Мінчанін Эрык Вішнеўскі запісваў тое, што адбывалася ў горадзе ў першыя дні вайны і фашысцкай акупацыі
01.07.2015 12:49:45
Жыццёвыя дарогі звялі мяне з ветэранам вайны Эрыкам Вішнеўскім. Разгаварыліся. І аказалася: ён, у ваенны час мінскі школьнік, пачаў запісваць у дзённік усё, што адбывалася ў Мінску з першых дзён вайны. “Раніцай 22 чэрвеня 1941 года Мінск устрывожана слухаў па радыё прамову Вячаслава Молатава, — расказаў ветэран. — Мой бацька, Леапольд Адамавіч Вішнеўскі, збіраючыся на работу, ад пачутых слоў так і замёр каля дзвярэй: няўжо вайна?! “А ў газетах жа пісалі, — усклікнуў ён, — што ўсё абыдзецца мірна!” Мяркую цяпер: не толькі з савецкіх газет ён тады чэрпаў інфармацыю — бо працаваў перакладчыкам у архіве ЦК кампартыі Беларусі.”
А за акном, запісаў Эрык, свяціла сонца, на небе ні хмурынкі, а ні выстралаў, ні гукаў самалётаў. Цікавае сведчанне! Ёсць згадкі, нібыта Мінск гарэў у першую ваенную раніцу. Калі бацька заспяшаўся на работу — тады была вельмі строгая дысцыпліна! — хлопец узяў паперу і, “адчуваючы важнасць падзей”, зрабіў першыя запісы. Потым выйшаў на вуліцу (сям’я жыла на Грушаўскай), але і там — ціха. Рабочыя пачыналі развозіць са складаў дровы для жыхароў. Спакойна, без панікі прайшоў і наступны дзень. Аднак 24-га ў дзённіку з’явіўся наступны запіс: “Немцы прабамбілі Мінск па Савецкай вуліцы да Інстытута культуры (так па традыцыі называлі будынак з калонамі: АН БССР. — Аўт.) Гарэла, дзе домік РСДРП. Загарэўся горад, дым ішоў у бок поўдня. Мы ўсе нічога не ведалі, што рабіць”.
Яшчэ праз дзень па горадзе сталі хадзіць падазроныя людзі: відаць, шпіёны. Затым з боку Брэсцкай шашы паказаліся варожыя аўтамабілі, танкі, пачулася чужое гергатанне. Далей у нататках Эрыка з’явіліся апісанні таго, як узарвалі дом, дзе жыў Кубэ, як у пакаранне за тое пачаліся карныя аперацыі захопнікаў супраць мінчан, як актывізаваліся партызаны. І сам Эрык не сядзеў, склаўшы рукі: збіраў, дзе мог, зброю і перадаваў яе надзейным людзям.
Толькі праз тры гады, летам 1944-га, прыйшло вызваленне. Эрыка тады адразу ж мабілізавалі ў армію, і пасля кароткай падрыхтоўкі пад Масквой маладых хлопцаў адправілі на фронт. За мужнасць мінчанін атрымаў баявыя ўзнагароды, прайшоў вайну да пераможнага канца.
Здымак Эрыка Вішнеўскага, які вы бачыце, — з сямейнага архіва ветэрана. Ён зроблены ў 1945 годзе.
Адам Мальдзіс