Куфэрак Радзiвiлаў адкрывае свае багаццi
19.05.2004
Ужо дзевяты год фестываль ладзіцца Міністэрствам культуры, Мінскім аблвыканкомам, Нясвіжскім райвыканкомам, Дзяржаўным канцэртным аркестрам Беларусі ды Беларускім дзяржаўным інстытутам праблем культуры. Падумаць толькі! Тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якiя пайшлі ў першы фестывальны год у першы клас, сёлета заканчваюць дзевяты, а тагачасныя дзевяцікласнікі ўжо, пэўна, гадуюць сваіх дзяцей! Захопленасць класічнай музыкай, менавіта беларускай, той, што стваралася на гэтых землях, і той, якая была ўключана ў арэал тых палацаў і сядзіб, што сталі цэнтрам еўрапейскай культуры, выхавалі аўдыторыю дасведчаных аматараў, кола паклоннікаў, якія з нецярплівасцю чакаюць галоўнай музычнай падзеі года і перапаўняюць залу Нясвіжскага цэнтра культуры і адпачынку.
Канцэрт першага дня фестывалю быў названы вельмі трапна: “Музычны куфэрак Радзівілаў”, і прысвячаўся ён самым вядомым мецэнатам мінулага – роду Радзівілаў, намаганнямі якіх Нясвіж стаў называцца маленькім Парыжам. У канцэрце прагучалі творы як саміх Радзівілаў-музыкантаў, так і іншых блізкіх да іх славутых майстроў. Дастаткова сказаць, што сяброўства з Радзівіламі падтрымлівалі Гайдн, Бетховен, Мендэльсон, Шапэн... Гэта пацвярджаюць перапіска, нотныя матэрыялы, архіўныя сведчанні. Куфэрак Радзівілаў быў надзіва багаты, таму і фестывальныя канцэрты ўразілі разнастайнасцю і высокай мастацкай якасцю ўключаных твораў. І складальнікі праграм, і выканаўцы, сярод якіх камерныя калектывы, што працуюць у складзе Дзяржаўнага канцэртнага аркестра, — камерны аркестр пад кіраўніцтвам Валерыя Сарокі, ансамбль флейтыстаў “Сырынкс” пад кіраўніцтвам Ніны Аўраменкі, салістаў на драўляных духавых інструментах (кіраўнікі Барыс Нічкоў і Генрых Гедыльтэр), ансамбль трубачоў “Інтрада” (кіраўнік Мікалай Волкаў), — праявілі высокае майстэрства, густ, дакладнае адчуванне стылю музыкі.
Трэба падкрэсліць, што ўсе гэтыя калектывы унікальныя, могуць стаць гонарам любой музычнай культуры.
І тут нельга не сказаць аб той вялізнай працы па пошуку і рэстаўрацыі музычных твораў, якія многія гады ляжаць у архівах, бібліятэках. Пошуку музычных рарытэтаў прысвяціла сваё навуковае жыццё музыказнаўца, цяпер ужо доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзіёмава, адаптавалі творы для новага складу інструментаў аранжыроўшчыкі Андрэй Шпянёў, Генрых Гедыльтэр, Ларыса Ласоцкая. Вялікая творчая праца, якая падарыла слухачам радасць сапраўдных адкрыццяў. У канцэрты былі ўключаны п’еса Дусіка “Паляванне”, паланез Мацея Радзівіла пад такой жа назвай, уступ да балета Яна Голанда “Арфей і Эўрыдыка”. Упершыню на фестывалі прагучалі творы Мендэльсона і Гайдна...
Не менш багатым на адкрыцці быў і другі фестывальны канцэрт — “Выдатныя постаці”. Ён прысвечаны кампазітарам, творчасць якіх прыцягнула сёлета ўвагу грамадскасці. Гэта Міхаіл Ельскі, які 100 год таму пайшоў з жыцця, Станіслаў Манюшка, якому спаўняецца 185 год, Глінка, 200-гадовы юбілей якога адзначае музычны свет. Усе яны родавымі каранямі і творчасцю звязаны з беларускай зямлёй. Для мяне, напрыклад, было адкрыццём, што вялікі кампазітар, стваральнік першай рускай оперы “Іван Сусанін” мае родавыя карані на беларускай зямлі, а яго знакамітая “Камарынская” бытавала і дагэтуль бытуе ў беларускім асяродку як “Лявоніха па-даўнейшаму”, што даказвае даследаванне Вольгі Дадзіёмавай.
“Музы Нясвіжа” сталі адметнай з’явай грамадска-культурнага жыцця Беларусі. Фестываль збірае вакол сябе не толькі аматараў музыкі, але і навукоўцаў, мастакоў. Каторы год у імпрэзах фестывалю прымае ўдзел, напрыклад, дзіцячая студыя выяўленчага мастацтва Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода пад кіраўніцтвам Святланы Купрыянавай. Вядомасць гэтага калектыву ўжо перасягнула межы Беларусі. Літаральна на другі дзень пасля закрыцця фестывалю “Музы Нясвіжа” юныя мастакі, якія на гэты раз падарылі Нясвіжу цікавую калекцыю, прысвечаную Радзівілам, адпраўляюцца ў Германію...
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу развіцця малых гарадоў краіны, выкарыстання іх культурна-гістарычнага патэнцыялу для стварэння турыстычнага бізнесу. Такая праца ў Нясвіжы актыўна вядзецца. Складзена дзяржаўная праграма, актыўна (дзякуй богу!) вядуцца рэстаўрацыйныя работы ў палацы Радзівілаў. Да твару ўзноўленаму старажытнаму гораду будзе і фестываль “Музы Нясвіжа”, які заваяваў сталую папулярнасць у слухачоў.
Закрываючы IХ Беларускі фестываль камернай музыкі “Музы Нясвіжа”, маэстра Фінберг абвясціў аб пачатку падрыхтоўкі да Х юбілейнага фестывалю. А на пытанне «Ці надоўга хопіць матэрыялу для наступных фестываляў?» быў атрыманы адказ: “Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, Нясвіж быў знітаваны з шырокім колам еўрапейскіх краін, што дае вялікую прастору для пошуку і знаходак”.
P.S. А бэз – сімвал фестывалю. Ён усё ж прысутнічаў у аздабленні сцэны. Знайшлі мастакі галіны-прыгажуні. І бэзавы водар, ледзь адчувальны, вітаў у зале...