Дзе кожны трэці ляжыць беларус...
23.02.2005
Днямі на беларускай поўначы створаны незвычайны “саюз трох структур”,
Размова на прадстаўнічым злёце ішла аб дастойнай падрыхтоўцы да вялікай даты – 60-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На першы погляд – нічога арыгінальнага ў віцебскай акцыі. Каму трэба і каму гэта цікава, і так да пераможнага юбілею рыхтуюцца.
На самай справе ўсё больш сур’ёзна. Менавіта на Віцебшчыне, дзе ад гітлераўскай навалы загінуў кожны трэці жыхар, асаблівае адчуванне як панесеных страт, так і радасці вызвалення. Вось чаму “галоўнакамандуючы ветэранскай арміі” Прыдзвінскага краю генерал-маёр Генадзь Герасімовіч заклапочаны тым, каб у падрыхтоўцы да 60-годдзя перамогі было менш фармалізму і больш жывой работы. У пацвярджэнне такой думкі адразу выказана канкрэтная прапанова.
Многія помнікі, памятныя знакі, мемарыялы патрабуюць рамонту, сур’ёзнай рэканструкцыі ці добраўпарадкавання. Таму і прапанавана пачаць неадкладны збор сродкаў на гэтыя мэты. Дарэчы, накіроўваць іх можна на разліковы рахунак Віцебскага абласнога савета грамадскага аб’яднання ветэранаў
№ 3015000002551 у філіяле № 201 АСБ “Беларусбанк” г. Віцебска, код 259, УНН 300276969. Прызначэнне плацяжу — “Ахвяраванне на рамонт і добраўпарадкаванне воінскіх захаванняў, іншых памятных мясцін”.
Але не толькі грашамі можна выказаць аса-бістыя і калектыўныя адносіны да ўсенароднага подзвігу. Таму на пашыраным савеце ветэранаў і моладзі выпрацаваны сумесны зварот да працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, прафсаюзных, ветэранскіх і маладзёжных арганізацый, усіх жыхароў вобласці. Свае заўвагі і прапановы ў важны дакумент унеслі намеснікі старшынь гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Зоя Крот, iншыя паважаныя асобы ў нашым грамадстве.
Асобны ліст адпраўлены ў адрас прэм’ер-міністра РБ Сяргея Сідорскага. У ім “віцебскае веча” запэўніла кіраўніка ўрада, што заробленыя на калектыўным суботніку ў гонар 60-годдзя перамогі сродкі будуць накіраваны і выкарыстаны на рамонт і рэстаўрацыю мемарыяльных комплексаў, воінскіх захаванняў, іншых славутых мясцін . І гэта стане лепшай узнагародай, духоўным помнікам усім ветэранам-пераможцам.