Час добрых спраў
15.03.2014
Цяхцінская школа-сад з Бялыніцкага раёна падключылася да міжнароднага руху юных міратворцаў.
— Гэты накірунак, які з’явіўся ў Маскоўскай вобласці, падтрымалі арганізацыі сістэмы ААН, у прыватнасці інфармацыйны цэнтр ААН у Маскве, а таксама Камісія Расіі па справах ЮНЕСКА, — растлумачыла адказная за гэты праект у сельскай школе Лілія Шакура (на здымку з вучнямi). — Зараз у спіс школ міру ўваходзяць звыш 60 сярэдніх школ, гімназій, ліцэяў і грамадскіх арганізацый з СНД.
За сур’ёзнымі назвамі стаяць даволі простыя і зразумелыя справы.
— Напрыканцы мінулага года мы арганізавалі шмат суботнікаў па ўборцы школьнай тэрыторыі, конкурс плакатаў супраць СНІДу, — пералічыў дзевяцікласнік Міхаіл Курносаў.
Адной з самых памятных спраў стала акцыя «Рукі дапамогі», у час якой дзеці дапамаглі сваім аднагодкам з асаблівасцямі развіцця ў вывучэнні школьных прадметаў. А потым вучні і настаўнікі сабралі сродкі і патрэбныя рэчы для выхаванцаў Бялыніцкага прытулку. «Задача для нас, дарослых, — растлумачыць дзецям, што дабро вяртаецца дабром. Што ім таксама па сілах каму-небудзь дапамагчы», — лічыць Лілія Фёдараўна.
Зараз педагогі разам са сваімі выхаванцамі збіраюць матэрыял аб жыцці праведнікаў свету — сялянак Вікторыі Бараноўскай і Ганны Барысёнак з вёскі Шапялевічы суседняга Круглянскага раёна. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі гэтыя жанчыны, нягледзячы на тое, што рызыкавалі ўласным жыццём і жыццём сваіх родных, выратавалі яўрэйскага хлопчыка Леаніда Сацункевіча. Да 70-годдзя вызвалення рэспублікі калектыў таксама аднавіў і зямлянку ў суседнім Асмолаўскім лесе. «У вайну тут базіраваліся партызаны з атрада Героя Савецкага Саюза Асмана Касаева, — удакладніла Лілія Шакура. — З дапамогай мясцовых ляснічых мы перакрылі дах, умацавалі сцены. За зямлянкай наглядаем доўгія гады.
І ўпэўнены: такія ўрокі патрыятызму не праходзяць бясследна».
-----------------------------------
У тэму
Агульнагарадская акцыя «Нашы 70 добрых спраў» стартавала ў Магілёве. Яна прысвечана 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У абласным цэнтры вызначылі семдзясят самых значных для горада мерапрыемстваў і акцый, у якіх зможа прыняць удзел кожны жыхар горада.