У Беларусі дзіцячы адпачынак — пытанне дзяржаўнае
05.09.2016 15:27:21
У Беларусі дзіцячы адпачынак — пытанне дзяржаўнае
Любы дырэктар школы яшчэ ў маі ведае, дзе правядзе лета кожны яго вучань. Устаноўка простая — дзеці павінны быць не проста пад наглядам, а “траціць” канікулы з карысцю. Для тых, хто застаўся ў горадзе, ёсць некалькі варыянтаў: школьныя летнікі, карыснае правядзенне часу ў дзіцячых цэнтрах творчасці, патрыятычныя змены.
Падлеткі з дзіцячага летніка “Квэст-тайм” наведалі Музей агню
Свая “ноч музеяў” і брэйк-данс
У школьных летніках усё па раскладзе: заняткі па інтарэсах, спартыўныя гадзіны, экскурсіі з абавязковымі абедамі і падвячоркамі. У астатнім кожная школа выбудоўвае сваю стратэгію вольнага часу, усё залежыць ад фантазіі і досведу педагогаў. У іх арсенале віктарыны, гульні на свежым паветры, арганізацыя спартыўных спаборніцтваў, паходы ў музеі і кінатэатры. Часта дзятву бяруць у аднадзённыя паходы за горад. Прагулкі па парках і Батанічным садзе вялікай вылазкай не лічацца.
У Мінскай вобласці канікулы пройдуць пад дэвізам “Лета на карысць”. Амаль у кожнай школе часткай “абавязковай” праграмы стануць дадатковыя заняткі па замежных мовах — праз гульні і трэнінгі.
Сёлета ўпершыню пройдзе акцыя “Лета для ўсіх”. Малодшых школьнікаў будуць забаўляць валанцёры-старшакласнікі. У школьных летніках наладзяць сваю “Ноч музеяў”, рыцарскія турніры, стральбу з лука, майстар-класы па навучанні ірландскім танцам або брэйк-дансу.
Трохтыднёвая змена для хлопцаў і дзяўчат 11-13 гадоў абыдзецца сям’і ад 200 да 400 тысяч рублёў. Фактычна бацькі толькі часткова кампенсуюць кошт харчавання.
Каб зразумець, кім хочаш стаць
Для вучняў старэйшых класаў у гэтым сезоне — свая фішка. Школьныя летнікі робяць акцэнт на прафарыентацыі. Педагогі паспрабуюць дапамагчы падлеткам вызначыцца з будучай прафесіяй.
— Даём магчымасць спрабаваць сябе ў розных сферах, каб школьнікі ўсвядомлена выбіралі сваю будучую прафесію, — гаворыць намеснік Міністра адукацыі Віктар Якжык.
У Гомельскай вобласці праект “Прафесійныя канікулы” запусцілі на базе цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі. Хлопцам і дзяўчатам ладзяць сустрэчы з героямі нашага часу: навукоўцамі, падарожнікамі, вынаходцамі, шматдзетнымі мамамі.
Адукацыйны цэнтр Парку высокіх тэхналогій сёлета адкрыў Акадэмію IT-геніяў. У школах і гімназіях створаны спецыяльныя камп’ютарныя лагеры. Дзяцей вучаць, як за пару дзён зрабіць сваю гульню ці відэафільм. Можна запісацца і на курсы па зборцы робатаў. Але тут бацькам давядзецца крыху даплаціць. Змена ў акадэміі доўжыцца 18 дзён і каштуе ад 950 тысяч рублёў.
Наперад, на клумбу!
Захавалі ў краіне і працоўныя лагеры. У іх можна запісацца з 14 гадоў. Некалі школьнікі ў іх працавалі бясплатна. Сёння гэта выдатны спосаб адпачыць і зарабіць на кішэнныя расходы. Паўдня падлеткі працуюць, паўдня культурна адпачываюць.
— Падзаработак для старшакласнікаў шукаем ужо ў сакавіку, — тлумачыць начальнік аддзела адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Вераніка Рудая. — У школах работа не пыльная — прапалоць клумбы, прыбраць смецце. Плацяць за такую працу ў месяц крыху больш за 1 мільён рублёў. Ёсць варыянт папрацаваць на прадпрыемствах. У “Зелянбудзе”, да прыкладу, ці ў брыгадзе ЖКГ. Летась вучань за тры тыдні мог там зарабіць 4,5 мільёна рублёў!
Адукацыйны цэнтр Парку высокіх тэхналогій сёлета адкрыў Акадэмію IT-геніяў
Ану, каму кашы з сякеры?
Яшчэ адзін абсалютна бясплатны спосаб цікава правесці час улетку — запісацца ў ваенна-патрыятычны лагер. Па ініцыятыве мясцовай адміністрацыі або Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі іх арганізуюць воінскія часці. Прама ў горадзе ці ў найбліжэйшых наваколлях, куды можна даехаць гарадскім аўтобусам.
Спачатку гэта быў адпачынак толькі для хлопчыкаў. Але, як высветлілася, дзяўчынкі таксама хочуць гуляць у “вайнушку”, жыць у палатках і есці кашу з сякеры. Цяпер хлопцы і дзяўчаты разам ходзяць у паходы і выязджаюць на стрэльбішча.
Вясёлы квэст — для школьнікаў the best
Мінскія педагогі прыдумалі займальны адпачынак для дзяцей, як у камп’ютарных гульнях.
Незвычайны лагер адкрылі ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” Савецкага раёна сталіцы. Ідэя простая. Лагерная змена, як у камп’ютарнай гульні, разбіта на асобныя дні-этапы. І кожны дзень — свая пазнавальная гульня-квэст.
— Квэсты цяпер у модзе. Дзецям гэта надзвычай цікава. За год яны стаміліся ад урокаў і дамашніх заданняў, хочуць прыгод, — расказала пра планы на лета начальнік лагера “Квэст-тайм” Алена Латышава. — Штораз новае заданне. Правядзём нават свой конкурс “Голас. Дзеці”. Ад жадаючых паўдзельнічаць ужо няма адбою. Таксама ў планах майстар-класы ад арт-студый — па жывапісе, танцах, тэатральным мастацтве, народных рамёствах. А яшчэ Спартландыя і экскурсіі.
У “Квэст-тайм” ходзяць дзеці ад 7 да 11 гадоў. У загарадныя лагеры ім ранавата, а тут яны заўсёды навідавоку.
Але і тут без дысцыпліны ніяк. Усё пачынаецца ў 7.30 з зарадкі. Затым сняданак і заняткі па інтарэсах. З новымі заданнямі, якія трэба абавязкова выканаць, каб атрымаць запаветныя балы. Ад агульнай сумы будзе залежаць, які прыз атрымае кожны маленькі ўдзельнік вялікай гульні. Балы налічваюць за любую карысную справу.
Адна з самых папулярных — студыя мяккай цацкі “Таптыжка”. Тканіна, мех і скура ажываюць у руках юных майстроў і ператвараюцца ў забаўных звяркоў або казачных герояў. Не ва ўсіх атрымліваецца так спрытна, як у педагога Тамары Лявунінай. Яна ўжо пятнаццаць гадоў вучыць дзяцей рукадзеллю.
А невялікі пакой нагадвае майстэрню лялечнага тэатра.
— Няхай добры настрой не пакіне вас, калі возьмецеся за справу, — гаворыць Тамара Лявуніна. — Тут дзеці смяюцца бесперастанку. Таму ў іх і цацкі выходзяць вясёлыя.
Крысціна Хількевіч