Дарагі трактар патрабуе сумлення і ведаў
04.05.2013 19:07:56
Рамонтныя брыгады тэхнічнага цэнтра ААТ «Глыбоцкі аграсэрвіс», які абслугоўвае заходнія раёны Віцебскай вобласці па гарантыі на новую тэхніку, і не толькі на яе, сёння не затрымліваюцца на базе. Звароты ідуць адзін за адным
Рамонтныя брыгады тэхнічнага цэнтра ААТ «Глыбоцкі аграсэрвіс», які абслугоўвае заходнія раёны Віцебскай вобласці па гарантыі на новую тэхніку, і не толькі на яе, сёння не затрымліваюцца на базе. Звароты ідуць адзін за адным.
— Што, у нас тэхніка кепскай якасці? — цікаўлюся ў намесніка дырэктара Глыбоцкага аграсэрвіса па тэхнічнаму сэрвісу і рамонту Івана Цімафеева.
— Якраз наадварот, — кажа ён. — Тэхніка беларуская — і трактары, і камбайны, і пасяўныя агрэгаты, і іншая — вельмі высокай якасці і зарэкамендавала сябе ва ўсім свеце. Але справа ў тым, што яна даволі складаная, з камп’ютарамі. Перш чым сесці за штурвал, трэба вывучыць агрэгат. На жаль, не заўсёды і не ўсюды так бывае. Здараецца, што людзі ці то лянуюцца, ці то забываюць прачытаць інструкцыю.
Адбылася, праўда, не на пасяўной, а на ўборачнай, летась амаль анекдатычная сітуацыя. Камбайнер у адной з гаспадарак захварэў з-за таго, што не ведаў, як адрэгуляваць работу кандыцыянера. На вуліцы гарачыня пад 30 градусаў, а ў кабіне — мінус. Мардаваўся дзень з «зімы» ў «лета» і схапіў запаленне лёгкіх.
Значыць, на першы план выходзіць зноў чалавечы фактар. У пацверджанне гэтага хачу прывесці станоўчыя прыклады. Неаднаразовыя чэмпіёны рэспублікі на ўборцы зерневых Уладзімір Лаўцэвіч і Аляксандр Суднік з ААТ «Докшыцкі райаграсэрвіс» перш за ўсё свой поспех тлумачылі бездакорнай работай тэхнікі. А яна была такая ж, як і ва ўсіх: камбайны КЗС-1218. Вось толькі абслугоўвалі яны іх, відаць, лепш, чым уласныя аўтамабілі. І як бы позна не заканчвалі жніво — і ў гадзіну ночы, і ў тры, — раніцою заўсёды не забываліся зрабіць тэхнагляд агрэгата. Зімой праштудзіравалі не толькі інструкцыі, але прачыталі і дадатковую літаратуру.
Не магу не прыгадаць яшчэ аднаго чэмпіёна, удзельніка рэспубліканскіх «Дажынак» у Горках, вадзіцеля Віктара Сіўко з ААТ «Канстанцінаў Двор» Глыбоцкага раёна. Ён перавёз ад камбайнаў больш за паўтары тысячы тон зерня. І гэта ўлічваючы тое, што ён на пенсіі, а працоўны подзвіг здзейсніў на машыне ГАЗ-53 «Б», на якой працуе... 27 год. Машына выхадзіла тры свае тэрміны!
Усе гэтыя людзі нечым унікальныя. І ў той жа час нічога звышнатуральнага. Проста, сумленна, па-гаспадарску робяць сваю справу.
Канечне, патрэбна, каб была і зацікаўленасць. Яна, на першы погляд, ёсць. Будзе бездакорна працаваць тэхніка — будзе і заробак. Аднак тут ёсць і другі бок медаля. З той жа новай тэхнікі выжаць усё, што можна. Не мае значэння, звышнагрузка гэта ці не. Будзе паломка — дадуць новую дэталь, вузел. Не з уласнай жа кішэні грошы на гэта браць.
Такую псіхалогію ў свой час «раскусіла» старшыня калгаса «Перамога» Глыбоцкага раёна Алена Дзягель. Яна на цэлы год вызначала кожнаму механізатару фонд на запчасткі. Што сэканоміў — тваё. У ААТ «Глыбоцкая птушкафабрыка» за гаспадарчае дагляданне тэхнікі даплачваюць да 20 працэнтаў заробку.
Але вернемся да сёлетняй пасяўной. Нядаўна давялося сустрэцца на палетках сельскага вытворчага філіяла «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» з маладым механізатарам Аляксандрам Каснікоўскім, які запісаў на свой рахунак першую сотню гектараў яравой сяўбы. Кінулася ў вочы, што яго магутны прыгажун трактар МТЗ-3022 выглядаў, як новы.
— Нядаўна атрымалі? — спытаў.
— Не, пяты сезон.
— А што гэта на пярэдняй восі плямы чарнеюць?
— Змазаў негролам, каб не давесці да бяды: парвецца сальнік, гумка ўсяго, а каштуе два мільёны. І прастаіш колькі…
Маленькая дэталь, а як яскрава характарызуе хлебароба!
Адным словам — гаспадар.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
ДАВЕДКА. Сёння адзін трактар МТЗ-3022 каштуе 1,5 мільярда рублёў. Камбайн КЗС-1218 — 2 мільярды 90 мільёнаў. Каб купіць апошні, патрэбна прадаць амаль тысячу тон зерня. Ёсць над чым падумаць!