Аправа для жамчужыны
16.09.2010 20:39:36
Першым аб тым, што Палессе трэба захоўваць і развіваць эканамічна, сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Не трэба доўга прыглядацца, каб убачыць і зразумець: палескі край — неверагодна багатая нацыянальная скарбніца. Усё тут раўнамерна і надзіва гарманічна спалучылася — і даўнейшая гісторыя (яшчэ Герадот пісаў аб гэтых мясцінах!), і прыродная прыгажосць, і першароднасць, і невычэрпныя недры. А калі не так даўно падлічылі турыстычныя рэсурсы краю, дык проста ўразіліся! Ці ведаеце вы, што на Прыпяцкім Палессі 259 аб’ектаў культурна-гістарычнай спадчыны, 25 заказнікаў, 24 помнікі прыроды, гарналыжны комплекс и Нацыянальны парк “Прыпяцкі”... Чаму ж тады рэгіён не можа пахваліцца сваёй паспяховасцю?
Амаль чатыры трыльёны рублёў аддасць дзяржава на ўзмацненне палескіх зямель. Але каб аправа для прыпяцкай жамчужыны не выйшла непад’ёмнай для бюджэту, тыя, хто выконвае праграму, павінны і самі знаходзіць рэсурсы. Прамысловасць і сельскую гаспадарку, напрыклад, цалкам можна падняць і сваімі сіламі. Ці турызм — яшчэ адну залатую жылу — чаму не развіваць больш энергічна? Прыйдзе час, і раскрыюць палешукі свой скрыты, глыбінны патэнцыял — пачнуць здабываць з нетраў карысныя выкапні. Усё гэта ў комплексе ажывіць рэгіён. Асабліва калі прыйдуць інвестыцыі. Таму для інвестараў і патрэбна сёння ствараць лепшыя ўмовы, накіроўвае мясцовыя ўлады 11-ці палескіх раёнаў наш урад. А адраджаць — гэта яшчэ і цаніць, зберагаць здабыткі народнага мастацтва, побыт і ўнікальнасць краю. Вось Першы адкрыты фестываль этнакультурных традыцый, які праводзіцца ў Ляскавічах, і павінен падтрымаць дзяржаўную праграму, заінтрыгаваць патэнцыяльных інвестараў.
Сёння на Прыпяць прыходзяць сапраўдныя перамены. Ажыццяўляць іх патрэбна па-гаспадарску, без пралікаў. Як не раз казаў Прэзідэнт, галоўнае — гэта чалавек. І дзяржава будзе рабіць усё для таго, каб падтрымаць людзей на гэтых цудоўных землях...