэспублікі. Адзін з такіх унікальных куточкаў — глыбоцкая вёска Мосар. Цікава яна багатай гісторыяй, архітэктурнымі помнікамі мінуўшчыны, унікальным культурна-дэндралагічным комплексам.

Упершыню паселішча ўзгадваецца ў 1514 годзе як уладанне заможнага шляхціца Юрыя Зяновіча. Нашчадку яго Яну Міхайлавічу вялікі князь Літоўскі Жыгімонт Аўгуст дазволіў над ракой Дзіснай закласці мястэчка і гандляваць у «вольных» корчмах. Пазней, у Лівонскую вайну, у час паходу начаваў у Мосары кароль Польскі і вялікі князь Літоўскі Стэфан Баторый. 

Далей уладарылі ў мястэчку шляхетныя роды Пацаў, Далмат-Ісакоўскіх, Млечкаў і стрыечны брат прэзідэнта буржуазнай Польшчы Юзефа Пілсудскага Калікст. Найбольшы след у гісторыі паселішча пакінуў графскі род Бжазоўскіх. У канцы ХVІІІ стагоддзя прадстаўнікі яго Ганна і Роберт пабудавалі ў Мосары двухпавярховы палац у стылі класіцызму і каталіцкі касцёл, які дзейнічае і дагэтуль. Мураваны палац нагадваў каралеўскую рэзідэнцыю ў варшаўскіх Лазенках. Асабліва вылучалася зала з генеалагічным дрэвам польскіх каралёў і арыгінальнай печчу ў выглядзе піраміды на 5 шарах і французскім камінам. Акаляў велічны будынак пейзажны парк з дубовай алеяй і садам. Некалькі разоў гасцяваў у палацы кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Унікальны архітэктурны ансамбль разбураны ў Грамадзянскую вайну.

Згодна з Рыжскім дагаворам 1921 года, мястэчка адышло да буржуазнай Польшчы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР статус паселішча паніжаны да вёскі Удзелаўскага сельсавета Дунілавіцкага, а з 1960 года Глыбоцкага раёна.

У нямецка-фашысцкую акупацыю ў навакольных лясах дзейнічаў партызанскі рух. Дзесяці землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, усталяваны помнік. 

У Мосары працуюць вытворчы ўчастак УП «За Радзіму», ААТ «Мосарлён», фермерскія гаспадаркі, культурна-дэндралагічны комплекс. Вёска ўваходзіць у турыстычны маршрут Паазер’я.



ПОБАЧ з ажыўленай аўтатрасай, што вядзе да Браслаўскіх азёр, шостае стагоддзе адлічвае глыбоцкая вёска Мосар. Неаднойчы даводзілася бываць там, сустракацца з жыхарамі і неардынарным ксяндзом Юозасам Булькай. Дзякуючы яго ініцыятывам Мосар стаў сапраўднай Меккай для турыстаў. «Сельская газета» неаднаразова расказвала пра плённую дзейнасць святара. 

Дзевяць гадоў таму Юозаса Булькі не стала. Пахаваны ён на цвінтары побач з касцёлам Святой Ганны, у якім служыў да апошняга дня. Удзячныя парафіяне стварылі музей, прысвечаны адданаму справе ксяндзу. 

Нявестка Настасся, сын Сяргей і ўнукі Іі і Іосіфа ЛАЎРЫНОВІЧАЎ

Старшыня Удзелаўскага сельвыканкама Віктар Карман, з якім адправіліся вандраваць, задаволены, што Мосар карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў. Віктар Казіміравіч памятае, як выглядала вёска тры дзесяцігоддзі таму, калі ён узначаліў сельсавет, што аб’ядноўвае 35 населеных пунктаў. 

На вачах старэйшыны вёскі Марыны Ткачонак мяняўся воблік Мосара. Працуе яна экскурсаводам у культурна-дэндралагічным комплексе, адкуль і пачалася наша вандроўка. Казачным выглядае пакацісты схіл узгорка вакол касцёла Святой Ганны. Скульптурныя кампазіцыі на біблейскія тэмы ўпрыгожваюць ландшафт. Па абсаджанай вяргінямі сцяжынцы падышлі да этнаграфічнага музея, размешчанага ў былым свірне. У экспазіцыі — прылады сялянскай працы і бытавыя рэчы мінулых часоў, якімі карысталіся мясцовыя сяляне. Сабраны рэчы ў навакольных вёсках. Будынак акружае парк. У ніжняй частцы яго выкапана сажалка, праз якую перакінуты рамантычны масток. Сярод розных экзатычных раслін вадаёма прыжыўся лотас.

Старэйшына Мосара Марына ТКАЧОНАК у музеі ксяндза Булькі

Расліннасць культурна-дэндралагічнага комплексу даглядае Кацярына Лапухіна. Муж Сяргей Алегавіч працуе ў Новаполацку. У сям’і падрастае дачушка Міраслава. Жывуць маладыя ў адным доме з бацькамі. Плануюць пабудаваць дом.

Прыкасцёльны пагорак упрыгожвае копія вядомай скульптуры Мікеланджэла «Аплакванне Хрыста». Побач з ёю яшчэ адна копія — вільнюскай Вострай Брамы з вобразам Маці Боскай Вострабрамскай. Перад храмам усталяваны першы на беларускай зямлі помнік Папе Рымскаму Іаану Паўлу II.

Ксёндз МАРАТ і старшыня сельвыканкама Віктар КАРМАН

Праз каменную браму ўвайшлі ў пакрыты брукам дворык святыні. Трэцяе стагоддзе адлічвае касцёл Святой Ганны. У гады масавага атэізму храм стаяў зачынены. Пасля аднаўлення ўражвае прыгажосцю. Вернікі едуць сюды не толькі пакланіцца мошчам святога Іусціна, а і дапамагчы добраўпарадкаваць тэрыторыю. Талакою ўсталёўвалі на гары 26-мятровы крыж. Сельгаспрадпрыемства «За Радзіму», ААТ «Мосарлён» дапамагалі тэхнікай, лесагадавальнікі — саджанцамі для дэндрарыя. Камянямі абуладзілі гаючыя крыніцы, што б’юць з-пад зямлі па шляху «Святога ружанца».

У плябані нас ветліва сустрэў ксёндз Марат. Прыехаў ён з суседняга Браслаўскага раёна. Актыўна супрацоўнічае з культурна-дэндралагічным комплексам, які ўзначальвае Сяргей Лаўрыновіч. Спецыяльную адукацыю ён атрымаў у Полацкім дзяржаўным лясным каледжы. Вярнуўся дамоў, займеў сям’ю. З жонкаю Настассяй Уладзіміраўнай выхоўваюць чацвярых дзяцей. 

Пакупнікоў абслугоўвае прадавец Ганна МУРЗІЧ

З дапамогай дзяржавы Лаўрыновічы выкупілі прасторны дом і рыхтуюцца да перасялення. Пакуль жывуць з бацькамі пад адным дахам. У іх вялікі агарод і садок. Каля хлеўчыкаў стаяла два трактары. На мотаблоку пад’ехаў з лугу гаспадар падворка Іосіф Францавіч. Да выхаду на пенсію ён працаваў механізатарам у сельгаспрадпрыемстве. Цяпер, калі больш вольнага часу, дапамагае сыну. Разам з жонкай Іяй Канстанцінаўнай займаюцца ўнукамі. Прызвычайваюць іх да сялянскай працы. Раней Лаўрыновічы трымалі карову. Цяпер на падворку свінні, куры. 

У вёсцы засталося тры дзясяткі кароў. Састарэлым цяжка іх даглядаць, а моладзь прадукты набывае у магазіне. Раней у Мосары было дзве сельпоўскія крамы. Глыбоцкі райспажыўсаюз не вытрымаў канкурэнцыі, і яны закрыліся. Гаспадар адной з крам, што на ўскрайку вёскі, — індывідуальны прадпрымальнік. Стаіць гандлёвы будынак на высокім падмурку. Састарэлым цяжка адолець высокія прыступкі, не гаворачы пра адсутнасць пандуса. Зайшлі ў магазін, дзе пакупнікоў абслугоўвала прадавец Ганна Мурзіч. Памяшканне напаўняў пах свежаспечанага хлеба, выкладзенага на паліцы. У вітрынах красаваўся багаты выбар харчовых тавараў.

„Рабочая культурна-дэндралагічнага комплексу „ Кацярына ЛАПУХІНА

Ад магазіна праехалі па галоўнай вуліцы вёскі каля пустуючага будынка былой базавай школы. Старшыня сельвыканкама заклапочаны, каб адкрыць у ім дом інвалідаў. Мосарскіх школьнікаў і выхаванцаў дзіцячага сада возяць на спецыяльным аўтобусе у суседні аграгарадок Удзела. Дырэктар дзіцячага сада — сярэдняй школы Валянцін Шыпко, з якім сустрэліся, з прыемнасцю адзначыў, што вучнёўскі калектыў папоўніўся 15 першакласнікамі. 

Для старшакласнікаў адноўлена прафесійная адукацыя. Яны авалодваюць спецыяльнасцю рабочага зялёнага будаўніцтва. Уводзіны ў сельскагаспадарчую прафесію выкладаюць настаўнікі Таццяна Лось, Дзмітрый Русін і Антаніна Шымко. Многія былыя выхаванцы школы працуюць у гаспадарцы: намеснік дырэктара Святлана Раманчук, галоўны аграном Уладзімір Пачкоўскі, механізатары Сяргей Сямашка, Віктар Дзямідка, браты Руслан і Раман Казулі, Ігар Туронак, жывёлаводы Галіна Курашэвіч, Кацярына Салодкая, Марына Петрага. 

Дырэктар Удзелаўскай сярэдняй школы Валянцін ШЫПКО з навучэнцамі

Перад прыгожым двухпавярховым школьным будынкам уразіў малады сад. Закладвалі яго вучні пад кіраўніцтвам настаўніцы Ліліі Брэхун. Яны перамаглі ў рэспубліканскім конкурсе, які праводзіў нямецкі Інстытут Гётэ. За прэміяльныя сродкі набылі саджанцы дэкаратыўных кустоў, руж, дрэў, будаўнічыя матэрыялы і стварылі «Сад Гётэ». Рамантычна ўпісаліся сярод дрэўцаў альтанка і лавачка. Суседнічаюць з садам векавыя дубы былой панскай сядзібы. 

Каларыт турыстычнага цэнтра надаюць Мосару рэшткі фальварка знатнага роду Пілсудскіх і дубовая алея палаца-паркавага комплексу графаў Бжазоўскіх. Вакол былых маёнткаў раскінуліся палеткі гаспадаркі «За Радзіму».

Другакласнікі Вераніка ГІЛЬ і Арцём ШЫМКО віншуюць з Днём ведаў настаўніцу Святлану ВАЙЦЮЛЯН

ПЕРШЫМ кіраўніком калгаса, арганізаванага ў пасляваенны час, быў тутэйшы Мамент Пархімовіч. Дачка яго Алена Балай — старажыл Мосара. З кавенькаю выйшла яна на ганак дома, акружанага старымі яблынямі. Да выхаду на пенсію працавала ў вясковым магазіне. Муж узначальваў калгасную партарганізацыю. Аўдавелую Алену Маментаўну наведваюць сын Анатоль, нявестка Ала, унук Яўген. Дачка Вольга пасля заканчэння медінстытута працуе ўрачом у Маскве. Кожнае лета прыязджае з сям’ёю да маці. 

Узгадала Алена Маментаўна, як усёй вёскай шчыравалі на калгасных палях, сенажацях. Гаспадарку аб’ядналі з УП «За Радзіму». У Мосары засталася малочна-таварная ферма. Летась ад кожнай з 400 дойных кароў атрымана каля пяці тысяч кілаграмаў малака. Намеснік дырэктара УА «За Радзіму» Святлана Раманчук упэўнена, што сёлета жывёлаводы фермы возьмуць пяцітысячны рубеж па надоях. 

Удалым выдаўся год для хлебаробаў гаспадаркі. Кожны з 1383 гектараў даў звыш 30 цэнтнераў збожжа. Намалочана амаль 4500 тон збажыны. Звыш тысячы тон зерня на рахунку камбайнера Сяргея Сямашкі. Адразу пасля жніва механізатар Віктар Паўловіч на трактары «МТЗ-3522» пачаў рыхтаваць глебу пад сяўбу азімых культур. На 340 гектарах пасеяны азімы рапс.

Супрацоўніца культурна-дэндралагічнага комплексу Вольга НАСКО.

Славіцца Мосар ільнаводамі. Звыш 60 працаўнікоў на ААТ «Мосарлён», якім кіруе Віктар Кейзін. З тысячагектарнай плошчы завяршаюць уборку льну. Ільнотрасту зараз перапрацоўваюць у дзве змены. Гэта прадпрыемства — адно з лепшых сярод ільнозаводаў Віцебшчыны. Майстар Людміла Дулінец узгадала, што раней, калі аб’ёмы сыравіны былі большыя, працавалі ў тры змены. 

Побач з ільнянымі палеткамі ўгоддзі фермера Віктара Барысава. На сотні гектараў вырошчвае ён збожжавыя, бульбу, кармавыя культуры. Паспяхова развіваюцца і суседнія фермерскія гаспадаркі Андрэя Ластаўкі, Аляксандра Мяжэніна, Рамуальда Пятроўскага. Застаўся верным родным мясцінам Андрэй Барысаў. Для сваёй вялікай сям’і, у якой шасцёра дзяцей, пабудаваў у Мосары двухпавярховы дом. Дзяржава фінансава падтрымала льготным крэдытам.

СТАРШЫНЯ сельвыканкама Віктар Карман занепакоены, што часцей, чым узводзяцца новыя дамы, даводзіцца зносіць пакінутыя пабудовы. За апошняе дзесяцігоддзе тэрыторыя сельсавета паменшала на сотню падворкаў. На аўкцыён, які плануецца правесці праз месяц, выстаўлены 6. Пакуль заявак на іх не паступала.



Вуліцы Мосара забудаваны пераважна абшытымі пафарбаванай вагонкай драўлянымі дамамі. Дагледжаныя агароды з даспелымі гарбузамі і сланечнікамі, сады. У палісадніках палаюць рознымі колерамі асеннія кветкі.

Старшыня Глыбоцкага райсавета дэпутатаў Галіна Унуковіч пераканана, што Мосар — не толькі рэгіянальны, але і значны культурны цэнтр рэспублікі. Багатая спадчына ўздзейнічае на пачуцці, розум і думкі чалавека. У раёне заклапочаны перспектывай развіцця як культурнай сферы, так і стварэннем працоўных месцаў. З гэтай мэтай вышукваецца інвестар для мадэрнізацыі льнопрадпрыемства, плануецца пашырэнне магутнасцей малочна-таварнага комплексу. 

ПЯЦЬ гадоў таму Мосар адзначыў 500-годдзе з дня заснавання. У гонар падзеі ўсталявалі памятны камень. Побач з ім пад густымі шатамі высокага дрэва прытуліўся драўляны кіёск з сувенірамі. Гаспадыня яго Вольга Наско да выхаду на пенсію ўзначальвала сярэднюю школу ў аграгарадку Удзела. Ксёндз Булька запрасіў яе праводзіць экскурсіі. Вольга Мікалаеўна не толькі расказвае пра гісторыю ўнікальнай вёскі, але і прапануе гасцям вырабы народных умельцаў. З арыгінальным сувенірам, атрыманым у падарунак, пакідаў я Мосар, які па праве можна параўнаць з французскім Версалем.

Глыбоцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter