Хросныя бацькі
11.10.2008 01:00:00
* Хросных бацькоў звычайна выбіраюць з ліку сваякоў (у асобных выпадках нават самых блізкіх) і сяброў. Гэта павінны быць прыстойныя, паважаныя людзі, якія разумеюць сваю адказнасць за выхаванне хрэсніка перад Богам і людзьмі. Хросныя бацькі будуць ведаць хрышчонае імя вашага дзіцяці, якое не заўсёды супадае са свецкім, але менавіта яно згадваецца ў малітвах за чалавека.
* Хроснымі бацькамі не могуць быць людзі няверуючыя, нехрышчоныя. Не бралі ў хросныя бацькі непаўналетнюю моладзь.
* Лічылася і зараз лічыцца, што лёс хросных бацькоў перадаецца іх духоўнаму дзіцяці (спадкаемцу) па прынцыпу падабенства, таму было пажадана, каб хросная маці ці бацька былі ўдзельнікамі хаця б аднаго вяселля, а яшчэ лепей, каб яна ці ён былі шаферамі ў бацькоў нованароджанага на вяселлі. У гэтым выпадку хрэсніку перадавалася здольнасць стварэння сваёй сям’і.
* Хросныя бацькі аднаго дзіцяці не павінны быць мужам і жонкай. Зробім удакладненне: муж і жонка могуць стаць хроснымі бацькамі, але пры ўмове, што жонка будзе хрысціць адно дзіця, а муж — другое, але разам пахрысціць адно і тое ж дзіця яны не могуць.
* Хросных бацькоў маглі браць для кожнага дзіцяці асобна, а магло быць і так, што адна пара хрысціла ўсіх дзяцей, якія нараджаліся ў адной сям’і.
(Працяг будзе.)