“Лажуся я спаць, даю Богу знаць...”
16.09.2009 18:26:00
Бяссоніца. У народным асяродку лічылі, што чалавек мог пазбавіцца сну, таму што ў хаце пасяліліся нячысцікі жаночага роду: Начніцы, Паўночніцы, Будзіхі і г.д.
Каб дапамагчы чалавеку, які знямог ад бяссонніцы, народныя лекары раілі:
— не класціся спаць без малітвы, не перахрысціўшыся;
— пад падушку ці ў калыску дзіцяці пакласці асвечаную ў храме на Тройцу зеляніну;
— у вушакі дзвярэй уткнуць галінкі асвечанай вярбы;
— абкурыць ложак кменам або кропам;
— адным з эфектыўных сродкаў ад бяссонніцы лічыцца падушка, набітая курыным пер’ем з чужых падворкаў.
А яшчэ ў народзе добра ведалі, каб не “перадаць” сон са сваёй хаты, нельга:
— аддаваць пасля заходу сонца хлебную лапату і жар са сваёй печы;
— люляць пустую калыску;
— пакідаць на ноч мокрыя пялёнкі ці адзенне на двары;
— ваду, якая засталася пасля купання дзіцяці, выліваць на двор (яе трэба выліваць пад пладаносныя дрэвы: пасля купання хлопчыка — пад яблыню, пасля купання дзяўчынкі — пад вішню або грушу).
Акрамя гэтага ў народзе было шмат замоў на добры сон. Іх неабходна было чытаць перад сном і пасля гэтага ўжо ні з кім не размаўляць. Мы прывядзём некалькі прыкладаў такіх замоў.
“Нашнік-нашнік, жалезны сашнік, адкуль прыйшоў, туды пайшоў, адкуль прыехаў, туды паехаў, адкуль прыляцеў, туды паляцеў. За марамі, за балатамі зарэзалі сем кабаноў, сем бараноў, сем бугаёў. Там кухары гатавалі, скрыпачы ігралі, з раба (імя) нашнікі знімалі”.
“Лажуся я спаць, даю Госпаду Богу знаць. Кіеў у гарах, святая Божая Маці Прачыста ў галавах, янгалкі па баках. Янгелы, мае храніцелі, сахраніце маю душу з поўначы да поўначы, з свету да свету, з веку да веку. Стойця пры мне — што вам, тое й мне”.
Каб знайсці паратунак ад бяссоніцы, рабілі так. Падыходзілі да акна, стукалі па шыбе сагнутымі пальцамі і гаварылі:
“Гасподзь неба бласлаўляе, раб (імя) засынае.
Гасподзь зямлю бласлаўляе, раб (імя) засынае.
Гасподзь душу бласлаўляе, раб (імя) моцна спіць.
Амін. Амін. Амін”.