Як працуе шматдзетная настаўніца роднай мовы і літаратуры з вёскі Чараўкі Мядзельскага раёна
13.03.2015 20:26:51
Дзе схавана палова шчасця, падказвае школьнікам шматдзетная настаўніца з вёскі Чараўкі Мядзельскага раёна
ДВАНАЦЦАЦЬ педагогаў у родзе Вікторыі СЯКЛЮЦКАЙ, выкладчыцы роднай мовы і літаратуры, якая працуе ў гімназіі-інтэрнаце Мядзела. Кажуць, што калісьці назва вёскі Чараўкі, дзе стаіць гасцінны дом гэтай сям’і, гучала як Чараўнікі. І сапраўды, на ўроках гэтага таленавітага педагога, а таксама шматдзетнай маці і гаспадыні аграсядзібы адразу трапляеш у нейкі чароўны свет.
Партфель з сюрпрызам
Пачынаецца ён з вершаванага прывітання настаўніка і вучняў, якое прыдумала сама гераіня майго артыкула:
Я ўваходжу сюды, як на свята,
І ўсмешка мяне не міне,
Бо найлепшыя ў свеце рабяты
Сабраліся ў клас да мяне!
Заўсёды з добрым настроем і нечаканай імправізацыяй ідзе да школьнікаў іх любімая Вікторыя Вячаславаўна. Разам з ёй мы пагарталі старонкі сямейнага фотаальбома, прыгадалі, як ставіліся да педагогаў у часы яе бабулі. Бо нездарма нашы продкі казалі, што настаўнік — прафесія ад Бога. А ўсе астатнія прафесіі — ад настаўніка.
Падлічыла ўсіх педагогаў у радаводзе сястра бабулі Вікторыі Сяклюцкай па мамінай лініі. Тамара Цімафееўна Жукава больш за 40 гадоў прысвяціла школе. Па сямейных абставінах яна правучылася на настаўніка толькі год, аднак усё адно працавала з дзецьмі: школьным бібліятэкарам, а таксама піянерважатай. Была нават старэйшынай піянерскага руху раёна, займалася гуртковай і грамадскай работай. Вучні і выпускнікі дасылалі ёй на святы дзясяткі паштовак... На здымку бачу сціпла апранутую жанчыну з вялікім партфелем. А што яна нясе ў такім немаленькім клунку? Аказалася, там уласнаручна прыгатаваныя прысмакі. Сястра бабулі пякла смачныя піражкі і частавала імі і сваю радню, і школьнікаў, нягледзячы на сціплы заробак.
Бабуля і дзядуля Вікторыі таксама выбралі
настаўніцкі лёс
Наогул, праца ў школе ніколі не была асабліва прыбытковай. Пытаюся ў субяседніцы, чаму яна выбрала менавіта гэты шлях у жыцці?
— Калісьці мама казала: не глядзі на заробак, ідзі, куды кліча сэрца, бо ад правільнага выбару працы залежыць пяцьдзясят працэнтаў шчасця. Для мяне асабіста сумнення ніколі не было: я хацела быць толькі настаўніцай, як абедзве мае бабулі. Яны зрабілі вялізны ўплыў на станаўленне майго «я». Як і маміна мама, Марыя Цімафееўна, я хацела працаваць з малодшымі школьнікамі. Але перамога ў Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове (дыплом 3-й ступені за 1988 год) натхніла мяне на паступленне на філфак, аб чым зараз ніколечкі не шкадую. Мне падабаецца працаваць з моладдзю і падлеткамі: гэта дыскусіі, спрэчкі, абмеркаванні, абмен думкамі. Нечаму вучу іх я, нечаму яны — мяне. У нашай гімназіі вучацца эрудзіраваныя і высокаматываваныя дзеці, таму з імі не засумуеш.
Менш спіш — больш паспееш
Цікава, што першы раз у клас як настаўніца Вікторыя зайшла яшчэ на першым курсе ВНУ. І амаль усё студэнцтва вучылася на дзённым аддзяленні і адначасова выкладала ў школе. Яе энергічнасць і мноства жыццёвых захапленняў проста зашкальваюць: незразумела, як паспявае? Апроч вялікай сям’і, займаецца краязнаўствам, улетку дзеліцца сваімі ведамі са шматлікімі турыстамі і падарожнічае сама. А яшчэ знайшлося ў яе жыцці месца і для рэжысуры, удзелу ў фальклорнай групе, заняткаў фатаграфіяй, фітнэсам і вышыўкай.
— Мудрыя жанчыны кажуць: каб больш паспяваць, трэба менш ленавацца і менш спаць, — са смехам дае параду аптымістка. — Вось мая бабуля Марыя вучыла дзетак у малакамплектнай сельскай школе. Гэта значыць, вяла ўрокі ў чатырох класах, якія размяшчаліся ў адным пакоі, была для вучняў і дырэктарам, і завучам, і прыбіральшчыцай, і медсястрой, калі спатрэбіцца. Рукі былі патрэбны і ў вялізным школьным садзе, і на прышкольным ўчастку. А якія кветкі раслі каля яе хаты!
Першы муж Марыі Цімафееўны — Мікалай Астракоў — таксама быў настаўнікам, але пражыў нядоўга, бо страціў здароўе на вайне і ў 1949 годзе памёр. А мама Вікторыі Любоў Рачыцкая таксама марыла аб настаўніцкай прафесіі — хацела быць матэматыкам. Паступала на фізмат БДУ, але спужалася першай не надта высокай адзнакі і забрала дакументы.
— Для мяне вельмі важна еднасць пакаленняў. І ў той жа час адчуваю сябе энергічным маладым спецыялістам, бо падчас дэкрэтных адпачынкаў кожны раз нібыта назапашвала творчую энергію і потым дзялілася ёю з вучнямі, — раскрывае педагог сакрэты іскрыстага агеньчыка ў сваіх вачах, ад якога запальваецца любоў да мовы і літаратуры і ў дзецях.
Цяжэйшая за англійскую
На жаль, прайшлі часы, калі на вёсцы педагога называлі пачціва і з прыдыханнем: настаўніца! I цугам ішлі за парадай, як было ў часы бабулі маёй суразмоўцы.
— Аўтарытэт заўсёды трэба зарабляць і заслугоўваць самому, — упэўнена Вікторыя Вячаславаўна. — У мяне цудоўныя, радасныя і светлыя адносіны з вучнямі, я з задавальненнем іду на працу і ніколі не скарджуся на сучасную моладзь. Каб цябе паважалі, ты павінен быць на вышыні, нешта ўмець даць, прапанаваць, не адстаць ад часу і быць на адной хвалі са сваімі вучнямі. Трэба ўмець іх захапіць, павесці за сабой. Я выкарыстоўваю сучасныя метады навучання, зараз гэта, напрыклад, інтэрактыўная дошка. Распрацавалі спецыяльныя ўрокі, якімі хутка падзелімся на сайце гімназіі. І калі ў пачатку нашага знаёмства пяціклашкі скардзяцца, што беларуская мова для іх «цяжэйшая за англійскую», то з цягам часу пачынаюць са скуры вылузвацца, каб «быць у тэме».
Наша сустрэча з Вікторыяй Сяклюцкай была не першай, і яшчэ раней мне запомнілася яе выслоўе: «Кожны чалавек — як цікавая кніга, якую мы чытаем. Я шчаслівая, бо ў сям’і мяне акружаюць пяць такіх «кніг». Без літаратуры не абыходзіцца ні адзін дзень настаўніцы:
— Я вельмі люблю Быкава і Караткевіча, Грахоўскага і Дударава. Ды ўсіх люблю! У кожнага аўтара можна знайсці нешта асаблівае, нейкую разыначку, што зачэпіць душу. Гэтымі разыначкамі, эфектам парадоксу і заахвочваю вучняў чытаць. На апошняй старонцы вучнёўскага літаратурнага сшытка вяду «спіс рэкамендаванай літаратуры». Разам з імі мы таксама працавалі «ўкладальнікамі» зборнікаў вершаў. Кожны мог стварыць свой невялікі альбом, напрыклад, з творамі на тэму кахання.
Сяльчанка часам бярэцца за пяро і сама. Нарысы, эсэ, вершы нараджаюцца, калі спяць яе малодшыя дачушкі: Лізавеце — чатырнаццаць, Ксеніі — восем, Мар’яне — чатыры. Вечар звычайна прысвечаны ім, таму што, па меркаванні Сяклюцкай, трэба аддаваць сябе малым і развіваць немаўлят з першых месяцаў жыцця. Галоўнае — быць побач, гаварыць з імі, слухаць іх, ніякія навамодныя методыкі гэтага не заменяць. Ці падхопяць яны настаўніцкую жылку?
— Мае дзяўчынкі пакуль што нічога не плануюць, але гульні ў іх — «у школу», — прызнаецца педагог. — А значыць, радавод працягнуць людзі, якія ўмеюць думаць, адчуваць і прывіваць дзецям сапраўдныя каштоўнасці.
Марыя Цімафееўна хадзіла на працу ў школу за восемь кіламетраў
нават на пенсіі
Кажуць дзеці
МНЕ давялося пабываць на ўроку і запытацца ў вучняў, а што яны думаюць пра свайго педагога. Вось што мне адказалі.
«Наша настаўніца вельмі добрая, усё рыхтуе загадзя, сачыняе вершы, ёсць і пра ўсіх нас».
«Кожнае правіла на ўроку нам лёгка запомніць, таму што мы пішам апорныя схемы і спрашчаем яго».
«За правільныя адказы ўзнагароджвае нас «эрудыткамі». Гэта «валюта». Назбіраў пяць «эрудытак» — атрымай дзевяць балаў, сем «эрудытак» — дзесяць».
«Нават калі ў яе быў не вельмі ўдалы ўрок у нейкім класе, Вікторыя Вячаславаўна прыходзіць да нас вельмі вясёлая і жыццярадасная. Яна вельмі добры чалавек».
yasko@sb.by
Фота аўтара і з сямейнага архіва