Следователи КГБ провели кропотливую работу над выявлением всех причин преступной деятельности фашистских оккупантов среди белорусской молодежи

«Гiтлерюгенд» па‑беларуску

Гiсторыю нельга забываць, каб яна не паўтаралася. Вось чаму нам патрэбна праўда, у тым лiку i аб «Саюзе беларускай моладзi» (СБМ). Аб тым, як праходзiў працэс стварэння гiтлераўцамi гэтай арганiзацыi на Магiлёўшчыне, больш змястоўна расказваюць архiўныя матэрыялы ўпраўлення КДБ па Магiлёўскай вобласцi. Следчыя ­УКДБ правялi карпатлiвую работу па выяўленнi ўсiх прычын злачыннай дзейнасцi фашысцкiх акупантаў сярод беларускай моладзi.

Тое, што з моманту акупацыi Беларусi гiтлераўцы iмкнулiся выкарыстаць беларускую моладзь як папаўненне для сваёй армii, адназначна пацвердзiў Баўэр, намеснiк гаўляйтара Кубэ: 
«Любымi метадамi мы павiнны скарыстоўваць беларускую моладзь як рэзерв вайны. Мабiлiзацыя i выкарыстанне беларускай моладзi для нашай перамогi з’яўляецца ў сучасны момант галоўнай задачай для нямецкага кiраўнiцтва. Гэта бу­-дзе зроблена пры дапамозе асобнай арганiзацыi, якую фюрэр дорыць беларускай моладзi». 
У якую будучыню клiкалi i клiчуць пад бчб‑сцягамi?
На думку Кубэ, яна павiнна была дзейнiчаць пад маскай нацыянальнага адраджэння. 

У хуткiм часе па загаду гаўляйтара ў Германiю заспяшалiся «абаронцы нацыянальных iнтарэсаў» Мiхась Ганько i Надзея Абрамава, каб пераняць вопыт у «гiтлерюгенда» — «Саюза гiтлераўскай моладзi». Вярнуўшыся з Германii ў Мiнск, Ганько далажыў Кубэ, што менавiта такая арганiзацыя моладзi — падпарадкаваная загаду i дысцыплiне — павiнна быць створана на Беларусi. Неўзабаве Кубэ зацвердзiў яе статут. А 22 чэрвеня 1943 года адбылося пасяджэнне, прысвечанае арганiзацыйнаму афармленню «Саюза беларускай моладзi». 

Дык якiмi ж учынкамi збiраўся акрэслiць свой шлях да «нацыянальнага вызвалення» «Саюз беларускай моладзi», групы якога пачалi стварацца гiтлераўцамi на Беларусi, у тым лiку i на Магiлёўшчыне — у Бабруйску, Бялынiчах, Асiповiчах, Крычаве, Шклове? 

Каб уявiць мэты i задачы гэтай арганiзацыi, прывядзем некалькi вытрымак з яе статута: 
«...Беларускi народ павiнен атрымаць арыентацыю на новую Еўропу, каб iсцi да яе з усiмi еўрапейскiмi народамi пад кiраўнiцтвам вялiкай Германii. У гэтым напрамку неабходна сёння пачаць выхаванне беларускай моладзi. Яна павiнна... узяць на сябе мiсiю крыжовага паходу супраць жыда‑бальшавiзму». 
Арганiзацыя дружын СБМ на тэрыторыi вобласцi была ўскладзена на работнiкаў нямецкiх камендатур i аддзелаў адукацыi раённых упраў. Так, у чэрвенi 1943 года ў Крычаве быў праведзены сход моладзi, галоўным чынам настаўнiкаў i вучняў. Нямецкi афiцэр аб’явiў, што гэты сход дае пачатак стварэнню Крычаўскай дружыны СБМ, пажадаў моладзi хутчэй дасягнуць у сваёй дзейнасцi ўзроўню «гiтлерюгенда», пашыраць свае рады. Прапагандыст растлумачыў i мэту саюза — правядзенне «аздараўляльных» мерапрыемстваў сярод юнакоў i дзяўчат, выхаванне iх у вернасцi Адольфу Гiтлеру. 

Шчыльнымi шэрагамi пад бчб‑сцягамi. Нiчога не нагадвае гэты здымак?
Адказным за набор у Крычаўскую дружыну СБМ новых членаў i iх выхаванне немцы назначылi К. Як расказваюць дакументы архiўнай крымiнальнай справы, гэта былы чырвонаармеец, у адным з баёў здаўся ў палон, вярнуўся дадому. Гiтлераўцы прапанавалi яму ўзначалiць аддзел па працаўладкаваннi ў раённай управе. На гэтым участку К. дбайна абараняў iнтарэсы нямецкiх улад, прымяняў рэпрэсiўныя меры да мясцовага насельнiцтва. А членам СБМ маляваў карцiны «шчаслiвага» i «свабоднага» жыцця. Чытаў iм даклады фюрэра, водгукi яго беларускiх прыспешнiкаў. Добра давялося «папацець» i кiраўнiку Круглянскай дружыны В., бо моладзь туды не запiсвалася. Тады зваротлiвы «арганiзатар», каб адзначыць патрабаваную колькасць членаў арганiзацыi, уключыў у спiс СБМ вучняў 3—4-х класаў. На занятках даваў iм зубрыць прысягу саюза, цытаваў рэкамендацыi Ганько i прэзiдэнта беларускай цэнтральнай рады Радаслава Астроўскага, якiя ў той час публiкавалiся ў газетах «Новый путь», «Беларуская газэта». Як найбольш актыўнага прыхiльнiка юнацкай арганiзацыi немцы накiравалi яго на курсы падрыхтоўкi СБМ у мястэчку Альберцiн, што ў Слонiмскiм раёне Гродзенскай вобласцi. Там «кавалiся» кадры сярэдняга звяна «Саюза беларускай моладзi». 

Распарадак на курсах iснаваў амаль што ваенны. Юнак юнака вiтаў выкiдваннем рукi са словамi «Хайль Гiтлер!» або «Жыве Беларусь!». Iдэалагiчная апрацоўка была асноўным прадметам у выхаваннi будучых кiраўнiкоў дружын. Аб яе змесце расказваюць архiўныя дакументы. 

З пратакола допыту былога прапагандыста курсаў I.: «У дакладах i лекцыях адзначалася, што вайна Германii супраць ­СССР з’яўляецца справядлiвай. Яна выклiкана неабходнасцю знiшчэння бальшавiзму. Перамога нямецкай армii дасць магчымасць стварыць на Беларусi... буржуазную дзяржаву пад пратэктаратам Германii. Немцы паказвалiся як вызвалiцелi беларускага народа...»

З пратакола допыту былога курсанта Б.: «У час размоў немцы ўпэўнiвалi нас, што беларусы змогуць арганiзаваць нацыянальную армiю, якая будзе ўзброена немцамi. А мы павiнны былi разам з нямецкiмi ўладамi не дапусцiць прыходу Чырвонай армii». 

Добра засвоiў настаўленнi «выкладчыкаў» падправаднiк (такiя званнi прысвойвалiся кiраўнiкам дружын) I., якi пасля заканчэння курсаў быў назначаны кiраўнiком Бялынiцкай дружыны. З сакавiка 1942 года да жнiўня 1943-га — дня арганiзацыi СБМ у Бялынiчах — ён працаваў загадчыкам мясцовага рабочага бюро, удзельнiчаў у прымусовай адпраўцы вяскоўцаў у Нямеччыну. Да непаслухмяных часта прымяняў фiзiчнае «ўздзеянне». На сходах перад насельнiцтвам усхваляў Гiтлера i яго «вызваленчую» мiсiю. Гэтымi ж размовамi дурыў падправаднiк i юныя галовы. 

Гiтлераўцы хутка ацанiлi «здольнасцi» «змагара за свабодную Беларусь», перавялi I. на пасаду кiраўнiка Магiлёўскай акруговай арганiзацыi СБМ для каардынацыi дзейнасцi раённых дружын. А яго месца заняў В., у выхаваўчым багажы якога былi таксама нянавiсць да рускiх, вернасць iдэям германскага фашызму. Але ж як нi старалiся акупанты i кiраўнiкi дружын, моладзь разумела, да якой «будучай дзейнасцi» iх рыхтавалi. I ў саюз не iшла. Вось чаму ў канцы 1943 года з’явiўся загад немцаў аб абавязковым уступленнi юнакоў i дзяўчат у гэту арганiзацыю. А «непаслухмяных» чакала фашысцкая няволя. Вось i выводзiла дрыжачая дзiцячая рука наступныя радкi: «Прашу прыняць мяне ў СБМ. Даю юнацкае слова гонару, што я ёсць арыйскага паходжання i беларускай нацыянальнасцi. Маю шчырае жаданне i моцную волю служыць, працаваць i змагацца за шчасце i дабрабыт беларускага народа i Айчыны, абяцаю заўсёды слухацца сваiх кiраўнiкоў». Адначасова гэты лiст з’яўляўся i прысягай. Асаблiва песцiлi слых В. радкi гiмна моладзi, з якiм яго падапечныя маршыравалi па Бялынiчах. 

Тых, хто сёння ходзiць па вулiцах, таксама хтосьцi пастроiў у шэрагi i паклiкаў пад бчб‑сцяг…
I хто ведае, куды б яны «зайшлi», калi б усё мацней не адчуваўся подых вызвалення. Iшоў 1944 год. Цяпер ужо выхаванне лекцыямi часцей змянялася на больш празаiчную справу — рыццё блiндажоў. Больш канкрэтнымi адносна мэт СБМ цяпер сталi i выказваннi Радаслава Астроўскага. У сваiх прамовах ён ужо загадвае арганiзаваць з юнакоў СБМ аддзелы дапаможнай службы для «Беларускай краявой абароны». Шэф‑праваднiк Ганько спрабаваў «падба­дзёрыць» у гэты адказны момант спадара прэзiдэнта «станоўчай» справаздачай аб дзейнасцi СБМ, якая была надрукавана ў адным з нумароў «Беларускай газэты». Там, у прыватнасцi, адзначалася: «Саюз беларус­кай моладзi» ўзяў у рукi зброю, каб бiць ёю жыдоў i бальшавiкоў, здабыць волю для Беларусi. Добраахвотнiцкая рота СС, выдатны ўдзел у ваенна-дапаможнай службе ў Нямеччыне — вось тое канкрэтнае, што ён унёс у агульнаеўрапейскае змаганне супраць ворагаў новай Эўропы». 

Свой асабiсты ўклад у гэтую «пачэсную» справу быў i ў I. Раз’язджаў па вобласцi, спрабаваў арганiзаваць групы СБМ па раёнах. У Магiлёве зрабiць гэта не ўдалося. Жадаючых не было, за выключэннем некалькiх дзяўчат, якiх удалося ўгаварыць паехаць на курсы ў Мiнск. Не змог I. наладзiць дзейнасць i Быхаўскай дружыны. Хоць i створана яна была ў вераснi 1943 года, аднак практычных спраў на сваiм рахунку не мела. Часцей падправаднiк бываў у Шклове, бо група тут дзейнiчала, на яго думку, адмыслова. 

З пратакола допыту былога кiраўнiка Шклоўскай дружыны СБМ З.: «Калi я ад членаў саюза прымала прысягу, то ўсiх iх выстраiлi на ўрачыстую лiнейку. Затым строем пайшлi ў парк горада, дзе знаходзiлiся магiлы нямецкiх салдат, i члены СБМ усклалi на гэтыя магiлы вянкi». 
А ў гэтыя хвiлiны акупанты знiшчалi жыхароў вёсак Баравая Касцюковiцкага, Савiнiчы Клiмавiцкага раёна. У гэты ж самы час банда бiшлераўцаў (у Асiповiцкiм раёне атрад палiцэйскiх узначальваў немец па прозвiшчы Бiшлер), у складзе якой былi i нашы суайчыннiкi, палiла вёску Бозак Асiповiцкага раёна, дзе ў полымi згарэла 496 чалавек. Тады ж ад рук катаў загiнула 195 жыхароў вёскi Палядкi, 736 чалавек з вёскi Лочын таго ж раёна...
Такiя падзеi, вядома, не маглi не адбiцца на душах падлеткаў. Вось чаму не дабiўся адчувальных поспехаў у арганiзацыi СБМ i кiраўнiк Асiповiцкай дружыны П. У яго «баявым атрадзе» налiчвалiся адзiнкi «байцоў». 

Каб падтрымаць «арыйскi дух» у моладзi, найбольш актыўных «паслядоўнiкаў» фюрэра немцы пасылалi на экскурсiю ў Германiю, каб затым выкарыстаць гэтыя паездкi для прапаганды сярод юнакоў СБМ i мясцовага насельнiцтва. Безумоўна, iх не вадзiлi на экскурсiю ў канцэнтрацыйныя лагеры Дахау i Равенсбрук. Прапагандысцкая кухня гiтлераўцаў працавала наступным чынам. 

З пратакола допыту былога члена Асiповiцкай дружыны СБМ П.: «Перад экскурсiяй мяне вызваў следчы СД i папярэдзiў, што пасля вяртання я не павiнен расказваць аб разбурэннях, якiя там убачу. Вярнуўшыся з Германii, я выступiў па радыё ў Асiповiчах, дзе па раней падрыхтаваным тэксту ўсхваляў добрае жыццё нямецкага народа. На самой жа справе я бачыў разбураныя гарады, мноства людзей, якiя галадалi». 

Найбольш актыўна дзейнiчала Бабруйская дружына СБМ, якую ўзначальвала А. Справы па яе стварэннi iшлi значна «лягчэй», бо А. адчувала поўную падтрымку з боку мясцовага СД. Калi хто з юнакоў цi дзяўчат не паддаваўся агiтацыi, таго накiроўвалi туды на «апрацоўку». 

Чаму тыя, хто сёння робiць здраднiкаў з СБМ героямi, не хочуць успамiнаць пра дзяцей з вёскi Скобраўка?

З пратакола допыту былога члена Бабруйскай арганiзацыi СБМ Г.: «...Я была выклiкана ў СД... Там паставiлi ўмову: цi паедзеш на курсы, цi — у Германiю. Пасля гэтага я дала згоду паехаць на курсы СБМ». 

Такiм чынам былi сфармiраваны групы на мясакамбiнаце, будаўнiчым заводзе, швейнай фабрыцы, а затым i раённыя групы. Працаваў штаб, якi кiраваў усёй арганiзацыяй cаюза. 

З мэтай папулярызацыi СБМ сярод насельнiцтва 7 мая 1944 года ў Бабруйску быў арганiзаваны парад моладзi пад лозунгам: «Уся моладзь! Падымайся на барацьбу супраць бальшавiзму». Затым адбыўся мiтынг у гарадскiм тэатры, дзе выступiлi кiраўнiкi гуртоў СБМ i iншых «вызваляльных» арганiзацый: «Рускай вызваляльнай армii», «Саюза барацьбы супраць бальшавiзму». 

Для больш мэтанакiраванай апрацоўкi моладзi ў прафашысцкiм духу члены СБМ праходзiлi курсы пры палiтшколе, дзе прапаведвалiся расавая няроўнасць i нацыяналiзм. Больш таго, А. настойвала перад нямецкiмi ўладамi, каб члены СБМ адначасова з’яўлялiся i членамi «Саюза барацьбы супраць бальшавiзму». Маўляў, юнакi хутчэй прыстасуюцца да «канкрэтнай справы» па «адраджэннi» Беларусi. Гiтлераўцы, вядома, падтрымалi гэту iдэю. Так з’явiлася прысяга: «Даю ўрачыстую клятву вернасцi вызвалiцелю народаў Расii i аб’яднальнiку новай Эўропы Адольфу Гiтлеру. Я аб’яўляю сябе непрымiрымым i паслядоўным ворагам юда‑бальшавiзму ва ўсiх яго праявах». 
Бадай, самы чорны след пакiнулi члены Бабруйскай дружыны СБМ сваiм удзелам у арганiзацыi i функцыянаваннi дзiцячага лагера ў вёсцы Скобраўка Пухавiцкага раёна, дзе фашысцкiя каты бралi кроў у падлеткаў для сваiх параненых салдат. 
I вось як гэта было. 

У канцы мая 1944 года камандуючы тылавой акругай 9‑й пяхотнай нямецкай армii Фрыдрых Густаў сабраў у Бабруйску кiраўнiкоў СБМ i ­СБСБ i растлумачыў iм, што ў сувязi з наблiжэннем фронту жыццю i здароўю дзяцей быццам пагражае небяспека. Вось чаму нямецкае камандаванне прыняло «гуманнае» рашэнне арганiзаваць у вёсцы Скобраўка дзiцячае «сяло». А для работы ў iм патрабавалiся выхавальнiкi. Выкладчыкi школ адмовiлiся ад гэтай справы. Затое падрыхтаваць выхавальнiкаў з лiку моладзi СБМ згадзiлася А. Калi кандыдатуры былi падабраны, шэфы з СД загадалi iм падпiсаць паперы аб невыдаваннi звестак пра арганiзацыю «сяла». Мiж iншым дзецi павiнны былi паступаць туды толькi пасля строгага медыцынскага ­агляду. 

З пратакола допыту сведкi тых трагiчных падзей К.: «...У лiку iншых гiтлераўцы забралi i мяне. У вёсцы Скобраўка знаходзiлася прыкладна 2 тысячы дзяцей ва ўзросце ад 3 да 16 гадоў. Усе мы былi размеркаваны па групах колькасцю 30—40 чалавек. На чале такiх груп стаялi рускiя, беларускiя юнакi i дзяўчаты, якiя насiлi нарукаўныя павязкi з надпiсам «СБМ». 
Праз тыдзень члены акруговага штаба СБМ наведалi дзiцячы лагер i разам з немцамi арганiзавалi яго афiцыйнае адкрыццё. На спецыяльных машынах на «свята» былi прывезены бацькi дзяцей вязняў, прыгналi немцы i мясцовае насельнiцтва. На дрэвах i дамах вывесiлi партрэты Гiтлера, а каб прыдаць адчуванне беларускасцi — бел‑чырвона‑белыя сцягi. Мiж дрэў у са­дзе на сталах прыцягвала позiркi галодных дзяцей багатае снеданне...»
Расказвае былы вязень дзiцячага лагера вёскi Скобраўка Ц.: «...Як толькi бацькi паехалi, нас зноў загналi за калючы дрот, сталi дрэнна кармiць. Аднойчы я папаў у групу дзяцей, у якiх павiнны былi ўзяць кроў. Памятаю, што мяне прывялi ў памяшканне, дзе знаходзiўся доктар. Я ўбачыў, што ён падрыхтаваў шпрыц, памазаў мне чымсьцi руку. Але, калi хацеў узяць кроў, раптам аб’явiлi трывогу. Доктар i немцы, якiя яму дапамагалi, пабеглi хавацца, я пабег таксама. Вось чаму ў мяне кроў не ўзялi. У памяшканнi, дзе бралi кроў, я бачыў на стале мноства сасудаў з крывёю...» 

Ужо пасля вызвалення адзiн з малодшых афiцэраў гiтлераўскай армii ў час следства паказаў, што ў пасёлку Мар’iна Горка iснавалi армейскiя нямецкiя шпiталi. 

З пратакола допыту жыхара вёскi Скобраўка Ц.: «...У нашым доме немцы пасялiлi 20 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 13 гадоў. Яны былi худыя i брудныя. Выхавальнiкi, цi, як iх яшчэ называлi, групавыя кiраўнiкi, з дзецьмi абыходзiлiся груба. Мне асабiста скардзiлiся дзецi, што ў лагеры да iх дрэнна адносяцца, б’юць, не даюць есцi. Акрамя таго, выхавальнiкi груп загадвалi выконваць фiзiчную працу...» 

I нават калi днi гiтлераўскай акупацыi былi злiчаны, прапаганда за «новую Беларусь» не спынялася. У сваёй прамове да членаў СБМ Ганько заяўляў: «...Пойдзем жа дапамагаць нямецкай моладзi, якая сёння ахоўвае фабрыкi i заводы, дзе вырабляюцца гарматы i танкi, самалёты, што пайдуць на фронт супраць бальшавiкоў. Гэта вялiкае i ганаровае заданне...» Але дарма з пенай на вуснах Ганько заклiкаў моладзь змагацца з Чырвонай армiяй. Дарэмна енчыла газета «Новый путь» аб тым, быццам «...явачныя пункты лiтаральна асаджалiся юнымi добраахвотнiкамi, каб папоўнiць нямецкае войска». Гэтай хлуснi ўжо нiхто не верыў. А са сваiмi вызваляльнiкамi збеглi тыя, хто адчуў, што прыйдзецца адказваць за здзейсненыя злачынствы перад народам, — I., В., Р. i iншыя. 
Дык хто ж яны, юнакi з «Саюза беларускай моладзi»? Здраднiкi цi абаронцы нацыянальных iнтарэсаў? Здаецца, гэта падлеткi трагiчнага ваеннага пакалення, пераважна ашуканыя фашыстамi. Гiсторыя ўсё расставiла па месцах. Перад грамадствам гэтыя ашуканыя юнакi рэабiлiтаваны. Не атрымалi ж рэабiлiтацыi толькi тыя, хто спрабаваў з гэтых падлеткаў зрабiць забойцаў. Не атрымаюць яны даравання i ад нашчадкаў.
Аддзел журналiсцкiх расследаванняў.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter