Гонар скрозь гады

Пра мужнасць і самаадданасць нашага суайчынніка Вітольда Пілецкага хадзілі легенды“Любіце родную зямлю. Любіце сваю святую веру і традыцыі свайго народа. Станьце людзьмі гонару, заўсёды вернымі сваім вышэйшым каштоўнасцям, якім трэба служыць усё жыццё”. Такі быў жыццёвы дэвіз змагара з фашыстамі, аднаго са стваральнікаў падпольнай арганізацыі Вітольда Пілецкага, які ён неаднойчы агучваў на працягу жыцця.
Пра мужнасць і самаадданасць нашага суайчынніка Вітольда Пілецкага хадзілі легенды
Вітольд Пілецкі“Любіце родную зямлю. Любіце сваю святую веру і традыцыі свайго народа. Станьце людзьмі гонару, заўсёды вернымі сваім вышэйшым каштоўнасцям, якім трэба служыць усё жыццё”. Такі быў жыццёвы дэвіз змагара з фашыстамі, аднаго са стваральнікаў падпольнай арганізацыі Вітольда Пілецкага, які ён неаднойчы агучваў на працягу жыцця.
“Ротмістр Вітольд Пілецкі. 1901 – 1948” — так называлася выстава ў Нацыянальным гістарычным музеі. Наведвальнікам адкрылася безліч матэрыялаў, падрыхтаваных Польскім інстытутам нацыянальнай памяці і стваральнікам выставы Яцакам Паўловічам. Гэта экспазіцыя пра чалавека, які нарадзіўся ў Расіі, але па паходжанні быў беларусам, прашчуры якога мелі маёнтак на Навагрудчыне і карысталіся гербам “Ляліва”.
Лёс Вітольда Пілецкага быў цесна звязаны з родным краем: вучыўся ён у Вільні ў камерцыйнай вучэльні, пэўны час жыў на Лідчыне, у маёнтку Сукурча. Засталіся яшчэ старыя людзі, што памятаюць Пілецкіх і яго, Вітольда, справы. Запісаны ўспаміны аднавяскоўцаў пра іх сям’ю.
У 1939 годзе Пілецкі змагаўся супраць фашыстаў, стаў адным са стваральнікаў вайсковай падпольнай арганізацыі — Сакрэтнай Польскай Арміі. Быў кіраўніком яе штаба. Арышты сярод жаўнераў гэтай арганізацыі ў 1940 годзе, зняволенне ўсё большай колькасці людзей у створаным гітлераўцамі канцэнтрацыйным лагеры ў Асвенцыме схілілі камандаванне Сакрэтнай Польскай Арміі прыняць рашэнне аб правядзенні разведвальнай дзейнасці на тэрыторыі лагера. Таму Пілецкі добраахвотна здаецца нямецкім уладам і трапляе ў Асвенцым, дзе арганізуе падпольную разведвальную дзейнасць. У 1943 годзе пасля ўдала наладжанай працы ў “пекле на зямлі” яму пашчасціла ўцячы адтуль, пасля чаго яго на волі павышаюць у званні да ротмістра.
Потым — працяг вайны, канспірацыя, Армія Краёва, Варшаўскае паўстанне, разведка, арышт, расстрэл…
Вітольд Пілецкі — неадназначная фігура ў сусветнай гісторыі. Толькі, як сведчыць стваральнік выставы Яцак Паўловіч, калі патрэбна было жыць і мірна ствараць — ён ствараў, калі патрэбна было ваяваць — ён ваяваў, а калі патрэбна было скласці жыццё — ён зрабіў і гэта. Усё дзеля таго, каб яго Радзіма была свабоднай. Гісторыя ж зрабіла такі неверагодны зігзаг, што калі Польшча ўжо была свабодная — яго расстралялі…
Рэабілітацыя Вітольда Пілецкага пачалася ў 1986 годзе, а 1 кастрычніка 1990 года ротмістр быў поўнасцю апраўданы. Пасмяротна Вітольд Пілецкі быў адзначаны Камандорскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы і ўзнагароджаны Ордэнам Белага Арла.
…Дождж за вокнамі музея не спыняўся да канца імпрэзы. Нібы знак таго, што людзі і прырода на этнічнай радзіме змагара з фашызмам смуткуюць аб тым, што ротмістра некалі пазбавілі жыцця незаконна. Добра, што цяпер мы маем усё ж гонар ведаць гераічную праўду пра нашага мужнага суайчынніка.

Наталля Супей
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter