Першае, што прыходзiць на думку, калi прыязджаеш на ашмянскую зямлю, — Гальшанскi замак, агорнуты дымкай небяспечных таямнiц, муры i склепы, якiя натхнiлi Уладзiмiра Караткевiча на стварэнне аднаго з наймiстычнейшых твораў нашай лiтаратуры. А за гэтай дзiўнай, багатай i велiчнай карцiнай адкрываецца iншая спадчына, не такая гучная, але больш жывая, чым каменныя сцены. Бо жыве край не толькі адным мiнулым, але і галасамi сваiх вёсак, дзе народная культура пульсуе ў кожным слове, сямейным спеве, у тых няпiсаных правiлах, якiя перадаюцца ад дзядоў унукам. Гэтая культура патрабуе ўвагi, павагi, гатоўнасцi слухаць i чуць, што такое сапраўдная вясковая радасць, горыч страчанага i вечнае адраджэнне. Дакранулiся да гэтай каштоўнасцi i мы.
ВЁСКА ГРОДЗI
Фiтааптэка з дзяцiнства
Знаёмства з Марыяй Мiхайлаўнай Заянчкоўскай пачынаецца з цёплых успамiнаў:— Дзяцiнства было шчаслiвае на той час, як i ва ўсiх тагачасных дзяцей. Бегалi, гулялi, працавалi многа, хаця i адпачынак быў. З татам хадзiлi ў лес. Часта вазiў тата нас канём. У любую пару года можна было напрасiцца, папiшчаць — i тата браў нас усiх.
Марыя Заянчкоўская.Суразмоўца ўзгадвае, як бацька адкрываў iм таямнiцы лесу:
— Тата ведаў усе раслiны, усiх птушак (можа, яны там i не тыя былi, але ўсё роўна былi названыя), у якую пару выседжвалiся птушаняты, хто чым харчуецца, ведаў усiх звяроў. Ходзячы па лесе, бачачы сляды, тата мог вызначыць, дзе чый след.
Бацькоўскiя веды пра лес заўсёды былi да месца.
— Тата ведаў любую зёлку, гаварыў, ад чаго яна выратуе. Калi балiць страўнiк або кашаль даймае, можна было заўсёды нарваць, нарыхтаваць. I цяпер у мяне ў хаце, як заходзiш, на верандачцы, як па‑моднаму называецца — фiтааптэка.
Лес даваў магчымасць падзарабiць. Збiралi каштаны, шышкi, бярозавыя почкі — усё гэта здавалася ў лясгас. А вось ягады i грыбы пакiдалi для сям'i. Мама сушыла грыбы, каб потым гатаваць верашчакi i наварыстыя супы. Лясныя ягады залiвалi малаком, дадавалi цукар, старанна размешвалi. Летам сталом валадарылi халаднiк са шчаўя i буракоў, салаты з цыбулi i агуркоў, маладая бульбачка. Зiмой жа даставалi засоленае сала, паляндвiцы, кумпяк, а таксама летнiя нарыхтоўкi — варэнне, сушаныя грыбы. Абавязкова ў кожнай хаце стаяла бочка з квашанай капустай.
Асаблiвым святам былi Каляды. Марыя Мiхайлаўна расказвае:
— На Каляды прывозiлi на санях ёлку дахаты. Упрыгожвалi яе перад самай вячэрай. Мама ставiла стол, гатавала 12 страў, а мы з татам прыбiралi ёлку. Убiралi яе чым маглi: яблыкi вешалi, якiя меншыя, са свайго сада, выразалi нешта з журналаў, з фольгi рабiлi шарыкi. Вельмi многа было на ёлцы цукерак, iх старалася мама купiць з залацiстай паперкай, каб яны былi з блескам і прыгожыя. Самi клеiлi гiрлянды.
У хаце панаваў свой, асобны свет, дзе за калыскай спявала мацi.
* * *
Ходзiць Бай
па сцяне
У чырвоным
кафтане,
У зялёных ботах.
Апускаецца дрымота
На цябе i на мяне.
Бай цi не, Бай цi не?
* * *
Люлi‑люлi‑люлi,
Прыляцелi куры,
Селi на варотах,
Паскiдалi боты,
Сталi сакатацi.
Няма чаго дацi:
Нi жменьку ячменьку,
Нi авёску трошку.
Iм пасыплю грэчкi:
Хай нясуць яечкi.
* * *
Кала млына, кала млына
Расцвiла калiна.
Там дзяўчына воду брала,
Сама чарнабрыва.
Яна брала‑набiрала,
Адна дочка ў мацi была,
I та гора знала.
Як пайду я ў лес
па дровы,
Гора ж маё, гора,
Не пайду я
за старога:
Барадой уколе.
Я пайду
за маладога —
Яго не баюся.
Ён на мяне
кiўне‑мiргне,
А я засмяюся.
Вясковыя прыкметы
♦ На Мiхала старалiся прыбраць усё поле. Казалi: «Мiхала — усё з поля паспiхала». Верылi: пасля гэтага дня гароднiна горш захоўваецца. Мужчыны бралiся рыхтаваць поле да зiмы, каб зямля спала спакойна, а вясной аддзячыла.♦ Калi трэба было сушыць сена, прыкмячалi малюсенькую хмарынку, ледзь прыметную на захадзе. Калi сонечны край кранаўся той хмарынкi — быць дажджу.
♦ Казалi: «Якi пёнтак, такi i свёнтак» — якая пагода стаiць у пятнiцу, такая i ў нядзелю будзе.
Казка пра бярозу
Вясна iшла светам. Трэба было абнавiць прыроду, убраць дрэвы ў новыя строi. А ў тую ноч прагрымела навальнiца. Сухое дрэва павалiлася на кусцiк, дзе было гняздо. Раскiдала яго, растрэсла па зямлi. Птушаняткi лятаць яшчэ не ўмелi. Яны з крыкам разбеглiся па лесе. Бацькi кiдалiся да кожнага дрэва, прасiлi ратунку: «Прытулiце нашых дзяцей, пакуль мы iх знойдзем!»Але дрэвы адказвалi: «Пачакайце, нам не да вас. Вясна паклiкала нас прыгажосць наводзiць». I толькi адна бярозка сказала: «Каля мяне ёсць купiнка з моху. Калi сабраць туды птушанят, можа, яны прыгрэюцца».
Дарослыя птушкi з цяжкасцю сабралi зблуканых дзяцей, пасадзiлi на цёплую купiнку. Узышло сонца, прыгрэла. Птушаняткi разявiлi дзюбкi — i ў iх пацёк саладкаваты бярозавы сок. А потым — цуд! — яны паднялiся на крыло.
Бярозка азiрнулася, усмiхнулася i сама сабе думае: «Трэба мне спяшацца». Пайшла да Вясны, а тая фарбы амаль не мае, усю расходавала. Бурштын капнула на сасну, срэбра — на асiну, смарагд — на астатнiя дрэвы. Вясна вельмi хацела парадаваць добрую бярозку i пафарбавала яе белым. Толькi фарбы было мала, i чорныя плямы прабiвалiся скрозь. Але атрымалася прыгожа.
«Дзякуй табе, бярозка! — кажа Вясна. — Ты такая маладзец! Птушанятак выратавала». А бярозка ўсмiхаецца: «Гэта не я. Гэта яны ад той бяды раней дарослымi сталi».
Вось так i ў людзей: дзе прыходзiць гора, там дзецi рана сталеюць.
АГРАГАРАДОК КРАКОЎКА
На вяселле запрашала асабiста
У мясцовым сельскім клубе нас сустрэў ансамбль народнай песнi «Жытнiца». Тут сабралiся тыя, хто беражлiва захоўвае галасы сваiх бабуль i прабабуль: Роза Яцуковiч, Валянцiна i Марыя Горыд, Тэрэса Усачова, Святлана Ганусевiч, Таццяна Чэрская, Мiхаiл Свiрскi, Аляксандр Пашкоўскi i Канстанцiн Яраш. Размова хутка пацякла пра самае вясёлае i шумнае свята любой вёскi — вяселле.
Тэрэса Усачова, Аляксандр Пашкоўскi і Валянцiна Горыд.
* * *
1. Замуж выйшла маладой,
Ды сустрэлася з бядой,
А зязюля ўсё куе.
2. Трэба есцi шчэ варыцi,
Я не знаю, што рабiцi,
А зязюля ўсё куе.
3. Хлеб пяку, а ён ляпкi.
Вару крупнiк — ён радкi,
А зязюля ўсё куе.
4. Раз яму я дагадзiла,
Каву з буракоў зварыла,
А зязюля ўсё куе.
5. Ён на мяне з кулакамi:
«Нашто кава з буракамi?»
А зязюля ўсё куе.
6. «За што б'еш, за што лаеш?
Яку ўзяў, таку i маеш».
А зязюля ўсё куе.
Марыя Горыд i Мiхаiл Свiрскi.— Раней малады iшоў да маладой проста па вёсцы з музыкай. А мы, дзецi, ляцелi ўсе наперад, каб паглядзець на маладога i потым як ён прыходзiць да маладой, — узгадвае Святлана Ганусевiч. — Вяселле пачыналася ў пятнiцу ў нявесты. А ў суботу маладыя iшлi зноў праз вёску ў другую хату, таму што вяселле было ўжо ў маладога. Дзецi бралi жэрдку i загароджвалi (шлях маладым. — Заўв. аўт.) пасярод дарогi.
Перашкоду трэба было пераадолець звычайна за пачастункi цi жартоўны адкуп. А калi маладыя заходзiлi ў хату, iх сустракалi бацькi з… паляўнiчымi. Яны стралялi проста ў неба, каб адагнаць злых духаў.
* * *
1. Гарэла сосна, палала,
Пад ёю дзеўка стаяла.*
2. Пад ёю дзеўка стаяла,
Русую косу часала.
3. Ой, косы‑косы, вы мае,
Доўга служылi вы ў мяне.
4. Цяпер служыць не будзеце,
Пад белы вэлюм пойдзеце.
5. Пад белы вэлюм, пад хустку,
Ужо больш не буду дружкаю.
6. Гарэла сосна,
палала,
Пад ёю дзеўка стаяла.
* Кожны куплет паўтараецца двойчы.
Вяселлi спраўлялi вялiкiя. Клiкалi ўсю радню, суседзяў, амаль усю вёску.
— Раней абавязкова трэба было прыйсцi самiм маладым, запрасiць на вяселле, — кажа Роза Яцуковiч. — Калi маладыя не прыехалi, то бацькi ехалi. Але абавязкова трэба было такiм чынам паважаць сваю радню. У сваю чаргу, да каго прыязджалi запрашаць — абавязкова частавалi.
А адкрыццё свята мела свой урачысты абрад.
— У нас бралi каравай, якi пякла сватка са стараны маладой. Бацькi падымалi яго ўгору над сабой i з гэтым караваем танцавалi польку. Такiм чынам пачыналi вяселле, — расказвае Тэрэса Усачова.

Асобнае месца займала пакрывала — саматканы дыван. На iм бацькi благаслаўлялi маладых, а потым падкiдвалi яго на паддашак. Рабiлася гэта для таго, каб дзяўчаты, якiя яшчэ жывуць у вёсцы, хутчэй выходзiлi замуж.
Не абыходзiлася на вяселлi i без прыкмет. Iх ведалi i старалiся выконваць, каб маладым жылося шчаслiва. Лiчылася, што нiхто не павiнен пераходзiць дарогу маладым, а тым больш праходзiць памiж iмi. Сваткi мусiлi быць апранутыя ў доўгiя сукенкi: верылi, што тады i ў маладых жыццё будзе доўгае.
А калi ўжо госцi нагулялiся, усё часцей пачыналi лунаць вясёлыя, а часам i зухаватыя песнi. Спявалi iх пад агульны смех i трапятанне гармонiка. Вось адна з такiх:
* * *
Усе людзi вечараюць,
а я спаць пайшла,
Як мой стары заснуў,
я гуляць пайшла.*
Я ж там доўга не бавiла —
не бавiлася,
Вячэрняя зорка закацiлася.*
Iду дадому —
развiдняе‑развiдняецца,
А мой стары
ўмыва‑ўмываецца.*
А я мала‑маладзенька
здагадалася,
За пярыну ды й на гару
ды й прабралася.*
А той стары ўслед за мною,
услед за мною
Ды звалiўся з гары з драбiною.
Я ж думала, што заду‑,
што задушыцца.
Прыглядаюся — ён варушыцца.
Усе людзi вечараюць,
а я спаць пайшла,
Як мой стары заснуў,
я гуляць пайшла.*
Як мой стары заснуў — з маладым пайшла.
Адзiн матыў — розныя варыянты
Песню «Стаiць гара высокая» нам ужо спявала Сафiя Iосiфаўна Шкурская з вёскi Вынiшчы Слуцкага раёна. Ёсць яна i ў рэпертуары «Жытнiцы», але з iншай канцоўкай:Ой, не журыцесь, дзевачкi,
Шчэ вернiцца вясна,
А моладасць ня вернiцца,
Ня вернуцца гада!
Словы з-пад Кракоўкi
♦ Гацi — штаны.♦ Паляўнiкi — паляўнiчыя.
♦ Васэля — вяселле.
Торба за вянок
На Юр'я, 6 мая, упершыню выганялi кароў на поле. У гэты дзень быў гарэзлiвы звычай. Той, хто намерваўся пажартаваць, вiў вянок з бярозы i вешаў яго на карову заможнага гаспадара. У такiм выпадку апошнi павiнен быў адкупляцца торбай з ласункамi. Праўда, не на кожную карову вянок павесiш: жывёла часам бывала з фанабэрам i не падпускала.АГРАГАРАДОК ГРАЎЖЫШКI
Вянок з мiрты
У гэтым аграгарадку даўно iснуе народны сямейны ансамбль «Граўжанцы». Свой, дамашнi, дзе спяваюць i расказваюць так, як не навучыць нiводная кансерваторыя. Выпала нагода i нам з iмi пазнаёмiцца. За сталом — Вацлаў Сiдаровiч, Алена Сальмановiч i Эдуард Булкевiч. Размова пацякла пра тое, без чаго не абыходзiлася нiводная сям'я, — пра хрэсьбiны.
Эдуард Булкевiч, Алена Сальмановiч і Вацлаў Сiдаровiч.— Першыя прыязджалi кумы, — расказвае Вацлаў Сiдаровiч. — Убрання рыхтавалi, як адзець дзiцё да касцёла. Калi вяртаюцца, да гэтага моманту сабiраюцца госцi. Сядаюць за стол i ўжо цэлы вечар скачуць, танцуюць, весяляцца. А ўжо назаўтра iзноў сабiралiся.
А пакуль стол ламаўся ад частаванняў, музыка грала, а госцi пераклiкалiся жартамi, у хаце знаходзiлася месца i для сур'ёзных, глыбокiх спеваў. Бо на такiх святах спявалі пра ўсё: i пра радасць, i пра смутак, i пра тое, што нiколi не губляе вартасцi, — пра чалавечае жыццё.
* * *
1. За гарамi, за лясамi
Галубы лятаюць,
Не спазнаў я раскошэнькi,
Ужо й гады мiнаюць.*
2. Запрагу я свае конi,
Конi вараныя,
Да й паеду даганяцi
Годы маладыя.
3. Як дагнаў я свае годы
На кляновым мосце:
«Вярнiцеся, мае годы,
Да мяне ў госцi».
4. «Як жа нам не вярнуцiся
Да к цябе ў госцi?
Трэба ж была шанавацi
Нас iз маладосцi».
* Апошнiя два радкi кожнага куплету — двойчы.
Хтосьцi з родзiчаў выпякаў пончыкi i сухарыкi, якiя ў вёсцы называлi «петухамi». З iмi абхадзiлi кожную пару гасцей. А яны ў адказ частавалi грашыма — хто капейку, хто больш кiне. Так збiралi выкуп для маладых бацькоў. Потым сабраныя грошы аддавалi тату i маме нованароджанага. I нiбыта дробязь, а з яе складвалiся i святочны стол, i новая кашулька для немаўляцi, i добрая памяць на доўгiя гады.
Асаблiвым жартам на хрэсьбiнах быў звычай «тапiць бабу». Бралi барану, саджалi на яе жанчыну i везлi да сажалкi цi хоць да якой лужыны на вулiцы. Калi i такой не знаходзiлася, проста аблiвалi з графiна. А баба даставала графiн з гарэлкай — адкуплялася.
* * *
Ехаў Ясь на канi, Кася воду брала.*
Заглядзелася на Яся — яго счаравала.
«Касенька, ты мая, напаi каня».
«Я каня паiць не буду, бо я жонка не твая».
«Хоць ты не жонка, але ж каханка,
Напаi мне конiка, бо яму так жарка».
Конь ваду п'е — ножкаю б'е:
«Уцякай, Касенька, ён цябе заб'е».
«Хай забiвае, хай пакусае,
Я не буду ўцякаць, буду я цябе кахаць».
* Кожны радок паўтараецца двойчы.
Алена Сальмановiч дадае:
— Старэйшыя жанчыны, мудрыя, якiя славiлiся ў вёсцы годнай рэпутацыяй, калi дзяўчынка нараджалася, рабiлi з мiрта (раслiна. — Заўв. аўт.) вяночак. Гэта сiмвал таго, што дзяўчына будзе добрай гаспадыняй у будучым. У вяночак упляталася, што яна будзе здатнай, разумнай. Было пажаданне, каб абавязкова ў хаце дзяўчына гадавала гэты мiрт у вазоне. Калi яна была цнатлiвай, мацi ў дзень вяселля на вэлюм вяночак, звiты з мiрта, павiнна была пачапiць.
Калi ж нараджаўся хлопчык, мужчыны рабiлi яму з дрэва падкову.
* * *
1. Ой, сiвы конь бяжыць,
На нём бела грыва.
Ой, спанаравiлась*
Мне тая дзяўчына.
2. Не так та дзяўчына,
Як яе лiчанька.
«Падай жа, дзяўчына,*
На каня ручаньку».
3. Рукi не падала,
Тры слова сказала:
«Няхай бы я была,*
Кахання не знала.
4. Бо тое кахання
З вячора да рання,
Як сонейка ўзыйдзе,*
Каханне разыйдзе».
* Гэтыя радкi паўтараюць двойчы.
Слоўнiк граўжанцаў
♦ Пальта — палiто.♦ Мяднiца — мiска, куды складвалi мяса пасля заколвання кабана.
♦ Начоўка — карыта з дрэва цi металу, дзе купалi дзяцей.
♦ Драпцы — прылада для капання бульбы.
♦ Бразгуны — бубенцы на канi.
♦ Асыстэнты — дружкi на вяселлi.
♦ Квашэнiна — халадзец.
Так завяршаецца наша падарожжа па Ашмяншчыне — краi, дзе за сценамi замка i легендамi пра шляхетныя роды тоiцца iншая, не менш важная спадчына, якая жыве ў кожнай хаце, у кожным спеве, у тых галасах, якiя мы мелi гонар запiсаць. Праект «Галасы вёсак» працягвае сваю вандроўку. А мы, як заўсёды, рады вашым запрашэнням. Бо Беларусь вялiкая — i галасоў, вартых таго, каб iх пачулi, яшчэ многа. Чакайце ў госцi!
grudnitskiy@sb.by

