Каляды — сімвалічная мяжа паміж старым і новым годам
09.01.2009 01:00:00
(Працяг. Пачатак у №1.)
Такім чынам, пачатак Калядаў быў цесна звязаны з зімовым сонцастаяннем, якое і з’яўляецца фактычным, прыродай апасродкаваным, а не фармальным пачаткам новага года.
У структуры ўсяго каляднага цыкла святкаванняў было тры Куцці з інтэрвалам у адзін тыдзень. Спачатку адзначалі бедную (посную) Куццю, потым багатую (шчодрую), нарэшце, трэцяя Куцця зноў-такі была поснай (вадзяной). Гэтая паслядоўнасць настолькі прадуманая, дакладна вывераная, што нам застаецца толькі дзівіцца мудрасці нашых далёкіх продкаў. Каб зразумець гэты жыццёва-прыродны рытм, трэба звярнуцца да схемы, на якой зафіксаваны фрагмент народнага календара, што ахопліваў час напярэдадні Калядаў і ішоў услед за імі. Схема паказвае, што Каляды з’яўляюцца своеасаблівым двухтыднёвым мастком-пераходам з Піліпаўскага посту ў зімовы мясаед. Хіба можна было пасля працяглага і строгага ўстрымання ад ежы жывёльнага паходжання адразу ж перайсці ў мясаед? Зразумела, нельга. Таму Каляды з іх прадуманай зменлівасцю, паслядоўнасцю, пластычнасцю пераходу (посная — “багатая” — посная Куцця) паступова выводзілі чалавека з зоны працяглага ўстрымання (посту) і гэтаксама няспешліва рыхтавалі (“пераводзілі”) да часу актыўнага спажывання тлустай ежы. Пазней мы ўбачым, што менавіта такі ж паслядоўны, узважаны, дакладна разлічаны пераход будзе вызначаць жыццё людзей у прамежку часу паміж мясаедам — Масленіцай (“мяса-пустам”) і Вялікім пастом.
Калі б наша сучаснае жыццё мы суадносілі з юліянскім календаром, то тэрмін святкавання Калядаў быў бы наступным:
у ноч на 25 снежня адзначалі першую Куццю;
у ноч на 1 студзеня — адзначалі другую, шчодрую Куццю і адначасова сустрэчу Новага года;
у ноч на 7 студзеня — трэцюю, посную Куццю.
Пераход грамадзянскага летазлічэння на грыгарыянскі каляндар прывёў да таго, што праваслаўныя людзі сталі святкаваць Каляды ў перыяд паміж 6—21 студзеня.
А калі ўзгадаць гістарычны дыялог культур, які адбываўся на Беларусі на працягу многіх стагоддзяў, то атрымалася так, што:
разам з першай каляднай Куццёй сталі адзначаць Раство Хрыстова (7 студзеня),
разам з другой Куццёй — святое Васілле (14 студзеня),
разам з трэцяй Куццёй — Вадохрышча (19 студзеня).
(Працяг будзе.)