Мара адна — шчасце дзяцей
23.07.2011
Нашы маці выхоўвалі нас сапраўднымі грамадзянамі сваёй Радзімы
Пра нашых маці можна расказваць бясконца, і ўсё роўна гэта будзе недастаткова і далёка не ўсё. На жаль, шчыра прызнаемся самі сабе, у далёкім дзяцінстве не заўсёды мы па-сапраўднаму цанілі іх бязмежную любоў, дабрыню, ласку і клопат. А нашы маці сціпла і часам зусім непрыкметна выконвалі надзвычай пачэсную і адказную працу — выхоўвалі нас сапраўднымі грамадзянамі сваёй Радзімы.
Упэўнены, што кожны з нас трымае ў сваёй памяці і сэрцы мноства прыкладаў менавіта такой шчырасці, самаадданай мацярынскай заклапочанасці і спагады. Асабіста ў мяне такі хвалюючы ўспамін — першы школьны ўрок адразу ж пасля вайны. Мая маці Алена Антонаўна ў Першую сусветную вайну была ў бежанцах пад Царыцынам. Там навучылася чытаць, і калі вярнулася дамоў, ведала на памяць шмат вершаў рускіх паэтаў. Яна чытала іх мне замест калыханак доўгімі зімовымі вечарамі. А ў чатырохгадовым узросце, дзякуй маці, я ўжо ўмеў чытаць сам. І калі яна праводзіла мяне ў першы клас, некалькі разоў наказала: «Сынок, прачытай на першым уроку верш пра беднага хлопчыка, які дзякуючы вучобе выбіўся ў людзі». Яна мела на ўвазе знакаміты верш Някрасава. Той верш ад маці я ведаў на памяць і шпарка прачытаў яго на ўроку, за што настаўніца вельмі мяне пахваліла. Ах, як рада была маці такому майму добраму школьнаму пачыну…
З якой нагоды аўтар вырашыў расказаць пра маці, падумаюць некаторыя чытачы. Зрэшты, нагода ёсць.
У гэтыя дні адзначае свой 85-гадовы юбілей адна з многіх тысяч беларускіх сялянак, на якіх мы павінны маліцца і кланяцца ім нізка ў пояс. Марыя Станіславаўна Уладыка родам з вёскі Мацькаўцы Вілейскага раёна. Сама яна лічыць сябе вельмі шчаслівай і багатай. У Марыі Станіславаўны — 27 дзяцей, унукаў і праўнукаў. Асабліва яна ганарыцца сынамі. Старэйшы Віктар сем гадоў запар працаваў старшынёй Белспажыўсаюза ў самы цяжкі для гэтай галіны час. Аляксандр — доктар медыцынскіх навук, вядомы вучоны, прызнаны за мяжой. Станіслаў працуе ў сельскай гаспадарцы ветурачом. Дачка Ірына — педагог. А самы малодшы Юрый — стаматолаг.
— Мы, дзеці, толькі калі сталі дарослымі, зразумелі і ацанілі тую навуку выхавання, якой дасканала валодалі нашы бацька Станіслаў Іосіфавіч і маці Марыя Станіславаўна, — расказвае Віктар Уладыка. — Праца з маленства і асабісты прыклад — вось і ўся методыка. Бацька — шафёр у калгасе, маці — у жывёлагадоўлі. Як мнагадзетная, яна мела поўнае права ісці на пенсію ў 50 гадоў. Адмовілася і працавала да 66-гадовага ўзросту. Чым вытлумачыць такое рашэнне? Ды ўсё тым жа: у характары нашых беларускіх сялянак — усюды паспець, зрабіць як мага больш і ў грамадскай гаспадарцы, і дома, на сваёй сядзібе, каб перад вяскоўцамі было не сорамна.
Раніцай маці вярталася з фермы, рыхтавала нам сняданак, мы ішлі ў школу, а яна — за працу. Дык колькі ж у нашай мамы было ў суткі рабочых змен? Выходзіць, тры. Мы нават не бачылі, калі яна спала.
Безумоўна, прыклад такой адданасці працы знаходзіў водгук у дзіцячых сэрцах і свядомасці. І цяпер памятаю свой першы рабочы дзень: мне, сямігадоваму хлапчуку, далі ў руку пугу і даверылі быць падпаскам. Гойсаць па вуліцы асабліва не было часу, на мяне, старэйшага сына, у сям’і глядзелі як на падрастаючага памочніка.
Пасля смерці бацькі маці засталася адна, і колькі мы яе не ўгаворвалі пераехаць да каго-небудзь з нас, не захацела, — працягвае Віктар Станіслававіч. — «Як жа можна? — гаварыла. — Тут наша роднае гняздо, нельга яго пакідаць…»
І толькі калі цяжка захварэла і два месяцы праляжала ў бальніцы, аслабела сказала: «Усё, дзеткі, больш не магу адна на сваёй гаспадарцы. Хачу бліжэй да вас, толькі не ў горад». Мы ёй і купілі за выручаныя ад продажу нашай пабудовы ў Мацькаўцах невялікую хатку непадалёку ад Мінска.
Як жанчына, якая выхавала пяцярых дзяцей, Марыя Станіславаўна ўзнагароджана медалём Мацярынства. Як добрасумленная, руплівая калгасніца-сялянка — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Ах, маці, маці! Вашы добрыя вочы, цёплыя ўсмешкі, густыя маршчынкі на твары, вашы натруджаныя рукі, якія столькі здзяйсняюць на нашай роднай зямлі. Ваша бязмежная любоў, спагада і ласка да сваіх дзяцей… Ну хіба ж вы не святыя?..