Чачэрскiя сустрэчы
13.05.2011
Нацыянальны акадэмiчны канцэртны аркестр ладзiць чарговае свята беларускай музыкi на Гомельшчыне
14 мая ў старажытным Чачэрску пройдзе пятае па лiку свята беларускай музыкi. Яно працягвае цыкл iмпрэз надзвычай цiкавага культурна-асветнiцкага праекта, якi мае на мэце папулярызацыю лепшых дасягненняў айчыннага музычнага мастацтва ў розных мясцiнах нашай Бацькаўшчыны. Гэты праект на працягу ўжо 16 гадоў здзяйсняе Нацыянальны акадэмiчны канцэртны аркестр на чале з народным артыстам Беларусi Мiхаiлам Фiнбергам. Музычныя сустрэчы ў Чачэрску стануць 126-й iмпрэзай у агульным пералiку падобных свят, якiя ладзяцца ў так званых малых гарадах краiны. Сярод iх — Нясвiж, Заслаўе, Мсцiслаў, Пiнск, Хойнiкi, Мiр, Тураў, Iванава... Усяго – 15 адрасоў.
— Сёлета, у 25-ю гадавiну трагедыi на Чарнобыльскай АЭС, у Чачэрск музыканты нашага аркестра едуць з асаблiвымi пачуццямi i натхненнем. Культурная акцыя ў гэтым горадзе, якая праводзiцца сумесна з Гомельскiм аблвыканкамам, Чачэрскiм райвыканкамам i Мiнiстэрствам культуры, набывае надзвычай актуальнае, глыбiннае значэнне. Чачэрскi раён пацярпеў ад наступстваў той катастрофы, i для нас вельмi прыемна i вельмi адказна выступаць перад людзьмi, якiя жывуць i працуюць на гэтай зямлi. Сваiмi канцэртамi нам хочацца падтрымаць iх дух i стварыць iм добры настрой. Яны, як нiхто iншы, маюць патрэбу ў насычаным музычнымi падзеямi свяце, — адзначыў у iнтэрв’ю «Р» напярэдаднi паездкi маэстра Фiнберг.
Галоўнай падзеяй чачэрскiх сустрэч стане канцэрт, прысвечаны творчасцi Дзмiтрыя Лукаса, выдатнага беларускага кампазiтара, 100-годдзе якога адзначаецца сёлета i чыя музыка, на жаль, амаль не гучыць сёння з канцэртных пляцовак, па радыё i тэлебачаннi. Узноўленая аркестрам творчая спадчына Дзмiтрыя Лукаса яскрава сведчыць, што i зараз, у ХХI стагоддзi, яна застаецца актуальнай, пазнавальнай i цiкавай. Пазнаёмiцца з ёй жыхарам Чачэрска будзе цiкава яшчэ i таму, што жыццё кампазiтара было звязана з Гомельшчынай, менавiта тут Дзмiтрый Аляксандравiч пачынаў вучыцца музыцы.
Творы Дзмiтрыя Лукаса прагучаць у выкананнi камерных калектываў Нацыянальнага акадэмiчнага канцэртнага аркестра Беларусi — ан-самбляў флейтыстаў, кларнетыстаў, трубачоў, салiстаў на драўляных духавых iнструментах... Як адзначыў маэстра Фiнберг, у Чачэрск прыедуць лепшыя выканаўцы ўсiх калектываў, якiя працуюць у складзе аркестра.
Своеасаблiвым дыялогам памiж музыкантамi i слухачамi стане канцэртная праграма «Размова аб беларускiм музычным мастацтве», якую будзе суправаджаць папулярны каментарый доктара мастацтвазнаўства Вольгi Дадзiёмавай. На фоне музыкi гаворка пойдзе пра дасягненнi i праблемы акадэмiчнага жанру, а таксама пра сакрэт яго эстэтычнага ўздзеяння на самую разнастайную, нязвыклую да акадэмiчнай музыкi аўдыторыю.
Завершыцца свята ў Чачэрску гала-канцэртам сучаснай эстраднай песнi з удзелам лепшых салiстаў аркестра.