Ліпічанскі Сусанін
28.05.2014 08:54:00
Вёску Чырвоны Бор, што на Дзятлаўшчыне, абступіла з усіх бакоў пушча. Нават сёння хаты ў гэтых мясцінах не сціснуты заасфальтаванымі вуліцамі і шчыльнымі суседскімі агароджамі, а ў даваенныя часы ўвогуле ў гэтай лясістай мясцовасці, дзе ў ліхалецце разгарнулася партызанская барацьба, жыло шмат хутаран. Адзін з хутароў, які належаў Філідовічам, увайшоў у гісторыю. Менавіта тут, у гушчары Ліпічанскай пушчы, Іосіф Юр’евіч Філідовіч паўтарыў подзвіг знакамітага Івана Сусаніна, аб якім ён, звычайны селянін, бадай што і не ведаў. Ліпічанскім Сусаніным назавуць яго пасля пакутніцкай смерці людзі.
Крывавы след карнікаў
У лясах партызанскай Ліпічанскай пушчы вайна пакінула адмеціны. У многіх вёсках сёння тут помнікі, манументы з імёнамі загінуўшых. Партызаны бачыліся фашыстам амаль у кожным мясцовым жыхары. Яшчэ жывуць у гэтых вёсачках людзі, у якіх дзяцінства было апалена вайной, якія да глыбокай старасці памятаюць яе жудасны страх. У пушчы, дзе дыслацыравалася Ленінская партызанская брыгада, карнікі пакінулі крывавы след. Усе жыхары партызанскай вёскі Вялікая Воля — 364 чалавекі — расстраляны, у вёсцы Гарадкі забілі 300 мірных жыхароў, загінулі ад іх крывавых рук 142 жыхары Трахімавічаў, 99 — Дубраўкі, пацярпелі ад карнікаў і жыхары іншых вёсак.
У снежні 1942 года немцы арганізавалі жорсткую блакаду партызанаў. Самалёты бязлітасна бамбілі партызанскую зону, карнікі прачэсвалі лясы. На хутары, дзе жыў з сям’ёй Іосіф Філідовіч, чуліся выбухі, калі фашысты бамбілі пераправы на Нёмане і Шчары. У пушчы знаходзіўся партызанскі шпіталь. Іосіф Юр’евіч ведаў, як туды трапіць, паколькі быў сувязным Ленінскай брыгады і сам паказаў партызанам востраў сярод непраходнай дрыгвы, дзе можна было схаваць раненых.
Адпусціце іх
“Моцнае груканне ботаў у дзверы прымусіла здрыгануцца. У чорных бліскучых плашчах, у стальных касках у хату ўварваліся фашысты. Філідовічаў хутар акружылі карнікі. Больш як трыста фашыстаў накіраваліся да бліжэйшых хутароў. Усіх, хто знаходзіўся ў хаце, — пажылога Іосіфа Юр’евіча, нявестку і ўнука — выгналі на двор. Афіцэр загадаў паставіць іх да сценкі. Так і стаялі некалькі хвілін. Было зразумела: нехта выдаў.
— Выбірай, стары, або ты пакажаш, дзе шпіталь, або ім смерць, — сказаў перакладчык.
Філідовіч маўчаў. Тады фашысты накіравалі аўтаматы на нявестку і ўнука, які шчыльна прыціснуўся да маці... Хлопчыка білі моцна, затым накінулі пятлю на шыю і, сагнуўшы бярозу, канец вяроўкі прывязалі да верхавіны. Зноў білі. І так некалькі разоў, імітавалі павешанне. І ўсё гэта на вачах у дзеда.
— Адпусціце іх, — нарэшце ціха сказаў Іосіф Юр’евіч, — яны ж нічога не ведаюць. Я правяду вас у шпіталь.
Акінуўшы развітальным позіркам хату, ён адправіўся разам з атрадам карнікаў, каля трох соцень чалавек, у пушчанскі лес”. Так з успамінаў унука Фёдара будуць потым адлюстраваны тыя трагічныя падзеі.
Толькі аднаму пушчанскаму хутараніну тады было вядома, што пасля блукання па гушчары ён павядзе фашыстаў у непраходную багну. У дрыгву праваліліся коні і падводы з мінамётамі, не выбраліся і ворагі. А вясной 1943 года цела сувязнога Філідовіча знайшлі партызаны. Яно ляжала за дзесяць кіламетраў ад шпіталя — у супрацьлеглым баку. У патыліцы — дзве кулявыя раны...
Памяць у вёсцы жывая
У пушчанскіх лясах род Філідовічаў жыў спакон вякоў. Зараз у вёсцы Чырвоны Бор засталася толькі адна жанчына з той сям’і — Яўгена Філідовіч. Звілі ў розных месцах ужо свае гнёзды шматлікія праўнукі Іосіфа Юр’евіча.
— Аб Філідовічах людзі заўсёды адзываліся як аб працавітых людзях. Жылі на хутары, адасоблена, спадзяваліся толькі на свае рукі, трымалі вялікую гаспадарку і радаваліся таму, што дасць пушча, — грыбам, ягадам. Іосіфа Юр’евіча паважалі як мудрага чалавека. Казалі, што яго слова ў сям’і заўжды было законам, — успамінае Яўгена Уладзіміраўна. — На тым радавым хутары, дзе калісьці жыў Іосіф Юр’евіч, мы з мужам Анатолем, які прыходзіўся яму ўнукам, пачыналі нашу сям’ю. Там нарадзіліся дзве з чатырох дачок. Толькі потым у вёсцы набылі сваю хату.
Дарэчы, яна 38 гадоў аддала працы настаўніцы, у тым ліку ў мясцовай школе, а зараз людзі абралі Яўгену Філідовіч старастай вёскі.
— Сёння ўжо і вёска наша не тая, лічаныя жыхары засталіся. Але, як прынята спакон веку у пушчанскіх жыхароў, жывём адной сям’ёй. Дапамагаем чым можам адзін аднаму, — расказвае жанчына.
Мы ідзём праз невялікую вёсачку, схаваную сярод пушчанскіх лясоў, на месца, якое звязана з імем ліпічанскага Сусаніна.
— А каб вы пераканаліся, што пучшане людзі дружныя і клапоцяцца пра памяць продкаў, давайце заглянём на могілкі, яны тут, побач, — неспадзявана прапаноўвае Яўгена Уладзіміраўна.
Сапраўды, дзеля таго, каб лепш зразумець жывых, трэба пабачыць, як яны захоўваюць памяць аб памерлых. У Чырвоным Бары ўсе як адна магілкі з любоўю прыбраныя, агароджаныя.
— Збіраемся два разы ў год вяскоўцы з суседняй Яблынькі і ўсе, хто можа, нягледзячы на ўзрост, штогод прыводзяць гэтае дарагое для кожнага з нас месца ў парадак. А колькі тут стаяла машын у Радаўніцу! Нават здалёк з’язджаліся. Чужыя магілкі мы таксама не мінаем, прыбіраем, калі чыя радня прыехаць не можа. Як стараста вёскі я вельмі ўдзячная нашым людзям, — прызнаецца Яўгена Уладзіміраўна.
А вось і той самы камень, на якім землякі ўвекавечылі памяць пра ліпічанскага Сусаніна. “Тут на хутары ў Ліпічанскай пушчы нарадзіўся і пражываў Іосіф Юр’евіч Філідовіч, які ў снежні 1942 года паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна”, — чытаю надпіс.
— Вёска наша ажывае летам, калі з’язджаюцца сюды на чыстае паветра ўнукі і праўнукі. І мая сям’я збіраецца. Дзе ж, як не ў роднай пушчы, ім набірацца сілы, — кажа Яўгена Уладзіміраўна.
А калі вёска жывая, не зарасце сцежка і да гэтага сціплага помніка земляку з мужным сэрцам.