У Нацыянальным гістарычным музеі адкрыецца ўнікальны інтэрактыўны выставачны праект гісторыі ілюзійнага мастацтва “Анатомія цуду”
17.02.2017 10:39:07
Наведвальнікам Нацыянальнага гістарычнага музея прапануюць стаць фокуснікам, яго асістэнтам або ўдзельнікам чараўніцтва. Праз тыдзень тут адкрыецца ўнікальны інтэрактыўны выставачны праект гісторыі ілюзійнага мастацтва “Анатомія цуду”. Яго ініцыятар — вядомы беларускі ілюзіяніст і арганізатар Міжнароднага фестывалю MAGIC SHOW у Гродне Мікалай Нардзі. Ён упэўнены, што вера ў чараўніцтва і цуд здольна пазбавіць ад шматлікіх хвароб, фізічных і душэўных.
Выстава ў гістарычным музеі — гэта таксама магчымасць, дакрануўшыся да незвычайнага, атрымаць пазітыўныя эмоцыі і падбадзёрыцца духам. У экспазіцыі будуць прадстаўлены рэквізіты ілюзіяністаў розных часоў: аптычныя ілюзіі, таямнічыя скрыні знікнення, машынкі для вытворчасці банкнотаў, бутафорская зброя, магічныя карты, чашы знікнення, скрыні прадказання і многае іншае. Акрамя таго, “Анатомія цуду” пазнаёміць з гісторыяй ілюзійнага мастацтва, дэманструючы рэпрадукцыі старадаўніх афіш выступленняў Гары Гудзіні і іншых знакамітых фокуснікаў, якія стаялі ля вытокаў зараджэння ілюзійнага мастацтва.
Змогуць наведвальнікі паспрабаваць і ўласныя сілы ў сферы ілюзій — да прыкладу, стварыць у спецыяльнай фотазоне знакаміты трук “Левітацыі чалавека” і палунаць у паветры насуперак сілам зямнога прыцягнення.