Чым адкажуць разьбяры на найвялікшую лыжку ў свеце?
20.06.2016 21:26:37
ЗВЫЧАЙНАЯ драўляная лыжка карміла не адно пакаленне беларусаў, па ёй можна прасачыць гісторыю развіцця грамадства і адметныя рысы нашай культуры. Бярэзінскі майстар і супрацоўнік мясцовага раённага Цэнтра рамёстваў Яўген Восіпаў зрабіў гэты просты прадмет сапраўдным творам мастацтва, якому нават прысвечаны асобны музей. “СГ” пісала пра прэзентацыю яго новай задумы — самай вялікай у свеце драўлянай лыжкі-“цмока” даўжынёй больш за 23 метры.
Вывучаць майстэрства разьбяроў па дрэве карэспандэнты “СГ” накіраваліся ў вёску Жорнаўка Бярэзінскага раёна на абласное свята-конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры “Сонечная цеплыня дрэва”.
ДВА тыдні пад адкрытым небам звінелі пілы: 12 удзельнікаў пленэру завіхаліся з ранку да вечара. Усе майстры — мужчыны. Творчае заданне? Скульптура абавязкова павінна быць звязана з лыжкай, аднак у кожнага мастака — сваё бачанне. Так, гаспадар мерапрыемства Яўген Восіпаў вырашыў стварыць выяву старога майстра-лыжкара. Леанід Сянько са Стаўбцоўскага раёна звычайна спецыялізуецца на мядзведзях. Таму і на конкурсе задумаў ажывіць бярэзінскага мядзведзя з асіны, хоць звычайна працуе з ліпай і дубам.
Святаслаў Няхайчык з Мінска прэзентаваў “Крыніцу жыцця”: у ёй перапляліся вобразы рэчкі і дзяўчыны, ёсць узгадка і пра мясцовую славутую гісторыю, бо па Бярэзіне ў даўнія часы праходзіў шлях з варагаў у грэкі. А вось майстар з пасёлка Івянец Валожынскага раёна Мікалай Зарэйка выбраў для натхнення іншы сімвал горада Беразіно — лісу. Юрась Камандзірчык з курортнага пасёлка Нарач назваў сваю працу “Пачастунак”, выглядае яна як волат, што замахваецца булавой на ворага. Гэта своеасаблівы адказ на гіганцкую бярэзінскую лыжку, падобную да цмока.
Майстар Святаслаў НЯХАЙЧЫК з «Крыніцай жыцця»
Майстар Святаслаў НЯХАЙЧЫК з «Крыніцай жыцця»
— Па паданнях, гэтыя міфалагічныя істоты заўсёды рабавалі людзей, забіралі ўсе скарбы, — тлумачыць майстар. — Але ў нас на Беларусі заўсёды былі і змагары з нячыстай сілай: Пакаці-Гарошак, Вярнідуб. Таму лыжка ў руках героя больш нагадвае булаву — “пачастунак” для цмока.
У сваіх працах, што ўпрыгожваюць Мядзельскі раён, разьбяр любіць звяртацца да беларускіх казак і легенд. Яго героі — заўжды пазітыўныя, нават Баба-яга выклікае спачуванне — яе выяву майстар назваў “І дзе мае 17 гадоў?”
У ЧАС пленэру разьбяры не хаваюцца — паказваюць адзін аднаму новыя тэхналогіі, інструменты. Ці ёсць попыт на іх вырабы? Тут меркаванні не супадаюць. Як высветлілася, цікаўнасць да драўляных скульптур у асноўным праяўляюць гаспадары аграсядзіб і турыстычных комплексаў, ёсць попыт на драўляную мэблю і садовыя скульптуры. Еўрарамонты зараз не ўсім даспадобы — многіх вабяць натуральныя матэрыялы, у першую чаргу дрэва. Пераўтварыць у мастацкі твор можна і спіл старога дуба, і просты корч — усё залежыць ад фантазіі.
Яўген ВОСІПАЎ стварае новы арт-аб`ект
Яўген ВОСІПАЎ стварае новы арт-аб`ект
Выконваючая абавязкі дырэктара Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў Іна Хвашчэўская адзначыла, что лепшую работу па выніках свята-конкурсу не выбіралі — усе адзначылі прызамі. Новыя скульптуры ўпрыгожаць раён. Іна Валянцінаўна зазначыла, што лыжка можа стаць найлепшым сувенірам і брэндам мясцовасці, а можа і ўсёй вобласці і нават рэспублікі, зацікавіць турыстаў. Мясцовыя традыцыйныя прыёмы вырабу і афармлення гэтага прадмета беражліва захоўваюць і перадаюць дзецям. А мясцовыя падлеткі з радасцю робяць сэлфі на фоне самай вялікай у свеце лыжкі. Мы таксама не ўтрымаліся ад спакусы зрабіць фота з “цмокам”. Калі яе статус афіцыйна прызнаюць прадстаўнікі Кнігі рэкордаў Гінеса, можа, і сапраўды Беразіно стане Мекай для замежных вандроўнікаў?
yasko@sb.by