Дай Божа знаць, з кім век векаваць
17.01.2008 01:00:00
Прывядзём некалькі прыкладаў калядных варожбаў, якімі ў свой час карысталіся дзяўчаты.
1. Дзяўчына брала трошкі куцці (дакладней, яе трэба было ўзяць неўпрыкмет, каб ніхто не бачыў) і перад тым, як легчы спаць, клала пад падушку. Затым пад ложак ставіла міску з вадой, цераз якую клала лучыну. Кладучыся спаць, дзяўчына пра сябе прамаўляла наступныя словы: Хто мяне па кладачцы правядзе, той мяне замуж возьме.
Пры гэтым ні ў час варажбы, ні пасля (аж да самай раніцы) нельга было ні з кім размаўляць.
2. У калядную ноч дзяўчаты бралі тыя стужкі, што ў косах насілі, прывязвалі на вішню (толькі на вішню, а не якое-небудзь іншае дрэва). Гэтыя стужкі (адна з іх сімвалізавала суджанага, другая — саму дзяўчыну) перапляталі паміж сабой, пры гэтым прасілі, каб прысніўся або знайшоўся суджаны. Стужкі пакідалі на дрэве на ўсю ноч.
3. Варажба “Калодзеж мералі”. Вечарам да калодзежа падыходзілі дзяўчаты, бралі вочап і рукамі па чарзе хапаліся за яго. Якая з іх апошняй зверху закрые вочап, тая першая і замуж пойдзе.
4. Варажба “Замкнуць вядро”. Дзве сяброўкі набіраюць у калодзежы вядро вады, нясуць яго ў хату і ставяць на лаву. Затым бяруць замок і “замыкаюць вядро”. Пасля гэтага кладуцца спаць, не сказаўшы ніводнага слова. Ноччу павінен быў прысніцца той, хто прыйдзе “адамкнуць”вядро.
5. Варажба на дровах. У хляве або ў паветцы дзяўчына набірае ахапак дроў, прыносіць у хату, кладзе каля печы і лічыць: калі пара будзе — замуж пойдзе, калі няпара — то не.
6. Варажба на аладках. Дзяўчаты раніцай напякуць аладак, па адной схаваюць. Вечарам збяруцца ў чыёй-небудзь хаце і пачынаюць варажыць. На ўслон кожная з прысутных дзяўчат кладзе сваю аладку, а затым у хату прыводзяць сабаку. Чыю аладку схопіць першую, тая хутчэй за ўсіх замуж пойдзе.
7. Варажба на волаве. Адна дзяўчына садзіцца на ўслон, другая становіцца за яе спінай, бярэ расплаўленае волава і вылівае над галавой у міску з вадой. Потым глядзяць, якая выява атрымалася. Калі вянок — замуж пойдзе, калі калыска — дзіця народзіць.
8. Варажба на плоце. Дзяўчына выбягала на вуліцу і рукамі абхоплівала плот. Затым лічыла штакеціны. Калі ў пару будзе — замуж пойдзе, калі няцот — у дзеўках засядзіцца.