Белгосцирк представил новую программу с уникальными трюками
15.05.2015 21:44:22
У гледачоў з’явілася выдатная магчымасць стаць відавочцамі цудаў, занесеных у Кнігу рэкордаў Гінеса. Белдзяржцырк сабраў унікальную праграму, удзельнікі якой робяць незвычайныя трукі.
Чаго варты адзін толькі Пітэр Расэндаль з Швецыі. Ён так удала балансуе на маленькіх веласіпедах, што аж дух захоплівае. Дарэчы, сваё майстэрства ён адточвае ўжо больш за сорак гадоў, за гэты час змог устанавіць 51 рэкорд. Яго каронны нумар — скачкі на скакалцы на маленькім манацыкле, за адну хвіліну ён робіць гэта да 280 разоў.
Прозвішча Бруна Меджалара з Італіі таксама ёсць у Кнізе Гінеса. Ён з дзяцінства захапляўся гульнёй з павукамі, скарпіёнамі і іншымі членістаногімі, заўсёды шукаў спосабы іх дрэсіроўкі. У рэальнасць гэтага не верылі не толькі бацькі хлопца, але і цыркавыя спецыялісты. Прайшло шмат часу, і Бруна зрабіў нумар з павукападобнымі, які не можа паўтарыць ніхто ў свеце. Сакрэты дрэсіроўкі ён не раскрывае, але гаворыць, што са скарпіёнамі працаваць нескладана, галоўнае, не даводзіць сітуацыю да стрэсу, бо тады яны пачынаюць нервавацца і становяцца небяспечнымі.
Яшчэ адно дзіва — «Шоу газільскіх мыльных бурбалак». Яно значна адрозніваецца ад тых нумароў, якія сёння можна бачыць на розных дзіцячых прадстаўленнях. Простыя трукі ў Кнігу рэкордаў Гінеса ніхто не занёс бы.
Варта авацый і Кім Чун Э з КНДР, адзіная ў свеце артыстка, якая робіць чатыры сальта-мартале. Яна выступае ў нумары «Паветраная трапецыя».
— Скласці праграму «Экстрым-рэкорды Гінеса» было сапраўдным экстрымам, — прызнаўся мастацкі кіраўнік Белдзяржцырка Вітаўтас Грыгалюнас. — Складаным было не толькі сабраць усе нумары разам, а дамаўляцца пра гэта мы пачалі яшчэ год таму, але і зманціраваць арэну. Было шмат тэхнічных праблем. Узніклі цяжкасці са зваркай прылады для мотафрыстайла, а там, як вядома, нават маленькая памылка — гэта рызыка для жыцця.
У новай праграме будуць задзейнічаны i беларускія артысты. Яны прадставяць нумары з жывёламі: Андрэй Цяплыгін — з малпамі, а Айдын Ісрафілаў — з асламі ў балетных пачках і на пуантах і вясёлымі сабачкамі. Будуць і клоўны. Такім чынам, праграма цікавая не толькі дарослым, але і дзецям. Але яе стваральнікі не ўтойваюць, што на гэты раз хацелі б прывабіць і моладзь. Для яе перш за ўсё экстрэмальныя і захапляючыя трукі французаў з матацыкламі, якія, дарэчы, заяўлены ў Кнігу рэкордаў Гінеса.
stepuro@rambler.ru