Кароль Радзiвiл, дай Якубу ўладу!
28.06.2008
Ганеннi толькi спрыялi згуртаванню цыганоў
Яшчэ ў ХIХ стагоддзi вядомы польскi гiсторык Нарушэвiч меркаваў, што цыганы – гэта аселыя жыхары Падляшша i Палесся. Нашчадкi старажытных языбаў i яцвягаў. Наколькi такая версiя верагодная, можна паспрачацца. Але лепш пагутарыць з дасведчаным спецыялiстам, якiм на Вiцебшчыне лiчыцца прафесiянальны гiсторык i краязнаўца Мiледзiй Бунто.
— Мiледзiй Уладзiмiравiч, без мiнулага, як вядома, нельга ўявiць будучае. Працяглы час вы натхнёна вывучалi, калi так можна выказацца, цыганскую тэму. Цi знайшлi ў ёй што-небудзь адметнае?
— А як жа! Хто шукае – той знаходзiць. Тым больш што ў мяне даўнiя творчыя адносiны з вядомым цыганскiм паэтам, пiсьменнiкам, фiлосафам i вучоным Вальдэмарам Калiнiным. Праўда, цяпер ён жыве i выкладае ў Англii, але самыя актыўныя гады жыцця яго прайшлi ў Вiцебску. Дарэчы, цi ведаеце вы, што ён нават Бiблiю пераклаў на цыганскую мову?
Але ж вернемся да нашай размовы. Мне ўдалося высветлiць, што беларускiя цыганы з’явiлiся на нашай зямлi з боку Нямеччыны i Польшчы. Часткова з Венгрыi ў канцы ХVI – пачатку ХVII стагоддзяў. А паколькi Вялiкае княства Лiтоўскае суiснавала з Польшчай, то гэта спрыяла хуткай асiмiляцыi цыганоў на беларускай тэрыторыi.
— А чым гэта можна па-цвердзiць?
— У шматлiкай даведачнай лiтаратуры я адшукаў першы дакументальны ўспамiн, якi датуецца 1501 годам, дзе гаворыцца пра першага правадыра i «старшага войта» Васiля. Аднак тагачасным уладам павелiчэнне колькасцi цыганоў не надта падабалася. Адсюль з’явiлiся першыя законы, якiя забаранялi вандроўку i нават заахвочвалi выгнанне такiх табараў за межы краю. Але ганеннi толькi спрыялi згуртаванню цыганоў у трывалую сацыяльную структуру на чале з войтамi i ваяводамi.
— Знешне яны адрознiвалiся ад iншага насельнiцтва?
— Якраз экзотыка ў адзеннi, звычках i паводзiнах выклiкала, як нi дзiўна, цiкавасць да цыганоў з боку тагачасных магнатаў, асаблiва князёў Радзiвiлаў. Ды i ў сваiм асяродку iснавалi экзатычныя рытуалы. Скажам, да ХVIII стагоддзя ў Мiрскiм полi выбiралi «старшын» – пераважна сярэдняга ўзросту, статных i багатых. Выбары праходзiлi дужа ўрачыста. Для будучага ваяводы шылi багатую вопратку: жупан з чырвоным каўняром, а зверху яго – перакiнутае праз плячо «джупло», прасцей кажучы, нагайка цi плётка з сярэбранай ручкай. Убор завяршала высокая футравая шапка з чырвонага сукна.
— I як удавалася пад-трымлiваць такое «двоеўладдзе» ў межах адной дзяржавы?
— Вельмi няпроста. Практычна ў межах цыганскiх паселiшчаў цi табараў унутраная ўлада была, па сутнасцi, неабмежаванай. Тут сам ваявода выносiў прысуды, якiя бездакорна выконвалiся. З другога боку, узмацняўся прыгнёт цыганоў з боку дзяржавы. Асаблiва жорсткiм ён быў у ХVII стагоддзi. У нейкi момант мог узнiкнуць стыхiйны выбух, своеасаблiвы бунт. Але ў караля Радзiвiла хапiла здагадлiвасцi не абвастраць сiтуацыю да крайняй рысы. Ён заключыў з вярхушкай цыганскай знацi магчымае перамiр’е. Яны таксама займелi тытул каралёў. Паўнамоцтвы зацвярджалiся дзяржаўнай каралеўскай канцылярыяй.
Самымi вядомымi цыганскiмi каралямi лiчылiся Мiласнiцкi, Марцiнкевiч i Багуслаўскi. Найвышэйшай улады дасягнуў Якуб Знамяроўскi. Ён меў тытул цыганскага караля Беларусi, Лiтвы, Украiны i Польшчы. Кiраваў ён ажно да 1795 года – да апошняга падзелу Польшчы. Багацце Якуба Знамяроўскага было не меншым, чым у дзяржаўных манархаў. У прыватнасцi, цыганскаму каралю належалi кожны дзесяты конь, кацёл i талер.
— А дзе геаграфiчна на тэрыторыi тагачаснай Беларусi iх пражывала больш?
— Калi звярнуцца да ХVII стагоддзя, то цыганы сустракалiся паўсюдна, у тым лiку i на ўсходзе краiны. Але найбольшыя паселiшчы былi пад Нясвiжам, Мiрам, Зэльвай, Слонiмам. Паступова яны абжывалi тэрыторыi ў ваколiцах Мiнска, Барысава, Вiцебска i Слуцка. Як польскiя, так i расiйскiя афiцыйныя ўлады iмкнулiся абмежаваць мiграцыю цыганоў, прымусiць iх да аселага ладу жыцця. Такiя спробы аказалiся няўдалымi, бо вандроўнiцтва кiпела, як кажуць, у цыганскай крывi.
З другога боку, сярод iх было нямала рамеснiкаў, гандляроў, купцоў i нават уладальнiкаў фабрык. Часцей за ўсё дзецi вольнага табара трымалi ў сваiх руках гандаль коньмi, любiлi кiрмашы, удзел у народных i рэлiгiйных святах. I тут дарэчы прыгадаць знакамiты «мядзведжы гарадок» цi цыганскi цырк пад Смаргонню. Такiя вiдовiшчы славiлiся на ўсю Еўропу!
— Цi растварылiся, калi так можна выказацца, цыганы ў iншых народах i нацыянальнасцях? Не згубiлiся iх твар i культура ў плынi стагоддзяў?
— Сцвярджаць такое памылкова. I сучасны прадстаўнiк, нават iнтэлектуальны «кароль» беларускiх цыганоў родам з Вiцебска Вальдэмар Калiнiн шмат зрабiў, каб культура i традыцыi гэтага народа не згубiлiся ў часе i прасторы. Урэшце, месца пад сонцам хапае для ўсiх. Ды i ў нашы днi мы маем магчымасць сцвярджаць, што беларускiя цыганы здолелi захаваць свае звычаi, мову, адзенне, музыку i спевы з танцамi. Нават у эпоху змрочнага Сярэднявечча i наступныя перыяды лiхалецця гэты вясёлы i адначасова гаротны народ не страцiў сваёй iснасцi. Калi па Еўропе кацiлiся рэлiгiйныя войны, беларусам i цыганам хапiла мудрасцi i абачлiвасцi, каб не ўцягнуць сябе ў розныя правакацыi i канфлiкты. Iм удалося пазбегнуць праяў нацыяналiстычнай варо-жасцi, захаваць гонар i паразуменне памiж прадстаўнiкамi розных этнiчных груп. Хочацца спа-дзявацца, што i ў наш няпросты час выпрацаваная стагоддзямi мудрая раўнавага застанецца вызначальнай для ўсiх нацый i народнасцей, якiя засяляюць зямлю пад белымi крыламi.