У сярдзіне мая ў Мінску пройдзе Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі
04.04.2018 12:35:47
Духоўныя скарбы беларусаў — гэта беларуская мова, песні, музыка, танцы, а таксама нашы прыказкі, прымаўкі, казкі, замовы… Такіх больш нідзе ў свеце няма. Іх вывучаюць, у прыватнасці, навукоўцы з Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі ды фальклору імя Кандрата Крапівы. Да вялікага багацця беларусаў праяўляюць інтарэс навукоўцы з замежжа. Таму Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальная акадэмія навук Беларусі 17—19 мая 2018 года ладзяць у Мінску Міжнародную навуковую канферэнцыю “Народная казкавая проза ў еўрапейскай прасторы: архаічная традыцыя і сучасная інтэрпрэтацыя”.
Чаму да беларускіх казак звяртаюцца навукоўцы? “Казачны эпас — найбуйнейшы здабытак беларускай нацыянальнай культуры, які й па сёння захоўвае сваё эстэтычнае, пазнавальнае і выхаваўчае значэнне, — чытаем у прэс-рэлізе арганізатараў форуму. — Беларускія казкі вылучаюцца мовай, якая тут набывае асаблівы каларыт, чысціню й выразнасць. Развіццё пісьмовай беларускай культуры натуральна прывяло да ўзнікнення й пашырэння аўтарскіх казак. Традыцыі казачнай літаратуры ў жыцці беларускага народа вельмі моцныя і трывалыя”. Больш таго: навукоўцы бачаць у казках нават “адзін са складнікаў нацыятварэння беларусаў”. Але цяпер казка “выціскаецца” на перыферыю прыгожага пісьменства. Таму, лічаць навукоўцы, “ёсць патрэба акцэнтаваць важнасць мастацтва казкі для грамадства ў цэлым і для асобы ў прыватнасці”.
На форуме пойдзе размова пра паэтыку казак, сістэмы персанажаў, гісторыю вывучэння й збірання казкавай прозы, класіфікацыю казак і паказальнікі сюжэтаў. Будуць зроблены даклады пра казачнікаў, стылістыку казак, пра ўзаемаўплывы, паралелі ў казкавым фальклоры, развіццё і трансфармацыю жанру. Цікава, што на форуме будзе нават такое дзіва: выступы народных казачнікаў і апавядальнікаў з розных раёнаў Беларусі.
Рыгор Гарэшка
Голас Радзімы № 13 (3565), чацвер, 5 красавіка, 2018 у PDF