Галінка Коласавага дрэва

Спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Данілы Міцкевіча

Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Данілы Міцкевіча, вучонага, заслужанага работніка культуры, старэйшага сына народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Па адукацыі і першай прафесіі Даніла Канстанцінавіч быў хімікам-арганікам, працаваў у Акадэміі навук БССР. Але змяніў паспяховую кар’еру на музейную працу. Пасля смерці Якуба Коласа стаў стваральнікам і першым дырэктарам яго мемарыяльнага музея. У ім Даніла Канстанцінавіч працаваў амаль 40 гадоў, 23 з якіх — кіраўніком.

kolasa1.png

Юбілейную экспазіцыю рыхтуе старшы навуковы супрацоўнік Наталля ШУВАГІНА-АДАМОВІЧ


Данілу Міцкевіча мы ўспамінаем з цяперашнім дырэктарам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаідай КАМАРОЎСКАЙ. Разам яны працавалі амаль 10 гадоў.

— Гэта быў чалавек вельмі высокай адукацыі і эрудыцыі. Мы называлі яго хадзячай энцыклапедыяй. А яшчэ — вельмі мудры і добразычлівы. Нават заўвагі ён рабіў тактоўна, карэктна, каб не пакрыўдзіць чалавека.

Наогул, на першых гадах ён быў маёй апорай, многа дапамагаў. Дырэктарства для мяне было яшчэ невядомай справай. Даваў слушныя парады, а калі якія праблемы — вырашаць мы ішлі разам. Даніла Канстанцінавіч наперадзе, я — за ім. Яго паважалі, ён меў вялікі аўтарытэт як культурны дзеяч. Да таго ж яшчэ і старэйшы сын Коласа.

kolas.png

Даніла МІЦКЕВІЧ з бацькам Якубам КОЛАСАМ


— Пра тое, што пакінуў навуку, не шкадаваў?

— Не ведаю, як напачатку, але калі мы з ім пазнаёміліся, гэта быў ужо апантаны музейшчык, цалкам аддазены сваёй справе. Да захавання мемарыяльнасці ставіўся вельмі ашчадна. Я баялася нават цвік які забіць. А колькі давялося яго пераконваць, каб вынесці з першага паверха ванну! Музей жа знаходзіцца ў доме, дзе жылі сям’я Коласа, яго сваякі. На першым паверсе — гаспадарчыя памяшканні, печка. А музей расце, месца не хапае. Доўга не згаджаўся. Папярэдне ўсё давялося дэталёва замаляваць, занатаваць — што дзе раней было. 

Дзякуючы яго намаганням былі створаны тры экспазіцыі, адкрыты філіялы музея на Стаўбцоўшчыне. Тое, што ў нас сёння 35 тысяч адзінак захавання, — таксама вынік яго руплівасці. У архіве засталіся копіі мноства лістоў, якія ён адпраўляў па ўсім Саюзе з мэтай пошуку матэрыялаў пра бацьку. У дар музею ім перададзена шмат сямейных рэчаў, усё абсталяванне кабінета Коласа. Але самае каштоўнае для даследчыцкай работы — расказы Данілы Канстанцінавіча. Дарэчы, памяць у яго была выключная. Бывала, прыгадвае падзеі аж даваенных гадоў і гаворыць, у які дзень тыдня тое адбывалася і колькі часу было. Запісваць тэлефонныя нумары яму было не трэба — запамінаў адразу. Ну і практычна ўсяго Коласа на памяць ведаў.

— Ён жа быў сведкам апошніх хвілін жыцця бацькі. 

— Так, 13 жніўня 1956 года знаходзіўся ў кабінеце Коласа, калі той вярнуўся дадому з ЦК, дзе так і не змог сустрэцца з кіраўніцтвам, каб перадаць свой знакаміты ліст аб стане мовы і культуры ў Беларусі. Паэт быў усхваляваны, дрэнна сябе адчуваў. Звычайна ежу на другі паверх яму не прыносілі, а тут папрасіў абед у кабінет. Даніла Канстанцінавіч казаў, гэта быў малочны суп. Але нават лыжку да рота не паспеў данесці — памёр.

kolas3.png

Кніга "І бачу пройдзенныя далі" выпушчана ў гонар 100-годдзя Данілы МІЦКЕВІЧА


— Знешне старэйшы сын быў падобны на бацьку?

— Мне здаецца, так. І тварам, і постаццю, асабліва, калі ў капелюшы і паліто.

— Ведаю, што малодшы сын Коласа Міхась Канстанцінавіч піша цудоўныя эпіграмы. А старэйшага бацькаў літаратурны ген не зачапіў?

— Калі і так, то ён гэтага не афішыраваў, хіба ў якім вузкім коле сяброў. Але даныя дакладна былі. Даніла Канстанцінавіч часта друкаваўся ў газетах, часопісах, і гэта выдатныя артыкулы, у якіх бачна і валоданне літаратурнай мовай, і дасведчанасць аўтара ў розных пытаннях. Ён быў шматгранны чалавек, добра разбіраўся ў мастацтве, музыцы, сябраваў з многімі творцамі — Багатыровым, Брылём, Азгурам… Для нас, музейшчыкаў, гэта было шчасцем. Яны гуртаваліся вакол Данілы Канстанцінавіча, разам з імі ён ездзіў выступаць, расказваць пра Коласа ў школы, на прадпрыемствы, у калгасы. Дарэчы, рабіў гэта заўсёды ахвотна, нягледзячы на шаноўны ўзрост, адлеглаць ці надвор’е.

— А якім быў у кампаніі?

— Як правіла, на ім яна трымалася. Быў у цэнтры ўвагі, жартаваў, ведаў мноства тостаў, прыказак. І ўсё на выдатнай беларускай мове.

— Ці праўда, што па запавеце Данілы Канстанцінавіча ў 1996-м пасля яго смерці нашчадкі развеялі прах у Пінску, дзе ён нарадзіўся?

— Так. Але не толькі там, а і ў Мінску ў парку Горкага, дзе стаяў дом Коласа, які згарэў у вайну, і ў некаторых іншых гарадах, куды заводзіла жыццё, — Ташкенце, Клязьме, Маскве, Санкт-Пецярбургу…

У тэму

Новая выстаўка адкрыта ў музеі Якуба Коласа да 100-годдзя з дня нараджэння старэйшага сына паэта — Данілы Міцкевіча. У экспазіцыі — асабістыя рэчы, дзяржаўныя ўзнагароды, рэдкія сямейныя фотаздымкі і дакументы, многія з якіх дэманструюцца ўпершыню.

Iрына СВIРКО
isvirko@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости