Байт з мінулага

В БГУИР работает первый в стране и единственный в СНГ музей ретрокомпьютеров

Рэдкая рэтратэхніка як савецкай, так і замежнай гісторыі выстаўлена ў БДУІР. Наведвальнікам прапануюць вярнуць час назад і ўбачыць унікальную выставу, аналагаў якой пакуль няма ў СНД. Усе экспанаты інтэрактыўнага музея функцыянуюць — за імі можна працаваць і гуляць. «Р» трапіла ў XX стагоддзе і дакранулася да цэлай эпохі.

Суперкамп’ютар вельмі рэдкі экспанат. Такіх у свеце ўсяго два, але рабочая машына знаходзіцца менавіта ў мінскім музеі.

— Выстаўлена больш за 200 экспанатаў, але калекцыя разоў у дзесяць большая, кіраўнік музея Павел Бардзілоўскі пачынае незвычайную экскурсію. — «Старажытныя» сродкі захоўвання даных выраблены з 1960-х па 2000-я гады. З гэтага ўсё пачыналася…

Праграміст бярэ нешта накшталт друкавальнай машынкі. Прыглядаюся: замест алфавіта тут лічбы. Аказалася, перада мной старадаўні калькулятар — простая і геніяльная вынаходка, якая здзейсніла рэвалюцыю ў матэматычных разліках.

— Гэта механічны арыфмометр, — каб выканаць аперацыі, суразмоўцу трэба пастаянна круціць ручку прыбора. Для складання — на сябе, для аднімання — у адваротны бок.

У рабочым выглядзе тэхніка выклікае цікавасць і захапленне ў публікі розных узростаў.

Спрабую памножыць 66 на 100 і сутыкаюся з праблемай: каб задаць патрэбны множнік, рычаг трэба павярнуць такую ж колькасць разоў. Гэта значыць, у маім выпадку сто.

Яшчэ адзін гонар музея — савецкая «Электроніка» 1976 года. Экскурсавод круціць у руках інжынерны калькулятар і тлумачыць, у чым яго разыначка:

— Платы тут прашывалі дротам уручную. Каб вырабіць тры, а іх тут менавіта столькі, скрупулёзна працаваць прыхо­дзілася каля 9 месяцаў. Толькі ўявіце!

Разглядаю стэнды, і погляд прыкоўвае даволі грувасткая рэч. Аказалася, гэты суперкамп’ютар вельмі рэдкі экспанат. Такіх у свеце ўсяго два, але рабочая машына знаходзіцца менавіта ў мінскім музеі. Жамчужына калекцыі важыць цэлую тону і выглядае як тры халадзільнікі — вось такіх вялікіх памераў. Павел Бардзілоўскі заводзіць машыну 1980-х гадоў з ключа: тая пачынае рыкаць, шумець і гудзець, як сапраўдны самалёт:

— Гэта тэхніка паступіла да нас з Акадэміі навук, там на ёй займаліся навуковымі разлікамі. Працаваў гэты вылічальны монстр увесь час: 24 гадзіны 7 дзён у тыдзень.

Наведвальнікам прэзентуюць самыя яркія мадэлі рарытэтнай тэхнікі.

Разглядаю самы стары экспанат музея — модуль памяці з ёмістасцю адзін біт, які выпушчаны ў 1959 годзе. Суразмоўца дэманструе і вылічальныя машыны. Вось, да прыкладу, першы ў свеце мультымедыйны камп’ютар Commodore Amiga, на выставе прадстаўлена мадэль 1984 года. У музеі можна ўбачыць і першы камп’ютар з графічным інтэрфейсам — груба кажучы, з мышшу і іконкамі на экране. Падобную рэвалюцыю ў канцы 1980-х гадоў зрабіла кампанія Apple.

Цікава зірнуць і на прадукцыю вядомых мінскіх заводаў — «Інтэграла», МВАВТ, НДІЭВМ. Яны выпускалі камп’ютары і камплектуючыя для ўсяго Саюза. Слёзы настальгіі ў «дзяцей дзевяностых» выклікаюць культавыя гульнявыя прыстаўкі, а таксама папулярныя ў той час тэтрысы. У музеі ёсць усё, што можа пажадаць душа гульнямана з мінулага. 
Экскурсавод паказвае нешта накшталт кішэннага камп’ютара, «бацьку» сучаснага смартфона.

Дзеля забавы запускаю папулярную гульню «Паляванне на качак» — хіт таго часу. Завісаю і на класіцы жанру — гульні «Ну, пача­кай!», у якой воўк ловіць яйкі. Сярод іншага заўважаю і беларускую прыстаўку «Эльф», якую выпускаў брэсцкі завод «Цветотрон». Такія экспанаты вабяць не толькі дарослых, якія хочуць успомніць маладосць, але і сучасных дзяцей — ім вельмі цікава, чым у вольны час захапляліся іх бацькі.

Атмасферу мінулых гадоў на выставе стварае незвычайнае музычнае суправаджэнне. Павел запускае катушачны магнітафон, і па музеі разліваюцца прыемныя мелодыі. Тэсціруем, як гучыць вінілавая пласцінка, — ставім Майкла Джэксана і заўважаем: якасць гуку на вышыні! Экскурсавод паказвае і «дзядулю» сучасных CD/DVD і BluRay-дыскаў — LaserDisk, які па памеры як грампласцінка. Ім карысталіся да таго, як у моду ўвайшоў больш танны носьбіт — відэакасета.

— А ў вас быў такі апарат? — Павел уключае камунікатар, якім па ўсім свеце пачалі карыстацца ў канцы 1990-х гадоў. Паказвае нешта накшталт кішэннага камп’ютара, кіраваць якім можна адмысловым сцілусам — невялікай ручкай, якой трэба дакранацца да паверхні экрана. Цікава, што рэч, можна сказаць, «бацька» сучаснага смартфона, якім мы кіруем націскам пальца па сенсорным маніторы.

...Пералічваць экспанаты можна вельмі доўга. Калекцыю са свету па нітцы збірала каманда энтузіястаў. Сярод іх — Віктар Козуб, Таццяна Аляксандрава і яе муж Аляксандр.

— Камп’ютар мне падарылі ў тры гады — гэта першы і самы яркі ўспамін з дзяцінства,
— кажа Саша. — На «Байце» навучыўся чытаць, гуляў, яшчэ ў дашкольным узросце стаў пісаць першыя камп’ютарныя праграмы. Пазней захапляўся вырабам самаробных ЭВМ, а з цягам часу стаў калекцыяніраваць рэтратэхніку. Машыны ў дар прыносілі знаёмыя, многае купляў сам, абменьваў. Большасць камп’ютараў аднавіў сваімі рукамі. Некаторыя машыны і зусім уваскрашаў з мёртвых.

БДУІР паспрыяў адкрыццю музея. Наведвальнікам прэзентуюць самыя яркія і ўнікальныя мадэлі. Экспазіцыя пастаянна мяняецца, каб гледачы ўбачылі як мага больш адзінак рарытэтнай тэхнікі. Пакуль на суд прадстаўлены адны мадэлі, над вяртаннем да жыцця іншых у поце чала працуюць праграмісты. Ідэя ў тым, што ўсе экспанаты павінны працаваць! Гэта значыць, кожны наведвальнік можа вярнуцца ў мінулае і скарыстацца любой прадстаўленай тэхнікай.

— У рабочым выглядзе тэхніка выклікае цікавасць і захапленне ў публікі розных узростаў. У музей прыходзяць і дзеці, і дарослыя. Унікальная экспазіцыя цікавая не толькі жыхарам краіны, але і замежным турыстам. Дарэчы, уваход на выставу бясплатны, — Павел Бардзілоўскі гатовы гадзінамі расказваць пра кожны экспанат.

Чытаю кнігу водгукаў, а там адны толькі выказванні-захапленні наведвальнікаў: арганізатарам экспазіцыі дзякуюць і жыхары краін СНД, і турысты з Японіі, Карэі, ЗША. Для іх, дарэчы, экскурсія вядзецца на замежнай мове.

ypopko@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
5
Загрузка...
Новости и статьи