Хараство друкаванага слова
06.02.2014
Сустрэчы з беларускімі аматарамі чытання чакаюць кнігі з 26 краін
XХІ Мінская Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пачала работу ўчора ў Нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа». Прывітанне яе ўдзельнікам і гасцям накіраваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. У ходзе цырымоніі адкрыцця форуму яго зачытала першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч.
У прывітанні адзначаецца, што і сёння, у век высокіх тэхналогій, кніга застаецца для нас настаўнікам і надзейным дарадцам, аказвае неацэнную дапамогу ў працы і суправаджае ў гадзіны вольнага часу. «За апошнія два дзесяцігоддзі айчынная кніжная справа атрымала значнае развіццё. Беларускія выданні прыцягваюць багаццем тэматыкі, жанравай разнастайнасцю і арыгінальнасцю афармлення», — падкрэсліваецца ў прывітанні кіраўніка беларускай дзяржавы. Там таксама адзначаецца, што міжнародная выстава-кірмаш у Год гасціннасці адкрые новыя перспектывы культурнага і дзелавога супрацоўніцтва, стане надзейным арыенцірам на кніжным рынку.
Цэнтральнае месца на нацыянальным стэндзе Беларусі займаюць два знакавыя сёлета для нашай краіны праекты, прадстаўленыя Нацыянальнай кніжнай палатай. Першы прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі, другі — чэмпіянату свету па хакеі.
Увагу наведвальнікаў прыцягвае вітрына з выданнямі розных гадоў знакамітай кнігі «Ніколі не забудзем» — зборніка ўспамінаў дзяцей, якія перажылі Вялікую Айчынную вайну. Першая з іх выйшла ў 1948-м і перавыдавалася 13 разоў. Апошні раз — у 2010-м. Побач — рэтраспектыва выданняў ваеннага часу. Самая ранняя кніжка да-туецца 1943 годам. Гэта — зварот воінаў-беларусаў да партызан, партызанак і ўсяго беларускага народа.
Пра тое, як пачынаўся хакей у Беларусі, расказваюць кнігі і фотаальбомы тэматычнай экспазіцыі «Мінск хакейны. Кніга і спорт». Адлік айчыннай гісторыі хакея прынята весці з 1969 года, калі ў Беларусі
з’явіўся штучны лёд. Між тым на выстаўцы прадстаўлена выданне 1938 года, якое сведчыць, што ўжо ў гэты час праводзіліся кубкі БССР па хакеі, прычым сярод жаночых і мужчынскіх каманд.
А на вокладцы самай ранняй кніжкі пра спорт «Што такое фізкультура і як ёю займацца» — 1930 год.
На пачэсным месцы ў акружэнні прызавых кубкаў — зусім новае выданне «Энцыклапедыя хакея». Найцікавейшы том! Сабрана і падлічана ўсё, уключаючы галы, ачкі і секунды. Кнігу можна набыць. Кошт унікальнага выдання — крыху больш за 200 тысяч рублёў.
Традыцыйна шырока ўдзельнічае ў выстаўцы Расія. У Мінску прадстаўлены каля 60 кнігавыдавецкіх арганізацый — ад маскоўскіх «флагманаў» кніжнай індустрыі да рэгіянальных выдавецтваў. Стэнд размясціўся на плошчы 150 кв. метраў. Ля адной з вітрын заўважаю вядомага расійскага пісьменніка Валерыя Васкабойнікава.
— Лічу, кніжная выстаўка — важная па-дзея ў культурным жыцці любой краіны. Цікава пабачыць такую вялікую колькасць новых кніг. Зрабіць гэта ў іншых абставінах не так проста. Для сябе вось нагледзеў — «Паўся-дзённае жыццё блакаднага Ленінграда». Я ж аўтар трох кніг пра блакаду нашага горада (жыву ў Санкт-Пецярбургу), так што знаёмства з новым выданнем на гэтую тэму будзе і цікавым, і карысным, — падзяліўся думкамі пісьменнік.
«Даведайся пра Амерыку праз коміксы!» — запрашае стэнд Пасольства ЗША, дзе размясціліся дзясяткі кніг з самымі рознымі коміксамі, а таксама настольныя і камп’ютарныя гульні.
Варта зазірнуць і ў французскі павільён «Праванс». У ліку французскіх гасцей у Мінск прыбылі вядомы пісьменнік, кінарэжысёр, мастак Ален Флешэр і лаўрэат прэстыжнай прэміі «Феміна» Патрык Дэвіль.
Адна з разыначак сёлетняй экспазіцыі Украіны — копія аўтэнтычнага старажытнага рукапісу 16-га стагоддзя.
— Усё зроблена ўручную, фарбы — па рэцэптах яшчэ дафёдараўскага перыяду. Папера ручной работы, усё напісана пяром, літары — як у арыгінале, да 10-й долі міліметра, — з задавальненнем расказвае кіраўнік майстэрні Юрый Храпай.
Але, відаць, найбольш людна будзе на выстаўцы ў час прэзентацыі кнігі «Алег Навіцкі. Голас сэрца. Дзённік жонкі касманаўта», выпушчанай у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Для ўдзелу ў ёй галоўны герой прыбыў у Мінск разам з мамай, жонкай і дачкой.
Не абмініце зазірнуць і на другі паверх павільёна. Там працуе сапраўдны друкарскі станок 19-га стагоддзя.
Наведаць выстаўку можна штодня з 10 да 19 гадзін. Апошні дзень работы — 9 лютага да 15.00. Уваход вольны.
Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ