“Гістарычная Брама” Палескага універсітэта

У Пінску выйшаў першы нумар навуковага часопіса пра гісторыю і культуру Палесся
У Пінску выйшаў першы нумар навуковага часопіса пра гісторыю і культуру Палесся.

Праўда, побач з № 1 на тытульным лісце гэтага часопіса чытач можа заўважыць у дужках лічбу 23. Яна сведчыць, што “Гістарычная Брама” выходзіла і да стварэння Палескага дзяржаўнага універсітэта, але як грамадскае выданне. Пад рэдактарствам гісторыка Аляксандра Ільіна яно заваявала сярод спецыялістаў такі аўтарытэт, што лёгка трансфармавалася (пад тым жа кіраўніцтвам і амаль з тым жа аўтарскім калектывам, значна толькі павялічыўшы аб’ём) у выданне дзяржаўнае, універсітэцкае. І міжнароднае: у яго рэдкалегію ўвайшлі дактары навук з Польшчы, Расіі і Украіны, а таксама з Брэста, Гродна і Мінска. Ёсць сярод іх нават адзін акадэмік – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Украіны Іван Дзюба.

Такі ж міжнародны характар маюць і публікацыі першага нумара. Так, маскоўскія даследчыкі-славісты Юрый Лабынцаў і Ларыса Шчавінская публікуюць у ім невядомы раней твор – знойдзеную імі на тэрыторыі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці “Запіску пра абрад падляшскіх уніятаў”. Мастацтвазнавец з Калугі Васілій Пуцко адкрывае беларускаму чытачу разны драўляны абразок пінскага князя Фёдара Іванавіча Яраславіча “Премудрость созда себе храм”, які цяпер знаходзіцца ў Парыжы, у калекцыі Бланжы. Польскія навукоўцы Анна Энгелькінг і Эльжбета Смулкова разам з мінскім калегам Фёдарам Клімчуком напісалі “Уступ да Палескага архіва В. Л. Вярэніча”. Пасля смерці вядомага мовазнаўца у яго рукапісных зборах, у 62 скрынках, сшытках і блакнотах, аказаліся каштоўныя матэрыялы, сабраныя ў час дыялекталагічных экспедыцый па Палессі. Гэтыя матэрыялы, дакладна атрыбутаваныя па раёнах і вёсках, падзеленыя тэматычна, займаюць трэцюю частку нумару.

Адкрываецца ж абноўленае выданне, блізкае па тыпу да альманаха, цікавым і змястоўным даследаваннем самога рэдактара, Аляксандра Ільіна “Панславіст Леў Сапега і бібліятэка Івана Грознага”. На першы погляд, гэтая назва выглядае парадаксальнай: якое дачыненне мае славуты канцлер Вялікага Княства Літоўскага да панславізма, што, паводле нашых традыцыйных уяўленняў, узнік значна пазней, і тым болей да бібліятэкі, якую расійскі цар перавёз з Полацка ў Маскву?! Аднак прыведзеныя аўтарам факты сведчаць, што ідэі згуртавання, еднасці ўсіх славян сталі актуальнымі ўжо ў часы Льва Сапегі (1557–1633) у сувязі з захопам туркамі паўднёваславянскіх (балгарскіх, сербскіх) зямель і нападамі іх на ўсходне- і заходнеславянскія (украінскія, польскія) тэрыторыі. З гэтымі ідэямі канцлер ездзіў (як пасол Рэчы Паспалітай) у Маскву, дзе рабіў крокі да аб’яднання беларускіх, расійскіх, літоўскіх і польскіх зямель у адзіную дзяржаву, там жа шукаў вывезеную з Полацка бібліятэку грэчаскіх кніг, месцазнаходжанне якой застаецца загадкай да сённяшняга дня.

У падмацаванне думак Аляксандра Ільіна, якія многім чытачам часопіса могуць падацца спрэчнымі, прывяду яшчэ адзін аргумент. Наш суайчыннік масквіч Раальд Раманаў у сваёй апошняй кніжцы “ Царград Чарэя: Сведчаць помнікі Белай Русі”, якая магла не дайсці да Пінска з-за абмежаванага тыражу, расказвае аб выяўленай ім карце з лацінскай назвай: “Масква – сталіца Белай Русі”. Намалявана яна была ў час аднаго з пасольстваў у Маскву таго ж ініцыятыўнага Льва Сапегі, які яшчэ ў пачатку ХVII стагоддзя засведчыў разуменне значнасці славянскіх інтэграцыйных працэсаў.

Вялікі блок артыкулаў у “Гістарычнай Браме” прысвечаны гораду Бярозе Брэсцкай вобласці, пабудаванаму ў ім з дапамогай Сапегаў кляштару картузаў. У часопісе ўпершыню апублікаваны “Рэестр даўніх актавых кніг Картуз-Бярозаўскага кляштара”.

А ў раздзеле “Этнаграфія і фалькларыстыка” вылучаецца грунтоўны артыкул Вольгі Шарай “Захаднепалескі абрад Куст: сацыякультурныя асаблівасці і сімволіка”.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter