• Рубрики
  • Издания
  • Проекты
  • Рекламодателям
  • Издания
  • Издательский дом
  • Рекламодателям
  • Проекты

Какими песнями и легендами живет Жлобинщина? Продолжаем путешествие по району в рамках проекта «Галасы вёсак»

04.04.2026 17:20:00
Сергей ГРУДНИЦКИЙ

Чаму на Жлобiншчыне ваду п'юць кошыкам i ў якiя прыметы для добрага ўраджаю вераць

Для шмат каго Жлобiншчына адметная бурным развiццём чорнай металургii. Але варта ад'ехаць трохi ўбок — i трапляеш у зусiм iншы свет, дзе вясну клiчуць на самаробных арэлях, а дзецi з нецярпеннем чакаюць Калядаў, каб пасядзець на кабане. Галоўная каштоўнасць тут — не грошы, а голас, якi памятае вайну i гора, а таксама святы ды вяселлi. Мы вяртаемся ў Жлобiнскi раён. У гэтай серыi — тры вёскi, тры гераiнi i тры галасы, якiя не змаўкаюць нават праз дзесяцiгоддзi. Вырушаем у падарожжа, каб пачуць iх!

ВЁСКА КАСАКОЎКА

Засеўкi, першы выган i жнiво

Для Алены Iванаўны Бутэнкi Касакоўка — яе зямля. Тут яна ўпершыню ўбачыла неба, тут пачула матчыну песню, тут навучылася хадзiць па мокрай ранiшняй траве. I хоць жыццё кiдала яе па свеце, яна ўсё роўна вярнулася. У яе сям'i было пяцёра дзяцей. Збiралiся, гулялi ў гульнi. Назiралi за дарослымi.

— Кагда сабiралiся гуляння, дзецi тожа прысутнiчалi. Дзяцей вучылi: «Сматрыце, дзецi, как гэта делаецца, i патом будзеце перадаваць сваiм дзецям». Штоб не прырывалася связь пакаленiй, — успамінае жанчына.

Алена Бутэнка.

Напачатку сяўбы праводзiлi абрад, у якiм было важна, хто i як сее.

— Як па старынным абычаям, на засеўкi сначала пахалi зямлю канём, — расказвае Алена Iванаўна. — Патом ужо выбiралi мужчыну, каб быў барадаты. Барада счыталася як багацтва: будзе здаровая зямля, здаровае зярно i багата будзе зярна. Падвязываў кушняком (поясам), вешаў карзiну (спецыяльна дзелалi для зярна), лажылi туды рушнiк вышываны саматканы i засыпалi туды зярно. Мужчына эты iшоў i сеяў зярно.

А калi сяўбу давяралi жанчыне, то i да яе былi асобыя патрабаваннi:

— А еслi жанчына, то абавязкова павiнна быць у платку. Казалi: калi без платка i косы рассыпаны — ураджаю не будзе, зярно будзе рассыпацца, i яно не ўродзiць.

Вясна прыходзiла не толькi з сяўбой, але i з першым выганам кароў на пашу. Гэта была падзея, да якой рыхтавалiся. Сабiралiся ўсе за вёскай i выганялi туды кароў:

— Першы чалавек, каторага выбiралi пастухом, у яго была палатняная торба, павешаная чэраз плячо. Хто выганяў туды кароў, кажды прыносiў цi яйцо, цi кавалачак хлеба, цi булку печаную. Давалi яму, задабрывалi гэтага чалавека, каб не разбягалiся па полю каровы.

Азiрнуцца не паспееш — а там i восень, жнiво. Наступную песню, якой з намi падзялiлася Алена Iванаўна, спявалi, калi жыта хiлiлася да зямлi.

* * *

1. Зялёны дубочак

Да долу схiлiўся.

Жанiўся сыночак,

Пра мацi забыўся…

2. Прыйшоў сын да мацi,

А маць жыта жала,

Сказаў ён ёй «Здравствуй»,

Яна не сказала.

3. «Ой родная мацi,

Ты гордаю стала,

Сказаў табе «Здравствуй»,

А ты не сказала.

4. «Мой родны сыночак,

Я гордай не стала,

З-за горкай слязiны

Цябе не пазнала».

Каша на хрэсьбіны была з падвохам...

Хрэсьбiны ў Касакоўцы спраўлялi як другое нараджэнне. Алена Бутэнка расказвае нам пра iх па ўспамiнах мясцовай жыхаркi Евы Рыгораўны 1937 года нараджэння:

— Гавораць: як нараджалася дзiцяцi, так i свята ў хаце. Када прывозiлi дзiця з радзiльнага дому, звалi бабку-павiтуху. Iлi шлi к ней з хлебам i соллю, на рушнiке неслi, штоб прыгласiць яе, задобрыць, каб яна прыйшла.

Бабка была першай, каму давяралi самае каштоўнае. Яна праводзiла дзiця ў свет, ачышчала, ахоўвала. Мыла яго са спецыяльнымi прыгаворамi, змываючы ўсё лiхое, каб не было сурокаў, а малое расло моцным i нiчога не баялася.

Пасля раддома раскладвалi на прыпечку агонь i падносiлi дзiця, каб яно пабыло каля гэтага агню. Яго лiчылi ачышчальнай сiлай, жыццёвым цяплом, якое перадавалася немаўляцi. Дзiця нiбыта праходзiла праз агонь, каб стаць моцным духам i целам.

Калi надыходзiў час выбiраць кумоў, выходзiлi на вулiцу з ручнiком i хлебам: хто першы сустрэнецца, таму i пашанцавала. Калi ж нiкога не сустракалi, шлi да тых, каго бацькi самi хацелi бачыць побач са сваiм дзiцём.

На восьмы дзень бабка спавiвала дзiця i аддавала кумам хрысцiць яго ў царкве: калi дзяўчынка — куму, хлопчык — куме. А тым часам у хаце ўжо кiпела свята. Заносiлi сталы, накрывалi, гатавалi... А галоўнай стравай была каша. Ды не простая, а з падвохам.

— Бабка варыла кашу. Кашы было дзве: адна паддзельная i адна сапраўдная (звычайна пшоная). Галоўнае, каб у бабы не ўкралi гэту кашу. Як госцi прыехалi з цэрквы, аддалi дзiця мацi з бацькам, садзiлiся за стол. Калi ў бабы скралi кашу, яна павiнна была выкупаць яе сама. А калi не, то баба аддавала кашу куму, i кум яе прадаваў, хвалiў. Калi торг канчаўся, кум разбiваў кашу. Чарапкi вешалi мужыкам i хлапцам маладым на галовы. Гэта (сiмвалiзавала. — Заўв. аўт.) прадалжэнне рода. Потым цi баба дома частавала гасцей, якiя к ёй прыходзiлi з хрэсьбiн, цi бабу цягнулi на баране. Барана вялiкая, яе пераварачвалi, засцiлалi кажухом цi пакрывалам, i бабу мужыкi далжны былi цягнуць да дому, дзе яна жыве. Яна запрашала ў хату, частавала гасцей.

I ўсё гэта суправаджалася песняй. Даўняй, яшчэ ад бабуль пачутай, якую спявалi, калi ў хаце з'яўлялася новае жыццё.

* * *

Маленькi Прахорачак

Радзiўся ў аўторачак.

Не ў аўторак, а ў чацвер,

Я знаю як цяпер.

Яго мацi радзiла,

На конiка садзiла.

Но, конь, да вады,

Шаўковыя павады,

Шаўковыя павады —

Цясовыя карыты.

Цясовыя карыты

Поўны вады налiты.

А вы, людзi, знайце,

З хаты не вганяйце!

З хаты не вганяйце,

Што-нiбудзь ды дайце!
Касакоўскi дыялект

♦ Бульбу зберагалi ў «капцэ»: закопвалi ў яму, накрывалi саломай i засыпалi зямлёй.

♦ Ваду п'юць кошыкам цi карцом, а не конаўкамi цi каўшом.

♦ Патэльню бяруць ёмкай, а не рагачом.

Вялікдзень сустракалі светла, чыста

Вялiкдзень у Касакоўцы сустракалi на вулiцах усёй грамадой, ад першай да апошняй хаты. Апраналiся ў новае, бо думка была такая: гэты дзень — сапраўднае абуджэнне жыцця, i сустрэць яго трэба светла, чыста, па-святочнаму. Ад Вялiкадня iшло цяпло, радасць, натхненне на ўвесь год наперад. Булкi пяклi, яйкi фарбавалi часцей за ўсё ў чырвоны колер, бо ён лiчыўся сiмвалам жыцця. А потым пачыналася гульня «ў бiткi»: чыё яйка мацнейшае, той i забiраў прыз — булачку альбо цукерку. Потым садзiлiся за стол.

— Прыносiлi пачастункi разныя, — кажа суразмоўнiца. — Ставiлi ўзвар — гэта напiтак свой з яблак, груш. Садзiлiся, спявалi, весялiлiся. Другi раз i гарманiста прыглашалi. Не ўспяваў вездзе хадзiць, ад адной вулiцы да другой.

Апроч святочнага стала была яшчэ i iншая ежа. Пеклi аладкi ў печы, мачалi iх у масла i пасыпалi цукрам. Кашу варылi розную: пшанiчную або рысавую з пшанiцай напалову, а часам i ячную. Казалi: каша — яда наша. У кожным двары трымалi карову, гадавалi свiней, каб на ўвесь год было сала. Забiвалi iх звычайна да Вялiкадня цi зiмой, на Каляды. Сала засмажвалi на патэльнi да хрусткай скарынкi.
Пракопавы гарбузы

У вёсцы Касакоўка жыў адзiн мужык. I быў у яго незвычайны талент: гарбузы ў яго раслi такiя, як у нікога больш у ваколiцы. Што ён рабiў, як даглядаў — нiхто не ведаў, але раслi, ды яшчэ якiя: буйныя, сакавiтыя, з белым насеннем.

Дзецi з суседнiх двароў даўно паглядалi на той гарбузовы рай, ды ўсё не адважвалiся… Але спакуса аказалася мацнейшай за страх. Сабралiся ўтраiх, калi змерклася, i пайшлi крадком да ягонага агарода. У цемры мацалi гарбузы, правяралi, цi цвёрдыя, бо мяккiя не падыходзяць: яшчэ не паспелi.

Сам гаспадар у той вечар выпiў i да хаты не дайшоў. Заснуў, дзе ўпаў. А галава ў яго была лысая. Хадзiлi дзецi па агародзе, гарбузы выбiралi — i самi не заўважылi, як выйшлi на гаспадара. Мацалi, мацалi… аж пакуль на галаве яму не наставiлi слядоў. Хто пальцам, хто падэшвай, хто нагой.

Ранiцай прачнуўся мужык, дахаты паплёўся. А людзi глядзяць на яго i вачам веры не даюць: галава ўся ў нейкiх знаках, памечаная, быццам па ёй нехта танцаваў.

— Што з табой, Пракоп? — пытаюць.

А ён i сам нiчога не помнiць. Толькi рукой махнуў ды й пайшоў. А гарбузы тыя, кажуць, пасля таго выпадку яшчэ лепей урадзiлi.

АГРАГАРАДОК ПIРЭВIЧЫ

Вярбой білі для здароўя

Дзверы ў мясцовы Дом культуры адчыняе Ганна Вільчынская. I як толькi селi, гутарка заходзiць пра Вербную нядзелю. Вярбу ў гэтых мясцiнах збiралi абавязкова самi. Нарыхтоўвалi загадзя, ставiлi ў ваду. Калi вясна спяшалася, вярба стаяла ўжо зялёная. Потым упрыгожвалi яе кветкамi i iшлi ў царкву свяцiць. А як прыходзiлi дахаты...

— Матуля брала не дубец, а цэлы букет — вязанку i прыгаварвала: «Вярба б'е не па мне, а Ганнiнай спiне. Шкiра ў лес!» — балезнi штобы ўсе адходзiлi ад чалавека, дзяцёнка. Скацiне тожа, хадзiлi бiлi гэтай вярбой для здароўя, штобы не балела, не прападала, добрае малако давала.

Ганна Вільчынская.

Адзначылi нядзелю, а там i да Вялiкадня рукой падаць. Свята — адно з галоўных у годзе, працаваць у гэтыя днi забаранялася. Затое спяваць ды ласавацца прысмакамi — калi ласка! Адну з песень, што гучала на вячорках, нам i заспявала гаспадыня.

* * *

Каля майго церама,*

Каля майго новага,

Ды тая дарожачка,

Тонкая сцежачка.

Там iшлi малойчыкi,*

У гуселькi iграючы,*

Песенькi спяваючы.

Як зачула дзевiца,*

Як зачула красная,

З церама высокага

Кашулечку шыючы:

«Пусцi мяне, мамачка,*

Пусцi мяне, родная,

З церама на ганачак

Уселяк паслухацi».

Каля майго церама,

Каля майго новага.

* Адзначаныя зоркай радкi спяваюцца двойчы.

А яшчэ Ганна Вільчынская ўспомнiла песню, што спявала ёй матуля пра цёшчу, у якой было аж сямёра зяцёў. Усiх яна запрашала ў госцi, частавала i спаць укладвала, а самаму любiмаму — Раману — вельмi дагаджала. Ды калi пара прыйшла разыходзiцца — гарачай качаргой яго праводзiла! Песня вясёлая, доўгая — азнаёмiцца з ёю цалкам можна на сайце нашага выдавецкага дома. Але гэта не адзiная жартоўная песня, якую для нас выканала гаспадыня. За акном спявалi птушкi, ну а Ганна ўсмiхнулася i завяла яшчэ адну.

* * *

На дварэ дожджык,

а ў хаце — лужа,

Загневалася жонка на мужа.

Загневалася жонка на мужа,

Легла на печы, сказала:

«Нядужа!»

Мiленькi ходзiць, ручанькi

ломiць,

Мiла на печы анi-нi

гаворыць.

«Ой, уставай, мiла, прынёс

табе пiва».

Яна не ўстала,

так i ляжала.

«Ой, уставай, мiла, я прынёс

дубiнку,

Я прынёс дубiнку ды на тваю

спiнку!»

Мiла ўстала, як i не ляжала.

Злезла iз печы ды й

пацалавала:

«Дзякуй табе, мiлы,

што ты ўстараўся,

Ад маёй хваробы рады

ты дазнаўся!»
Легенда пра вернага i любоў

Непадалёк ад Пiрэвiчаў ёсць два пасёлкi. Адзiн завецца Верны, другi — Любоў. Кажуць, жыў тут некалi багаты купец. Меў ён крамы, дарогi, справы — усё як у заможных людзей. Але быў у яго сакрэт: у кожным сяле — па жонцы. I хадзiў ён i туды i сюды i нiводную пакiнуць не мог. Вось i назвалi пасёлкi ў яго гонар, але па-рознаму: Верны — у гонар той, што была законнай жонкай, а Любоў — у гонар той, да якой ляжала душа.

Легенда пра паненку з Пiрэвiчаў

Кажуць, жыла тут на пачатку ХIХ стагоддзя маладая паненка. Роду была шляхетнага, ды выйшла замуж не за раўню сабе, а за простага мужыка. Можа, праз каханне, а можа, так лёс склаўся — цяпер ужо невядома. Толькi людзi iшлi да яе з усiх краёў: хто з болем, хто з тугою, хто з няўмольнай хваробай. А яна нiкому не адмаўляла. Лячыла словам, зеллем, малiтвамi, бо добрае мела сэрца. Пахавалi яе каля мясцовай царквы. I дагэтуль вераць: калi прыйсцi на яе магiлу ды шчыра папрасiць — дапаможа.

А назва вёскi — Пiрэвiчы — сама за сябе гаворыць. Вялося тут так, што гасцей заўсёды было шмат. Стаяў некалi панскi спiртзавод, кiпела жыццё. З'язджалiся людзi, грымелi балi. Вось i засталася ў тых мясцiнах гасцiннасць на стагоддзi. Дзе пiр ды госцi, там i назва такая: Пiрэвiчы.

АГРАГАРАДОК ЛУКСКI

Сем дзяцей, вячоркi i гусiнае пер'е

Аграгарадок Лукскi сустракае цiшынёй. Але варта пераступiць парог хаты, дзе жыве Любоў Адамаўна Карпухiна, — цiшыня растае як апошнi снег, саступаючы месца голасу гаспадынi.

— Сё рэмя святое было збiрацца на вячоркi, — згадвае суразмоўнiца. — У нас хата сiльна бальшая была. Гуртамi дралi пер'е. У каждай хаце гусi былi. Курынае не дралi: з курынае цяжкiя падушкi. Гусiныя i вуцiныя. Дралi пер'е аддзельна бальшое, крылья, пух — аддзельна (сразу яго не перабяралi, бо ён па хаце разлятаўся). Толькi зiмой. У Каляды не дралi. Пелi песнi. Багата песень пелi.

Любоў Карпухiна.

Адна з такiх песень — пра маладую, якую аддалi замуж.

* * *

Аддавала мене маць

Да в вялiку сям'ю.

Та вялiка сям'я

Уся вячэраць пасела,

А мяне, маладу,

Пасылаюць па ваду.

Я й крынiчаньку нашла,

Зачэрпала поўвядра,

Зачэрпала поўвядра,

Шчэ й да сеняў данесла.

Да й паслухаю я,

Што гавораць пра меня,

Та вялiка сям'я

Навучае мужыка:

Чаго жонку ня б'еш?

Чаму ж волю ёй даеш?

А за што ж яе бiць?

Яна ўмее ўсё рабiць:

I чытаць, i пiсаць,

Шчэ й па садзiку гуляць.

I тапiць, i варыць,

Шчэ й з людзямi гаварыць.

Цяжкая доля нявесткi хвалявала сэрцы. Была i песня пра тую дзяўчыну, што не вытрымала разлукi з родным домам.

* * *

Аддавала мене маць,

шчэ й прыказвала:

Сем лет не вяртацца!

Пражыла гадок,

пражыла другi.

Трэцi нi сцярпела,

Абернулася шэрай

зязюляй,

К мамке прыляцела.

Прыляцела ў сад,

села на пянёк,

Стала кукавацi.

Стала кукаваць,

жалю падаваць,

Каб пачула мацi.

Сядзiць маменька,

сядзiць родная,

Рушнiк вышывая,

Младшы брацiк мой

па двару ходзiць,

Ружжо заражая:

«Дазволь, мамачка,

дазволь, родная,

Зязюлю ўбiцi».

«Не дазволю я, не дазволю я,

Зязюлю ўбiцi.

Етай зязюлi, як маёй дачке,

Вельмi трудна жыцi».

Жонка без права голасу

«Няма табе, дачушка, нi мiскi, нi ложкi». У дзяцiнстве наша суразмоўнiца не разумела гэтых слоў з песнi «Зялёная вiшня». Чаму, калi дзяўчына выходзiла замуж, ёй не давалi з сабой посуд? Як жа яна будзе есцi? Спытала ў мацi, а тая растлумачыла: так заўсёды рабiлi, бо верылi: калi нявестка возьме з роднай хаты посуд, то ўсё жыццё будзе галадаць. Дарэчы, гэтую песню нам ужо спявала Таццяна Батвiнкова з Бялынiчаў. Ад Любовi Адамаўны мы пачулi яе працяг.

* * *

Успомнiш ты, мамка,

хоць раз за вячэрай,

А я ж цябе, мамка,

прадучы кудзелю.

Ты думаеш, мамка,

што я тут паную,

Прыйдзi ж, падзiвiся,

як я тут гарую…

Сюжэт песнi пераклiкаецца з асабiстай гiсторыяй мацi нашай суразмоўнiцы. Яе аддалi замуж, нават не паказаўшы жанiха. Нiхто не спытаў яе згоды. Так было прынята: бацькi вырашалi — дачка слухалася.

— Мама сiльна красiвая была, но яна без права голаса. А баба сказала: «Мая дачушка, хлеб адрэзаны», — распавядае Любоў Адамаўна.

* * *


1. Бацька добры,

бацька добры,

А мацi лiхая,

Не пускае на вулiцу,

Кажа: маладая.*

2. Пусцi, мацi, пагуляцi,

Я не забаруся.

Як запея первы певень,

Я дамой вярнуся.*

3. Пяе певень, пяе другi,

Шчэ й кура сакоча,

Клiча мацi вечарацi,

А дачка не хоча.*

4. Ой, вячэрай, мая мацi,

Калi наварыла,

Мне сягоднi, мая мацi,

Вячэра не мiла.*

* Апошнiя два радкi кожнага куплета спяваюцца двойчы.
Гушканне на варотах

У гэтых мясцiнах iснаваў звычай клiкаць вясну 22 сакавiка. Дзецям на варотах цi на дрэвах вешалi самаробныя арэлi — палку, прывязаную вяроўкамi, каб яны гушкалiся, запрашаючы цяпло. Гэта было сапраўдным абрадам: чым вышэй узлятаеш, тым блiжэй вясна.

На кабана, як на каня

Зiмой пасля забою кабана яго абавязкова абсмальвалi, а потым накрывалi саломай. Яго туша станавiлася для дзяцей сапраўдным канём. Чакалi гэтага абраду з нецярпеннем, вера была такая: калi пасядзець на парасяцi, то сала будзе вельмi мяккае.
Наша вандроўка па Жлобiншчыне падыходзiць да завяршэння, але праект «Галасы вёсак» толькi набiрае абароты. Нас яшчэ чакаюць iншыя раёны, вёскi, галасы... Таму калi ў вашым краi ёсць што расказаць, а каля вас жывуць тыя, хто яшчэ памятае старыя песнi, абрады цi ўнiкальныя легенды ды паданнi — запрашайце! Бо найлепшы скарб — гэта той, якiм дзеляцца. Чакайце ў госцi!

grudnitskiy@sb.by

Выказваем шчырую падзяку ДУК «Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасцi» Жлобiнскага раёна за дапамогу ў падрыхтоўцы праекта.





Полная версия
© Беларусь Сегодня, 1998 — 2026. Все права принадлежат издательскому дому «Беларусь сегодня»