ТОП-темы

«Касiў казак сена, як была пагода, Любiў казак дзеўку, як была малода»

17:41, 19 июля 2026
Узнайте, какими песнями и поверьями живет Столбцовский район, в седьмом выпуске проекта «Галасы вёсак»
Навошта ў Стаўбцоўскiм раёне на кажуху пералiчвалi шарсцiнкi i дзе можна знайсцi бiлярэту

Стаўбцоўскi край для кожнага беларуса — гэта ў першую чаргу радзiма Якуба Коласа. Тут, сярод сенажацяў i пералескаў, нараджалiся радкi, што сталi класiкай. Але не толькi паэтычнай спадчынай багатая гэтая зямля. Яна шчодрая на галасы, што гучаць не з кнiжных старонак, а з вуснаў простых людзей, якiя беражлiва перадаюць з пакалення ў пакаленне абрады, песнi i мудрасць продкаў. У гэтай серыi нашага праекта — тры кропкi на карце Стаўбцоўшчыны, тры сустрэчы з тымi, хто захоўвае спадчыну ў сэрцы. У Шашках нам адкрылi сакрэт «Багача» — старажытнага абраду, якi вяртае павагу да зямлi. У Раёўшчыне падзялiлiся ўспамiнамi пра хутарское дзяцiнства i купальскiя вогнiшчы. А ў Вечатарове расказалi, чаму каня гарэлкай паiлi перад вяселлем. Далучайцеся да вандроўкi!

ВЁСКА РАЁЎШЧЫНА

Песня з-пад лесу

У Раёўшчыне мы завiталi да Веранiкi Iосiфаўны Дзярнейкi. Яна нарадзiлася ў 1937 годзе i памятае той час, калi вёска была шумная, людная, галасiстая. Яе дзяцiнства прайшло не ў самiм сяле, а на хутары.

— Жыла я на футары пад лесам, — успамiнае суразмоўца. — Больш было (людзей. — Заўв. аўт.) у футарах, чым у Раёўшчыне.

Веранiка Дзярнейка.

Хутарское жыццё — асобная старонка гiсторыi Стаўбцоўшчыны. Менавiта тут, на хутары Ласток, з трох да васьмi гадоў жыў класiк беларускай лiтаратуры Якуб Колас. Сёння гэта адзiная з чатырох коласаўскiх сядзiб у раёне, дзе захаваўся сапраўдны драўляны дом канца XIX стагоддзя. У iм створана невялiкая экспазiцыя, прысвечаная паэту. Месца знаходзiцца ў лесе, i да яго цяжка дабрацца. Цiкава, што сюды часцей наведваюцца грыбнiкi i рыбакі, чым турыстычныя групы. А непадалёку ад раённага цэнтра — яшчэ адзiн хутар, апеты ў паэме «Новая зямля»: Альбуць. Так што гэтыя мясцiны дыхаюць лiтаратурай не менш, чым сенам i грыбамi.

А ў маладосцi Веранiкi Iосiфаўны хутары былi поўныя людзей. I галоўнай радасцю для моладзi былi танцы. У суботу цi нядзелю наймалi гарманiста. Танцавалi ў школах, у хатах. Ды i ў гэтай, дзе мы зараз знаходзiмся, таксама ладзiлi вечарыны. Яна ўсмiхаецца, успамiнаючы тыя часы:

— Людзей многа было, не то што сёння пуста. Божа, столька маладзёжы! Усе танцуем. А жэншчыны так засядуць, што нiдзе няма сесцi: патанцуюць, хочацца дзяўчатам сесцi — нiдзе не сядзеш, бо старыя бабы сядзяць i абсуждаюць нас! Такая мода была.

Летнiх свят хапала. На Яна, якое ў народзе злiвалася з Купаллем, палiлi вогнiшчы, скакалi праз агонь, а дадому вярталiся толькi пад ранiцу. Веранiка Iосiфаўна прызнаецца:

— Вяночкi не было куды кiдаць: рэчкi не было, але было весела! Усе былi на кастры.

I дадае прыкмету, якую добра памятаюць у гэтых мясцiнах: калi на Купалу ноч ясная — будзе добры ўраджай, будзе ягада красная, будзе дабро разнае.

* * *

Купала сягоня — сягоня Ян,

Будзе, хлопцы, будзе-будзе лiхо вам.

Будзе вам, хлопцы, лiхо лiхое,

Як пагонiце, хлопцы, сабак у поле.

Жыццё, як вядома, не абмяжоўваецца аднымi святамi. Яно мела i зваротны бок, поўны цiшынi i пашаны да тых, хто сышоў. I ў гэтай цiшынi хавалiся свае, не менш важныя традыцыi, якiя трымалi людзей разам. Веранiка Iосiфаўна расказвае i пра пахавальныя абрады, якiя ў вёсцы выконвалi свята, без лiшняй мiтуснi:

— Прыбiралi пакойнiка, прыходзiла ўся дзярэўня, i малiлiся днём. Потым збiралiся вечарам. Толькi па тры румачкi вып'юць — i больш нiхто нiчога не вып'е. То i разыйшлiся па дамам.

На могiлкi iшлi ўсёй вёскай. На памiнальны стол ставiлася ўсё, што было ў запасах.

— Напрыклад, кiлбаса мо сухая якая вiсела на жэрдачцы, яйца жарылi, рыбу. Хлеб белы (абавязкова. — Заўв. аўт.) крышылi i вадой залiвалi. Трэба было ўсiм па тры ложачкi прайсцi ўзяць. Гэта абрад такi быў перад вячэраю. Мiска бальшая, усе праходзяць (i бяруць. — Заўв. аўт.) па тры кусочкi хлеба.

Дыялекты Стаўбцоўшчыны

♦ Дачанка — пляменнiца.

♦ Жулiк — бутэлька ёмiстасцю 0,25 л.

♦ Зашаламанiцца — выпусцiць з-пад увагi.

♦ Заядуха — злюка, задзiра.

♦ Каляжанка — сяброўка.

♦ Нэнза — ныцiк, плакса.

♦ Пажондэк — парадак.

АГРАГАРАДОК ШАШКI

I касiлi, i пелi

У сцiплым, але сардэчным Шашкоўскiм доме культуры нас сустракае сапраўдная каштоўнасць — народны фальклорны ансамбль «Гарэзы». Дарэчы, гэта слова ў беларускай мове мае некалькi сэнсаў: i вясёлыя людзi, якiя любяць пажартаваць, i тыя, хто жыве з душой наросхрыст. Менавiта такiя i сабралiся сёння тут: глыбокiя знаўцы мясцовага фальклору i проста невычэрпныя апавядальнiкi. Iрына Галабурда, Людмiла i Вiктар Парфенчык, Вера Калкоўская, Святлана i Раман Сабалеўскiя, Лiдзiя Кiрыленка, Святлана Радзiон, Надзея Лабоцкая — у кожнага за плячыма не адно дзесяцiгоддзе захавання традыцый.

Сустрэлi нас песняй, што спявалi iх продкi на сенакосе.

* * *

1. Касiў казак сена,

Як была пагода,

Любiў казак дзеўку,

Як была малода*.

2. А тая дзяўчына

Вяночак насiла,

На ўсе сваi плечы

Касу распусцiла.

3. Касу распусцiла,

Усе плечы закрыла.

Вышла за варота —

Жалю нарабiла.

4. Ой, жалю мой, жалю,

Ой, жалю горка́е!

Любiў казак дзеўку —

Цяпер пакiдае.

5. «Няхай пакiдае,

Я й плакаць не буду,

Бо я маладзенька

Без пары не буду».

* Апошнiя два радкi кожнага куплета паўтараюцца двойчы.

— Людзi ж некалi i касiлi, i находзiлi час, каб адпачыць пасля, — тлумачыць Вера Калкоўская. — Сена варочаюць, сушаць, а патом талакой збiраюцца. З гармонiкам спявалi i дажа на поле танцавалi.

З сенакосу вярталiся стомленыя да знямогi. Але варта было дзе-небудзь у вёсцы ўзняцца голасу, як змянялася ўсё. Азваўся хтосьцi адной песняй — i пацягнулiся да яе людзi, як матылёк да святла, i ўжо не заўважалi стомы. Ведалi: спяваючы, яны падкормлiваюць душу, каб назаўтра з новай моцай узяцца за працу.

Ансамбль «Гарэзы».

Каб багацце не спынялася

«Зажынкi», «Дажынкi», «Багач» — кожнае з гэтых слоў несла ў сабе павагу да зямлi, якая накармiла, i да рук, якiя яе ўзнялi. Асаблiвае месца займаў «Багач» — старажытны абрад, якi, на жаль, паступова сыходзiць з народнага календара. Але ў Шашках яго беражлiва адраджаюць, бо памятаюць: без Багача не будзе дастатку ў хаце.

* * *

1. Да падзякуйма Богу,

Да за я́го выгоду,

Да за цiхае лета,

Да за буйнае жыта!

2. Да мы ўсё лета жалi,

Жалi-жалi, не ляжалi.

Да мы ўсё лета жалi,

Каласкi ўсё збiралi.

Святкавалi яго тады, калi з поля сыходзiла апошняя жменя жыта. У доме тых гаспадароў, у каго ўраджай выдаўся найбагацейшы, збiралiся суседзi з галоўным сiмвалам свята — жытнёвым снапом, што зваўся Багач. Гаспадар урачыста ўносiў яго ў хату i ставiў на покуць, дзе вiселi абразы. I заставаўся той сноп да наступнай восенi як абярэг i напамiн пра шчодрасць зямлi. А потым яго перадавалi ў другую хату, каб багацце не спынялася, а пераходзiла са двара ў двор.

* * *

Ой, нiўка-нiўка!

Аддай маю сiлку

Ды на нову нiўку,

Ды на нову нiўку!

Калi снапок займаў сваё пачэснае месца, гаспадыня ўзносiла запаленую свечку. Абыходзiла з ёю чатыры куткi хаты, спынялася ля кожнага, каб шчыра пажадаць здароўя, дабрабыту i мiру ўсяму дому. Верылi: пакуль свечка гарыць — не згасне i надзея на багаты наступны год.

* * *

На новае лета

Радзi, Божа, жыта!

Жыта i пшанiца,

Всякая пашнiца.

Дай жа Божа!*

Мы вам пажадаем,

Слаўны гаспадары,

Пiва варыцi, внукаў жанiцi,

Пасаг збiрацi, внучак выдавацi.

Дай жа Божа!*

* Радок паўтараецца чатыры разы.

Развiтанне з вэлюмам

Вяселле ў Шашках — гэта асобная гiсторыя, якая доўжылася не адзiн дзень. Усё было напоўнена сэнсам, якi вяскоўцы бераглi як зрэнку вока. Напрыклад, адказным момантам лiчылася развiтанне нявесты з дзявоцтвам. Калi надыходзiла пара здымаць з яе галавы вэлюм — сiмвал нявiннасцi i свабоды, — усе прысутныя ведалi: гэта развiтанне з мiнулым жыццём. I тады, каб падтрымаць маладую, палегчыць ёй гэты пераход, яе абступалi i хорам пачыналi спяваць. Голас вёскi суправаджаў яе ў невядомы свет жонкi i гаспадынi.

* * *

Дзе бы я нi ехала,

Дзе бы я нi йшла,

Я ж сваёй матулечцы

Кланялася я.

Дзякую табе, мама,

Што будзiла мяне рана.

Большэ не будзе, не будзе!

Праз тыдзень пасля вяселля, калi першы святочны гоман уцiхаў i маладыя пачыналi абжывацца ў новай хаце, у госцi iшлi сваты. Нездарма: трэба было паглядзець, як прыжылася маладая, цi ўсё ў яе ладзiцца, цi не сумуе па бацькоўскiм двары.

А калi хата напаўнялася ўнукамi i жыццё гаспадароў наблiжалася да скону, спявалi, як яно праходзiць праз калыску, вяселле i сiвiзну валасоў.

* * *

Ранняю парою сонейка свяцiлась,

Гэтаю парою дзяўчынка нарадзiлась*.

Сталi татка й мацi думацi-гадацi:

Як нашу дачушку будзем называцi?*

Ды прыйшлi да згоды Лiдачкай назвацi.

Дай жа табе Божа шчасцейка пазнацi!*

Радаваўся татка, цешылася мацi:

Дачушка прыгожая стала падрастацi*.

Дзiцячы дзянёчкi ў радасцi мiнаюць,

Па жыццi гадочкi хутка пралятаюць*.

Там у зялёным лесе зязюля кувае,

Што ўжо дзевяносты гадочак мiнае*.

* Радок паўтараецца двойчы.

Як жа без слоў, якiя гучаць толькi тут? Мясцовая гаворка — сама па сабе каштоўнасць, у ёй захавалiся назвы, якiх не сустрэнеш у слоўнiках ды даведнiках. Каб пачуць iх, трэба жыць у вёсцы, ужывацца ў яе побыт, чуць, як размаўляюць суседзi за плотам.

— Я толька жанiўся, прыехаў да цёшчы ў госцi, — згадвае Вiктар Парфенчык. — Ахвота што-небудзь з'есцi. Пытаю: «Што ёсць?» — «У халадзiльнiку квашанiна стаiць». Я залез, шукаю — няма. Аказваецца, квашанiна — гэта тутэшны халадзец. Або яго яшчэ называюць «бiлярэта».

I такiх слоў — не пералiчыць. Панцак — гэта ячная каша; скарачык, або выцiральнiк, — звычайны ручнiк, якi ў кожнай хаце вiсiць ля печы; а вандлiна — гэта бужанiна, якой не сорамна пачаставаць нават самых дарагiх гасцей.

ВЁСКА ВЕЧАТАРОВА

Допiнг для каня

Трэцяя кропка на карце — вёска з незвычайнай назвай, якая гаворыць пра сiлу народнага рашэння. Яна паходзiць ад двух слоў: «вечэ» i «Кутараў» — «народны сход у маёнтку Кутарава». Тут i сёння памятаюць, што такое сапраўдная супольнасць. I гэтая памяць перадаецца праз гiсторыю, якую мы пачулi ад Мiхаiла Мiхайлавiча Мiткевiча.

— Як ехалi распiсвацца, каня ў брычку запрагалi. Трымалi каня — улiвалi чарку гарэлкi ў горла. Ён тады нёсся — страх! Не стрымаць яго было, — апiсвае вясельныя традыцыi суразмоўца.

Мiхаiл Мiткевiч.

На гэтым возе сядзелi маладыя. I ляцелi яны — нiбыта разам з канём iрвалiся ў новае жыццё: хуткае, неспакойнае, поўнае вострых паваротаў.

З гэтай нагоды цiкава даведацца пра святкаванне вяселля ў вёсцы Новы Свержань, што ў гэтым жа раёне. Калi маладыя ўжо стаялi ля стала, на якiм зерне, мёд, свечка i каравай ляжалi, выходзiла старэйшая жанчына — свацця. А побач брат нявесты з асвечанай свечкай абыходзiў маладых i сыпаў зернем вакол, каб нiхто iм не насалiў. Потым саджалi маладога на пачэснае месца — у чырвоны кут, у пачатак стала. Лiчылася, што калi ён там сядзе, то i сам заможным будзе, i хата — поўная чара. А нявесту — на дзяжу, накрытую кажухом. I шарсцiнкi на тым кажуху пералiчвалi: колькi iх ёсць, столькi i грошай у маладой сям'i не перавядзецца. Тут жа мацi благаслаўляла дачку з абразком, а дружкi станавiлiся ззаду маладых, каб iх берагчы ад сурокаў.

Надавалi ўвагу ручнiкам. Першым перавязвалi маладым галовы, каб святыя бераглi iх ад няшчасця. Другi зацягвалi туга-туга на станах, каб дзецi хутчэй з'явiлiся. А трэцiм моцна звязвалi iм рукi, каб два iх шляхi ў адзiн злiлiся i нiхто iх не разлучыў. I толькi пасля гэтага яны праходзiлi праз трое варот, звiтых з ручнiкоў, а ўсе госцi станавiлiся ў карагод i спявалi вясельныя песнi.

Чаму Стоўбцы?

Назва горада, як i многiя тапонiмы, мае некалькi тлумачэнняў. Адной з найбольш пераканаўчых лiчыцца гiстарычная версiя, звязаная з ракой Нёман. У даўнiя часы яна была значна больш паўнаводнай i суднаходнай, а Стоўбцы з'яўлялiся адным з галоўных рачных партоў рэгiёна.

— У 1875 годзе Стаўбцоўскi рачны порт адправiў на Гародню i далей да самага Балтыйскага мора 800 судоў, загружаных зерном, пенькой, мёдам, льном, — расказвае Мiхаiл Мiхайлавiч. — А вышэй, у Нiкалаеўшчыне, была верф, дзе будавалi гэтыя рачныя суда.

Прыстань была настолькi важнай, што сюды сцякалiся тавары з усёй акругi. Уздоўж берага стаялi драўляныя слупы — «стоўбцы». Да iх прычальвалi, каб не знесла цячэннем, вялiкiя грузавыя лодкi i меншыя судны. Менавiта гэтыя слупы i далi назву паселiшчу, якое вырасла вакол порта.

Так заканчваецца наша вандроўка па Стаўбцоўшчыне — краi, якi ведаюць як радзiму народнага песняра, але якi насамрэч больш маштабны за любую кнiгу. Бо лiтаратура апiсвае жыццё, а тут яно цячэ ў сваёй першароднай плынi: у штодзённай працы, у святах, якiя не згасаюць, у дыялектах, якiя не запiсаны ў слоўнiках, у песнях, што не гучаць з экранаў. Гэтыя галасы ствараюць той самы непаўторны звон, без якога немагчыма ўявiць Беларусь. I пакуль яны гучаць, пакуль у вёсках яшчэ сустракаюць з хлебам-соллю i размаўляюць на той мове, якая не патрабуе перакладу, — жыве i сама зямля. Жыве так, як хацеў бы Якуб Колас: не ў застылых помнiках, а ў жывым слове. I гэта, бадай, галоўны скарб, якi мы вывозiм са Стаўбцоўшчыны. I чакаем вашых запрашэнняў, бо наша вандроўка працягваецца!

grudnitskiy@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Нравится читать наши новости и материалы? Добавьте нас в «Google Рекомендации» по ссылке.


Андрей МУКОВОЗЧИК
Андрей МУКОВОЗЧИК
Славянские традиции
Алексей БЕЛЯЕВ
Алексей БЕЛЯЕВ
Гонки в тупике