Каша — доля наша
02.07.2009 01:00:00
Разам з тым каша падчас варкі мела здольнасць “расці”, павялічвацца ў сваіх памерах. Гэта асаблівасць таксама стала прычынай адраснага прыгатавання яе для маладых і найперш — для нявесты, якая ў хуткім часе пасля вяселля таксама павінна была “павялічвацца” ў памерах. Тыя ж сімвалічныя аспекты сталі галоўным матывам выкарыстання кашы ў абрадах нараджэння і хрысцін дзіцяці, у калядна-навагодніх святкаваннях (у момант пераходу чалавека з аднаго года ў іншы), у жывёлагадоўчых абрадах, звязаных з ацёлам хатняй жывёлы, а таксама ў абрадах, якія суправаджалі будаўніцтва новага дома. Пры ўсім гэтым яна стала яшчэ і сакральнай стравай, якую гатавалі для абрадаў ушанавання памяці памерлых.
Кашу як абавязковую рытуальную страву выкарыстоўвалі ў ключавых абрадах будаўніцтва новай хаты. Калі будаўнікі ўкладвалі першую бэльку (бліжэйшую да чырвонага кута), то да яе прывязвалі кажух, у які быў загорнуты гаршчок з кашай. Гэта рабілася для таго, каб у хаце былі дабрабыт і лад паміж дамашнімі.
Адным з абавязковых абрадавых дзеянняў улазін было прыгатаванне кашы. Яе варылі ў старой хаце, а затым у прысутнасці ўсіх дамачадцаў пераносілі ў новую, каб разам з ёю перайшлі удача, сямейнае шчасце і прыбытак. Кашу, звараную ў печы старой хаты, загортвалі ў ручнік, кланяліся ва ўсе бакі і запрашалі з сабой галоўнага ахоўніка сялянскага жытла — хатніка (дамавіка).
8 студзеня адзначаецца свята ў гонар парадзіх і павітух. Дзень так і называецца — Бабіны кашы. Доўгі час існавала шыкоўная традыцыя: у нядзелю перад “бабіным” днём бабка-павітуха абходзіла тых жанчын, у якіх яна прымала роды або “бабіла” дзяцей, і “мазала” лбы жанчын і дзяцей кашай з ягадамі каліны і прыгаворвала спецыяльныя словы. А ўжо 8 студзеня моладзь катала павітух на санках, прыносіла ім падарункі, ладзіла спецыяльнае застолле.