Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Кнігу беларускіх загадак з перакладам на кітайскую і англійскую мовы прэзентавалі ў Мінску

Каларыт вобразаў

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшла прэзентацыя зборніка загадак “Бегла ліска каля лесу блізка...” і кнігі вядомага навукоўца, даследчыка культуры і побыту беларусаў Аляксандра Лакоткі “Цвета и легенды родных просторов”. 

Кніга загадак “Бегла ліска каля лесу блізка...” — чарговае выданне серыі “З народнапаэтычнай спадчыны”, пачаткам якой былі “Прымаўкі ды прыказкі — мудрай мовы прывязкі” (2017). На прэзентацыі адзначалася: “Захавалася і пераемнасць у афармленні кнігі: кожны тэкст мае пераклад на іншыя мовы (у тым ліку кітайскую і англійскую), а метафарычныя вобразы — маляўнічае візуальнае ўвасабленне. Аднак з’явіліся і новыя адметныя асаблівасці. Так, акрамя беларускіх загадак у зборнік уключаны іх аналагі ў рускім, украінскім і польскім фальклоры”. 

Кніга акадэміка НАН Беларусі Аляксандра Лакоткі “Цвета и легенды родных просторов” — вынік шматгадовай творчай працы. У яе ўвайшло каля 200 твораў акварэльнага жывапісу і графікі, якія адлюстроўваюць прыродны каларыт рэгіёнаў і лакальных раёнаў Беларусі, маляўнічыя рысы вёсак, пасёлкаў, гарадоў, помнікаў архітэктуры. 

Прысутнічае і новая аўтарская навуковая інтэрпрэтацыя так званага духу месца, інакш кажучы асяроддзя, яго прыродных і рукатворных аб’ектаў, што адлюстравана ў аналітычных тэкстах. Ідэя аб мностве прастор — міфалагічнай, філасофскай, жылой — раскрывае творчую, паэтычную сутнасць духоўных уяўленняў народа аб прыродзе і асяроддзі пражывання. 

Абедзве кнігі выйшлі ў Выдавецкім доме “Беларуская навука”. І прысвечаны яны Году малой радзімы. 

Дарэчы, да прэзентацыі кніг была падрыхтавана і выстава выданняў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, прысвечаных беларускай этнаграфіі і фалькларыстыцы, вуснай народнай творчасці, гісторыі вывучэння беларускіх казак, прыказак, прымавак, легенд, міфаў, абрадавых песень. Адзін з раздзелаў выставы прысвячаўся дзейнасці вядомага вучонага, даследчыка культуры і побыту беларускага народа, гісторыка-культурных ландшафтаў, архітэктуры Беларусі, акадэміка НАН Беларусі Аляксандра Лакоткі. 

Ладзілі мерапрыемства Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Кацярына СІКОРСКАЯ.

Голас Радзімы № 24 (3576), чацвер, 28 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter