Калодзеж, дай вады напіцца
20.06.2009 01:00:00
Такія дзеянні тлумачыліся тым, што “адтуль” на нас глядзяць продкі.
Асаблівая ўвага надавалася пошуку “ваданоснай жылы”. Для гэтага выкарыстоўвалі розныя спосабы. У адным выпадку карысталіся дапамогай лазовай рамкі, якую падвешвалі на льняную нітку і павольна хадзілі па тым месцы, дзе прыкладна хацелі капаць калодзеж. У тым месцы, дзе рамка пачне круціцца ў правы бок, рабілі пазнаку: убівалі бярозавы калок. Другі варыянт быў больш старажытным і больш пашыраным на тэрыторыі рассялення беларусаў. Увечары на тым месцы, дзе збіраліся капаць калодзеж, раскладвалі патэльні. Калі раніцай, пры ўзыходзе сонца, патэльня пакрывалася вадзянымі струменьчыкамі, гэта азначала, што калодзеж на гэтым месцы будзе доўга паіць вадой усё сямейства; мала на патэльні “поту зямнога” — мала і вады будзе ў калодзежы; сухая — вады не бу-дзе. Таксама спрыяльнымі для будаўніцтва калодзежу лічыліся тыя месцы, дзе расце бузіна і шчаўе.
Пры будаўніцтве калодзежа неабходна было ўлічваць шэраг дабратворных фактараў і, перш за ўсё, выбраць найбольш спрыяльны час. Звычайна пачатак работ прымяркоўвалі да маладзіковай фазы Месяца, улічвалі сетку спрыяльных і неспрыяльных дзён, напрыклад, адным з найбольш прадуцыравальных лічыўся дзень 21 чэрвеня. А каб у ім вады заўсёды было поўна, капаць пачыналі раніцай.
Распачынаць капаць кало-дзеж павінен быў хлопец, які быў сынам яшчэ жывых бацькоў, сам фізічна здаровы чалавек. Такую справу не даручалі тым, за кім замацавалася кепская “слава”: “у яго цяжкая рука” ці “ў яго дурное (дрэннае) вока”. “Першую” зямлю на месцы будучага калодзежа неабходна было выбраць у выглядзе крыжа. Затым у цэнтр крыжа (радзей — круга) вылівалі асвечаную на Вадохрышча ваду і чыталі замовы. Першае з’яўленне вады таксама суправаджалася рытуальнымі дзеяннямі: таму, хто капаў зямлю, дарылі новую кашулю ці кавалак палатна, а ў калодзеж кідалі манеты.
“Першай” вадой паілі ўсіх членаў сям’і, хатнюю жывёлу і птушку. Пільна сачылі за тым, каб “першую” ваду не выпіў хто-небудзь іншы і не забраў здароўе сям’і, дабрабыт і прыбытак у гаспадарцы. Калі ў доме была бяздзетная жанчына, то “першую” ваду давалі пакаштаваць менавіта ёй.