Известный коллекционер и телеведущий представит в Минске платья со столетней историей

Аляксандр Васільеў запрашае на баль

У нядзелю 3 сакавіка наведвальнікам Нацыянальнага гістарычнага музея прапануюць акунуцца ў атмасферу свята. Вядомы гісторык моды, мастацтвазнаўца, калекцыянер, тэатральны мастак, тэлевядучы праграмы “Модны прыгавор” Аляксандр Васільеў прывязе ў беларускую сталіцу больш за 100 эфектных бальных і вячэрніх сукенак, а таксама некалькі соцень розных аксесуараў, ювелірных вырабаў і біжутэрыі, створаных вялікімі куцюр’е. На выставе “Запрашэнне на баль” будуць прадстаўлены работы найбуйнейшых дамоў моды мінулага і сучаснасці — Worth, Christian Dior, Chanel, Lanvin, Nina Ricci, Balenciaga, Maggy Rouff, Balmain, Givenchy, Yves Saint Laurent, Jean Louis Scherer, Valentino, Oleg Cassini, Oskar de la Renta і іншых.


— Калекцыю касцюмаў розных эпох збіраю з 16 гадоў. Сёння ў ёй каля 15 тысяч экспанатаў. Вельмі многія аддаюць свае ўборы. Атрымаў вялікую “спадчыну” ад Надзеі Румянцавай, Людмілы Касаткінай, Таццяны Шмыгі, Валянціны Талкуновай, — расказаў Аляксандр Васільеў журналісту “НГ” падчас аднаго з прыездаў у Беларусь.

Калекцыянер часта радуе нашых гледачоў унікальнымі экспанатамі са сваёй калекцыі, кожны раз аб’ядноўваючы іх нейкай агульнай ідэяй або тэмай. На гэты раз Васільеў зрабіў акцэнт на бальных сукенках.

Госці экспазіцыі “Запрашэнне на баль” змогуць здзейсніць падарожжа па гісторыі моды, пачынаючы з 1915 года. Тут і лёгкі вышыты цюль Першай сусветнай вайны, і бліскучыя вобразы 1920-х гадоў з бісерным дэкорам, і элегантныя сукенкі з крэп-саціна 1930-х, і строгія касцюмы з падкладнымі плечыкамі 1940-х. Пасляваеннае дзесяцігоддзе прадстаўлена раскошнымі, глыбока дэкальтаванымі вобразамі ў стылі New Look, а мода 1960-х гадоў — прамымі футурыстычнымі сукенкамі. 1970-я характарызуюцца эпатажнымі вобразамі ў рытме “дыска”, а 1980-я ўводзяць моду на аб’ёмныя плечы і здзіўляюць яркімі і нетрывіяльнымі сукенкамі ў стылі рок-зорак таго часу. Больш стрыманыя — 1990-я. Тут пануе стыль “гранж” і мінімалізм. Затое пачатак XXI стагоддзя абрынуўся хваляй бляску і максімалізму.

Наведаць выставу вядомага калекцыянера можна да 30 мая.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter