Чаму месяц - “мядовы”.
30.06.2010 09:16:00
Мёд. “Калі хочаш захаваць маладосць — ужывай мёд”. Каштоўныя якасці мёду чалавецтва спазнала яшчэ ў далёкія часы. Гэта крыніца сіл і здароўя, якая ўтрымлівае ў сваім складзе больш за 100 жыццёва важных для арганізма чалавека рэчываў. У паданнях мёд сімвалізаваў крыніцу мудрасці і даўгалецця. Акрамя таго, мёд здавён стаў сімвалам “салодкасці”, дабрабыту, высокага ўзроўню жыцця чалавека. Калі чалавек выкарыстоўваў у сваёй ежы мёд, значыць, жыццё яго ідзе добра, поўнае радасцей і задавальнення.
- На вяселлі маладым крычалі “горка”, але пры гэтым мазалі вусны маладых мёдам, каб жыццё было салодкім.
- Яшчэ ў Сярэднявеччы, калі расчэсвалі валасы маладым, іх абавязкова мазалі мёдам.
- Час пасля вяселля нездарма называлі “мядовым” месяцам.
- Практычна на ўсіх святах ужывалі медавуху — мёд, разведзены на вадзе.
- У народнай медыцыне мёд выкарыстоўвалі пры лячэнні захворванняў страўніка, печані, гнойных ран, як гарачкапаніжальны і адхарквальны сродак.
Лячэнне мёдам. Пры моцным кашлі на працягу дня раілі піць тройчы па шклянцы гарачага малака, у якое дадаць адну чайную лыжку мёду. Пры ангіне паласкаць горла такім настоем: 50 г пропалісу заліць 0,5 л гарэлкі, настойваць 7 дзён у цёплым цёмным месцы, працадзіць. Пасля гэтага ў палову шклянкі вады дадаваць палову чайнай лыжкі настою і паласкаць горла. Пры атручэнні: адну сталовую лыжку мёду развесці ў шклянцы гарачага малака і хутка выпіць за раз. Пры моцным насмарку раяць на працягу дня жаваць мядовыя соты. Пры зубным болю неабходна пакласці на хворы зуб кавалачак пропалісу.