Дудары з розных рэгіёнаў краіны і замежжа парадуюць глыбачан гучаннем старажытнага інструмента
28.04.2017 14:56:27
Вялікую ролю ў вяртанні дударскіх традыцый адыграў і працягвае адыгрываць міжнародны фестываль “Дударскі фэст”, які ладзіцца ў Мінску з 1992 года. Таму глыбоцкі фестываль — не першы, прысвечаны гэтаму старажытнаму музычнаму інструменту. Аднак ён першы, дзе будуць прадстаўлены дударскія традыцыі рэгіёнаў розных краін — у фестывалі прымуць удзел дудары з розных мясцовасцей Чэхіі, Польшчы, Бельгіі, Шатландыі. Распачнецца свята на Алеі знакамітых землякоў у Глыбокім ля бюста Ігната Буйніцкага — заснавальніка прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатра, які ўключыў у сваю трупу музыку-дудара. Пасля гэтага адкрыецца выстава “Дуда ў літаратуры”, якая прадставіць кнігі беларускіх класікаў, дзе згадваецца гэты народны інструмент. Таксама запланаваны прэзентацыя экспазіцыі “Велікапольскія дуды ў XXI стагоддзi” з познаньскімі экспанатамі і выступленне ў санаторна-курортным комплексе “Пліса”.
На другі дзень фестывалю адбудуцца музычная прагулка па культурна-дэндралагічным парку ў вёсцы Мосар, выступленне дудароў у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Удзела і, нарэшце, гала-канцэрт на галоўнай сцэне Глыбокага, які пазнаёміць шырокае кола слухачоў з музычнымі, фальклорнымі і танцавальнымі традыцыямі розных рэгіёнаў краіны.
mila@sb.by