“Гістарычна правільны крок”

Географ і лесавед Аляксандр Дунін-Гаркавіч нарадзіўся, як сведчаць дакументы, што захоўваюцца ў Табольскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі-запаведніку, “в М. Рожане Рожанского прихода...” Гродзенскай губерніі ў 1854 годзе.
Помнік А. Дуніну-Гаркавічу ў Ханты-МансійскуГеограф і лесавед Аляксандр Дунін-Гаркавіч нарадзіўся, як сведчаць дакументы, што захоўваюцца ў Табольскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі-запаведніку, “в М. Рожане Рожанского прихода...” Гродзенскай губерніі ў 1854 годзе.

Ён закончыў Гродзенскую класічную гімназію, пасля — Лісічанскае сярэдняе прафесіянальнае вучылішча, што знаходзілася паблізу Санкт-Пецярбурга. Служыў у войску, удзельнічаў у руска-турэцкай вайне, пабываў у Сафіі і Плеўне, атрымаў баявы медаль. Затым былі 13 гадоў службы ў лясніцтвах Разаншчыны.

А следам, пачуўшы водгукі пра Дуніна-Гаркавіча як вопытнага спецыяліста, нашага земляка запрашаюць у Сібір галоўным ляснічым Самараўскага лясніцтва — самага буйнога па тым часе ў Расійскай імперыі. Так Дунін-Гаркавіч парадніўся з Табольскам.

Будучы выключна дасведчаным арганізатарам лесагаспадарчай справы, наш суайчыннік адначасова захапіўся і гісторыка-геаграфічнымі даследаваннямі. Правёў некалькі экспедыцый па Поўначы Заходняй Сібіры. Напісаў у трох тамах грунтоўную гісторыка-краязнаўчую манаграфію “Табольская Поўнач”.

І вось сёлетнім чэрвенем у Ханты-Мансійску адкрыты помнік Аляксандру Дуніну-Гаркавічу. Вітанне жыхарам акругі з нагоды ўрачыстасцяў даслаў прэзідэнт Расійскай Акадэміі навук Юрый Осіпаў. Вось што ён, у прыватнасці, напісаў: “Мне вельмі блізкая справа ўшанавання памяці буйнога вучонага і выдатнага чалавека Аляксандра Дуніна-Гаркавіча, якая праводзіцца ў Ханты-Мансійску. На сібірскай поўначы, у месцах, якія ён дэталёва даследаваў, і да якіх быў прывязаны па-чалавечаму, усталяваны яго манумент. Гэта гістарычна правільны крок.”

Дарэчы, Юрый Осіпаў — ганаровы прэзідэнт Грамадскага фонда “Адраджэнне Табольска”, у планах дзейнасці якога значацца многія праекты, звязаныя з памяццю пра Дуніна-Гаркавіча. У Ханты-Мансійскім універсітэце ўсталявана стыпендыя ў гонар нашага земляка. Імем Дуніна-Гаркавіча названа адна з вуліц Табольска.

Алесь Карлюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter