Зачем современному библиотекарю быть массовиком-затейником?

Кніга ў свет дарогу знойдзе, а бібліятэкі будуць жыць

У сучасным грамадстве існуе стэрэатып: навошта хадзіць у бібліятэку, калі можна ўключыць камп’ютар і знайсці там патрэбную інфармацыю, усё больш народу аддае перавагу кнізе электроннай. Якое чытво выбіраюць апошнія з магікан — верныя чытачы традыцыйнай друкаванкі? І нарэшце, чым дыхае сучасная бібліятэка, з якімі праблемамі сутыкаецца, чым камплектуе фонд і навошта яе супрацоўніку станавіцца масавіком — арганізатарам забаў? Гэту сітуацыю карэспандэнт «СГ» па паліцах расклала на прыкладзе Карэліцкага раёна.



    На Карэліччыне 15 бібліятэк і 14 395 чытачоў, гэта даволі прыстойны паказчык, калі браць у разлік, што ў раёне прыблізна 20 тысяч жыхароў. У сельскай мясцовасці храмы кнігі пераважна дзеляць памяшканні з Домам культуры або сельвыканкамам, іншыя ж — у асобных будынках, але ўсе камфортныя і з цэнтралізаваным ацяпленнем. Напрыклад, бібліятэка ў гарпасёлку Мір размясцілася ў рэстаўрыраванай старажытнай пабудове ля колішняга Сінагагальнага двара, дзе цяпер атэль «Мірскі пасад». Тут спыняюцца турысты з усяго свету, і бадай ніхто не абмінае ўстанову культуры.

    – Нядаўнія нашы госці — амерыканскія яўрэі. На вуліцы ліў дождж, і мы іх запрасілі да сябе схавацца. Тым часам тут было шмат дзяцей, якія ўзрадаваліся гасцям і задавалі многа пытанняў. Пашанцавала, што госці добра гаварылі па-руску. Дарэчы, адзін з іх вучыцца ў Бруклінскай ешыве — яўрэйскай вышэйшай духоўнай навучальнай установе, якая была заснавана ў мястэчку Мір, — узахвочаны цікавым гасцям бібліятэкары Таццяна Кулакоўская і Святлана Нячай.

Нядаўна ў Мір наведалася дэлегацыя бібліятэкараў з Эстоніі і па еўрапейскім праекце MOST для абмену вопытам запрасіла да сябе каманду калег з Карэліцкага раёна. У тамтэйшай кніжнай сферы прыемна здзіўляе мінімальная колькасць дакументацыі, ста­тыстыкі. Сэканомлены час трацяць на арганізацыю адпачынку наведвальнікаў. Эстонская бібліятэка — месца сустрэч, напрыклад, таты ў разводзе бяруць дзяцей на выхадныя і бавяць тут час.

Не толькі ў перайманні вопыту ўзбагачаюць свой багаж карэліцкія культработнікі, рэгулярна праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі ў Гродне. Гэта толькі здаецца, што работа ў іх простая: выпісаў кнігу — і баста. Насамрэч абавязкаў многа: каталагізацыя, апісанне кніг, справаздачы. Невыпадкова, у раёне праблема з кваліфікаванымі кадрамі.

— Вакансій не так шмат, у сельскай мясцовасці — дзве, між тым у адной з вёсак зусім няма бібліятэкара, наладзілі выязное абслугоўванне. У цэлым хочацца амаладжэння кадраў, бо сярэдні іх узрост 50 гадоў, — тлумачыць сітуацыю дырэктар раённай сеткі бібліятэк Лілія Арцюх.



— Калі бываю на размеркаванні, за маладых спецыялістаў літаральна б’юцца, — раскрывае праблему начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Санчук. — Заявак куды больш, чым кадраў. Каб вырашыць пытанне, гэтых спецыялістаў трэба выпускаць больш. І павялічыць заробак, тады ў прафесію ахвотна пойдуць, асабліва дзяўчаты.

Фінансавая праблема характэрная і ў цэлым для галіны. Каб яе вырашыць, не толькі ў Карэлічах, а па ўсёй Беларусі прыдумалі сістэму платных паслуг. У чым толькі не дапамогуць культработнікі: акрамя стандартных ксеракопіі, раздрукоўкі, брашуроўкі, выдаюць звесткі па прававой інфармацыі, вырабляюць імянныя магніты, календары.

Словам, сумаваць тут няма калі. Бібліятэка — месца культурных мерапрыемстваў, яе работнік — сапраўдны масавік — арганізатар забаў, вядзе рэй у аматарскіх аб’яднаннях, гуртках, калектывах, якіх у Карэліцкім раёне на любы густ і ўзрост. У Міры, напрыклад, акцэнт на дзяцей і пажылых, бо гэта асноўны тамтэйшы чытацкі кантынгент. Сябры аматарскага аб’яднання «Золотые годы» то вечар успамінаў правядуць, то захапленнямі дзеляцца, заседжваюцца падоўгу — і гэта найлепшы паказчык зацікаўленасці. У гісторыка-краязнаўчым аб’яднанні «Нашчадкі» дзеці вывучаюць гісторыю пасёлка, яго былыя і цяперашнія вуліцы, знакамітых людзей, дыяспары.

Яшчэ адна турбота бібліятэ­кара — псіхалагічная: выслухаць, даць параду. Некаторыя чытачы прыходзяць на паўдня, бо адзінокія і не хапае стасункаў. Яны нават кнігі з дыялогамі просяць, каб пагаварыць было з кім. А нехта па прычыне нездароўя і зусім не можа дабрацца, тады бібліятэкары самі прыносяць чытво дадому.

Добрая падтрымка для маланаселеных пунктаў раёна — бібліёбус, на Карэліччыне ён курсіруе па 10 маршрутах, за месяц у замацаваных за ім кропках бывае як мінімум двойчы. Жыхары раёна любяць чытаць.

— Цішыня ў мінулым, — аспрэчвае крызіс папяровых фарматаў Таццяна Кулакоўская. — У Міры 2200 жыхароў, 1750 — нашы наведвальнікі. Напачатку была тэндэнцыя шукаць электронныя кнігі ў інтэрнэце, а потым чытачы вярнуліся. Інтэрнэту аддаюць перавагу школьнікі, якія хочуць знайсці інфармацыю хутчэй і прасцей. Сапраўдныя ж гурманы друкаванага радка наўрад ці будуць тыцкаць кнігу на смартфоне ці камп’ютары.

Людзі цягам гадоў нават прывыкаюць да свайго нумара фармуляра і спяшаюцца ў пачатку года на пераафармленне, каб яго захаваць. І калі аднойчы чытачцы замест звыклага 77 дастаўся прыгожы трохзначны з пяцёркамі, яна засмуцілася не на жарт.

Што любіць раённы чытач? У топе раманы Успенскай, Данцовай, Батраковай, гістарычныя раманы расійскіх аўтараў. Моладзь актыўна чытае рускую і замежную класіку, гэта Рэй Брэдберы, Сэлінджар, Габрыэль Гарсія Маркес… Карыстаюцца ўвагай мясцовыя пісьменнікі. У раёне іх шануюць, пры райгазеце «Полымя» дзейнічае літаб’яднанне, штомесяц выходзіць тэматычная старонка, райвыканкам праспансіраваў зборнік іх творчасці «Рэчанька», які займае авангарднае месца на бібліяпаліцах.

— Адзін добры чалавек падарыў нам тры стэлажы расійскіх фэнтэзі — дабротных, у цвёрдай вокладцы, — расказвае бібліятэкар з Міра Святлана Нячай. — І чытачы палюбілі фантастыку. Дарэчы, кнігі нам дораць досыць часта. На днях фонд папоўніўся двума пакетамі мужчынскай серыі «Спецназ».

На кніжныя навінкі райвыканкам выдзяляе ўстаноўленыя дзяржавай 12 працэнтаў ад агульнага фінансавання сферы. Раней было 15, таму асобнікаў набывалі больш. На гэтыя грошы аддзел камплектавання заказвае сацыяльна значныя, вучэбныя, даведкавыя, энцыклапедычныя выданні пераважна ў вядучых айчынных выдавецтвах «Беларуская Энцыклапедыя», «Звязда», «Мастацкая літаратура». Працэнтнай нормы ў набыцці айчыннай кнігі няма, але на Карэліччыне ёй асаблівая ўвага. Зазвычай саліднае паступленне навінак прыбывае пасля кніжнага фестывалю ў Мірскім замку, бо на прэзентацыях выдавецтваў можна ўбачыць і пагартаць самі выданні, а не толькі прайс з іх назвамі.

Што ж, пагутарыўшы з бібліятэкарамі, а яны сапраўдныя фанаты сваёй справы, пагартаўшы чытацкія фармуляры, спрэс спісаныя назвамі выдадзеных твораў, на свае вочы пабачыла і на свой розум пераканалася, што бібліятэкам жыць, а кніга ў свет дарогу знойдзе.

ГЭТА ЦІКАВА

Гісторыю Мірскай бібліятэкі яе гаспадыні Таццяна Кулакоўская і Святлана Нячай аформілі ў вялізным залачоным фаліянце, адшукалі цікавосткі пра Мірскі замак у кіно, выяўленчым мастацтве, сабралі мясцовыя легенды. Паводле адной з іх, гаспадары каля замка загадалі высекчы сад і выкапаць возера. Урэшце, усе капальнікі загінулі, а возера штогод забірала па чалавеку. Колькі знішчана яблынь — столькі тапельцаў. Верце альбо не, але людзі танулі штогод, пакуль там не забаранілі купацца.

КАМЕНТАРЫЙ

Галоўны спецыяліст упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Сяргей БАЦЯН:

— На пачатак 2019 года ў краіне 2551 публічная бібліятэка, у тым ліку ў сельскай мясцовасці 1995, чытачоў — 3031,8 тысячы. 87 працэнтаў з іх камп’ютарызаваны, лідары ў гэтым — Гродзенская і Магілёўская вобласці, крышку адстаюць Гомельская і Віцебская. Абнаўляльнасць фонду за 2018 год склала 3 працэнты ад агульнага, раней гэты паказчык быў 5 працэнтаў. У адпаведнасці з Кодэксам аб культуры бібліятэкі маюць права самастойна выбіраць крыніцы камплектавання і супрацоўнічаць як з беларускімі, так і замежнымі выдавецтвамі. Абмежавання ў набыцці пэўнай літаратуры таксама няма, заказваюць яе адпаведна запатрабаванасці.

У галіне існуе кадравая праблема, якая ўтварылася хутчэй з-за нізкай замацаванасці спецыялістаў на месцах, бо навучальныя ўстановы выпускаюць іх дастаткова. Прычына — невялікі заробак і недастатковае грамадскае прызнанне, якое будуецца не толькі на матэрыяльным фактары. Фінансавае становішча ў пэўнай ступені паляпшаем прадастаўленнем платных паслуг, план па іх выкананні амаль заўсёды выконваецца, бо даведзены ў адпаведнасці з магчымасцямі рэгіёнаў.

Алена БАСІКІРСКАЯ

basikirskaya@sb.by

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter