Даследчык Наднямоння
09.08.2012 16:55:40
Навуковая, літаратурная і грамадская дзейнасць Уладзіміра Кісялёва непарыўна звязана з нёманскімі вытокамі, прыроднымі і духоўнымі каштоўнасцямі роднай зямлі
ЯК АДНОЙЧЫ прызнаваўся сам Уладзімір Мікалаевіч, з «заўзятага» тэхнара, інжынера-транспартніка, які, дарэчы, нямала зрабіў некалі для развіцця тралейбуснага і трамвайнага руху ў Мінску (вырас да пасады намесніка міністра камунальнай гаспадаркі рэспублікі), у гуманітарыі яго «перакваліфікавала»… вада. Скажам, не проста вада — водная стыхія.
— Чаму ж усё-такі водная стыхія найбольш натхніла вас на даследніцкую працу?
— Жыццё заўсёды і здавён хінулася да вады, да рэк. На іх берагах людзі імкнуліся размясціць сваё жытло, будавалі паселішчы. Месцы такія справядліва лічыліся найбольш прыдатнымі для існавання. У той час, як горы ці лясы раз’ядноўвалі людзей, водныя шляхі збліжалі іх, спрыялі гандлёвым зносінам. Водныя перашкоды адначова і аберагалі чалавека ад варожых памкненняў. І ўвогуле, вада — гэта ўсё.
— Свой даследніцкі вопыт вы пачалі з малой радзімы, з Нёмана. Лічыце, што Наднямонне варта большай увагі?
— Да нёманскай тэмы далучаліся многія, але яна, як глыбінная крыніца, ніколі не можа быць вычарпана. Я ж сваім абавязкам лічыў больш спазнаць наднёманскія шляхі-пуцявіны, верх-нёманскія мясціны, дзе вялікая рака толькі пачынаецца. Апошнія абагульненні знайшлі працяг у маёй кнізе «Наднёманскімі пуцявінамі», якая выйшла тры гады назад. Былі і іншыя творчыя напрацоўкі.
А значна раней, улетку 1989 года, у складзе доследнай экспедыцыі, арганізаванай і прафінансаванай Беларускім фондам культуры, ад вытоку ракі мы прайшлі на шлюпках «Ял-4» па адным з адгалінаванняў старажытнага шляху «з варагаў у грэкі» — ад уздзенскай вёсачкі Наднёман да месца ўпадзеня Нёмана ў Балтыйскае мора ў Куршскім заліве. На гэта спатрэбіўся няпоўны месяц. Матэрялы даследаванняў былі апрацаваны з удзелам вучоных Ленінградскага ўніверсітэта.
Цяпер жа, калі і наладжваюцца нейкія экспедыці, яны носяць звычайна забаўляльны характар, не маюць якой-небудзь пазнавальнай каштоўнасці.
— Наколькі я інфармаваны, вы актыўна займаліся зборам звестак пра яшчэ адну даволі адметную асобу, выхадца з наднёманскага краю, акадэміка ВАСХНІЛа Васіля Пашкевіча. Яго імя пакуль не атрымала належнага прызнання? У чым тут прычына?
— Ну, прычына найперш у нас саміх. А можа, таму, што тэма садаводства, асабліва прамысловага, а гэта асноўны накірунак дзейнасці вучонага, была не вельмі актуальнай для нашай рэспублікі. І толькі цяпер паўнапраўна ўваходзіць у структуру сельскай гаспадаркі, усё шырэй займае планы садаводаў-аматараў.
Пра знакамітага памолага, якім быў і застаецца Васіль Пашкевіч, у мяне сабраны багаты матэрыял. І па яго навуковых даследаваннях, і па звестках з радаводу, што бярэ пачатак у вёсцы Сямёнавічы на Уздзеншчыне, дзе і нарадзіўся вучоны. Па волі бацькоў ён скончыў Духоўную семінарыю, хутчэй за ўсё Мінскую, але потым аддаў перавагу свецкай адукацыі — прайшоў навучанне ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце, са сцен якога выйшаў у 1882 годзе са ступенню магістра (кандыдата) прыродазнаўчых навук.
А потым была паездка на практыку ў Гензейгемскі інстытут пладаводства і вінаградарства, што ў Германіі, дзе ён канчаткова вызначыўся са сваёй садаводчай спецыялізацыяй. Зарэкамендаваў сябе там добра, і яго прасілі застацца. Але вярнуўся на радзіму, распрацоўваў прапановы па асартыменце садоў для розных кліматычных зон Расіі.
Затым атрымаў прызначэнне выкладчыкам Уманскага вучылішча садаводства і земляробства, праз сем гадоў пераводзіцца ў Нікіцкі батанічны сад Крыма на пасаду галоўнага садавода, пасля — галоўны садавод Пецярбургскага батанічнага сада, спецыяліст у Дэпартаменце земляробства…
— Чым адметная яго навуковая дзейнасць, наколькі яна датычылася Беларусі па тым часе і, магчыма, пазней, у перыяд пасля рэвалюцыі?
— Нягледзячы на даследніцкую вядомасць, Васіль Васільевіч знаходзіў для сябе камандзіроўкі. Вядомы такі факт: у час Першай сусветнай вайны ён цалкам аддаў сябе на адбор лекавых раслін і нарыхтоўку іх для фронту. У яго ёсць і навуковыя даследаванні па культуры лекавых раслін, арганізацыі іх промыслаў.
А ўвогуле, з-пад пяра вучонага выйшлі такія працы, як «Агульная памалогія», «Падручнік садаводства для ніжэйшых школ садаводства», «Сялянскі пладовы сад», выдатны падручнік па садаводству ў трох частках і інш. Пры яго ўдзеле створаны першыя доследныя станцыі па садаводстве — Сочынская, Сухумская, Салгірская.
Кастрычніцкую рэвалюцыю Пашкевіч прыняў шчыра і з надзеяй. Працаваў у Інстытуце земляробства, які ўзначальваў Мікалай Вавілаў. І што адметна, яны ўзаемна лічылі сябе і вучнямі, і настаўнікамі адзін аднаго.
У канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя на сядзібе Гаруцішкі — цяпер Дзяржынскі раён, — якая належала яго братам, вучоным быў закладзены доследны сад. Пасля ён быў разам з маёнткам перада- дзены дзяржаве і ператварыўся ў вопытную гаспадарку. Ім таксама былі абследаваны сады Беларусі, выдадзены рэкамендацыі па абу- джэнні мясцовага пладаводства.
Такі вось толькі беглы агляд матэрыялаў, якія ёсць у маіх «запасніках» пра акадэміка Васіля Пашкевіча.
— І калі яны будуць абагульнены, выкладзены, як кажуць, пад адной вокладкай?
— Пытанне, якое хвалюе і мяне. Але калі такое можа адбыцца, сказаць не магу. Вельмі ж шмат акалічнасцей тут. Аднаго жадання, разумення надзённай патрэбы тут мала…
— Поспехаў вам, Уладзімір Мікалаевіч, на вашым дабрачынным і ўдзячным шляху.
На здымку: Даследчык Наднямоння Уладзімір КІСЯЛЁЎ на нёманскім вытоку.
Мікалай КАРОЛЬ, «БН»
Фота аўтара