Займацца фермерствам у Беларусі, як і ў Афрыцы, адказна, але цікава, лічыць Матайс Уоліс Тэрон з Намібіі
30.12.2016 20:13:52
Намібіец Матайс Уоліс Тэрон з Пружаншчыны адчувае тут сябе гаспадаром
Два дзесяцігоддзі таму глухі куточак ля Белавежжа, дзе ў савецкія часы месцілася вайсковая часць, стаў гаспадаркай фермера з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Прозвішча ў яго французскае – ТЭРОН. Імя, пэўна, галандскае — Матайс Уоліс. Родныя яго называюць Тайсам. У Беларусь разам з жонкай Антанет трапілі выпадкова. Яны, што традыцыйна для Паўднёвай Афрыкі, — глыбока веруючыя. Далёкія іх продкі-пратэстанты чатыры стагоддзі таму з-за ганенняў афіцыйнай царквы з Еўропы дабраліся на караблях у Паўднёвую Афрыку. З тых часоў там жывуць і захоўваюць сваю веру. Служэнне Богу, як і праца на зямлі, перадаецца з пакалення ў пакаленне. У сям’і фермера, што займаўся авечкагадоўляй на поўдні Намібіі, вырас Тайс. У Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы закончыў універсітэт і працаваў інжынерам-хімікам на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Кейптаўне. Антанет – педагог-псіхолаг. Вырасла ў сям’і прапаведніка хрысціянскай веры. Бацька яе выбіраўся сенатарам у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Сямейная пара – людзі высокаадукаваныя. Акрамя роднай афрыканскай мовы, валодаюць англійскай і хутка засвоілі рускую. Выхоўваюць траіх дзяцей. Імкнуцца жыць у згодзе з сумленнем.Побач з прасторным домам намібійскага фермера Тэрона павольна цячэ да Атлантычнага акіяна глыбокая Аранжавая рака, якую так назвалі па колеру вады. На шырокім падворку рос каржакаваты стары дуб, які ўчатырох можна было ахапіць. Сапраўдным святам для сыноў-падлеткаў было выязджаць з бацькам на агляд атар, што самастойна пасвіліся ў абгароджанай паўпустыні. Прывучаліся сыны да спадчыннага фермерскага занятку. Паспявалі і ў школе. Старэйшы Франсуа стаў стаматолагам. Тайс – інжынерам-хімікам. Вышэйшую адукацыю атрымалі і сёстры Элсада і Юрэта. Авечкагадоўчую ферму, дзе на пятнаццаці тысячах гектараў утрымлівалася звыш пяці тысяч авечак, бацькі прадалі і выручаныя сродкі падзялілі на ўсіх дзяцей. Франсуа купіў свайму сыну меншую ферму. Сёстры выйшлі замуж і жывуць у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Тайс атрымаў пасаду інжынера-хіміка на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Кейптаўне. Маленькі працоўны кабінет яго у бетонным бункеры, як і іншых спецыялістаў, дзеля бяспекі не меў вакон. Рабочы стол, камп'ютар і чатыры сцяны штодзённа сустракалі яго. Амаль пяць гадоў дзень у дзень даводзілася працаваць у такім затачэнні. Усплывалі думкі: чаго загнаў сябе ў такую турму, навошта дзеля заробка губляю маладыя гады ў гэтым кубіку? Чакаў выхаднога, каб адвесці душу з сябрамі. Выязджалі адпачываць на акіянскае ўзбярэжжа, дзе не так спякотна.
Наведваў і вечарынкі хрысціянскай моладзі. Прыкмеціў там сімпатычную дзяўчыну. Падысці не асмельваўся. Сябры пазнаёмілі яго з Антанет. Не толькі знешняй абаяльнасцю, але і багатай унутранай прыгажосцю зачаравала дзяўчына. Перад тым як прапанаваць ёй руку і сэрца, падзяліўся планамі на будучае. Па службовых справах Тайсу даводзілася бываць у Еўропе, адкуль карані продкаў-бураў. Невядомая сіла клікала туды. У канцы мінулага стагоддзя жалезны занавес зняўся з заснежанай на паўгода вялікай краіны, што прасціралася ад Балтыкі да Ціхага акіяна. Ад мясцовага пастара ведаў, што сем дзесяцігоддзяў таму там адмовіліся ад Бога. Ідэю несці Госпада тым, хто яго забыў, падтрымала Антанет. Праз паўгода пасля вяселля, калі ў Еўропе пачыналася лета, маладая пара развіталася з роднымі і адправілася ажыццяўляць сваю мару. З заходнееўрапейскага аэрапорта цягніком дабраліся ў пагранічны Брэст, дзе іх дакументы доўга разглядалі. Візы ў Беларусь яны не мелі. Пагранічнікі некуды тэлефанавалі, высвятлялі, як паступіць з афрыканскімі эмігрантамі.
Дазвол атрымалі і спыніліся ў Кобрыне, дзе незнаёмыя людзі іх цёпла сустрэлі. За паўгода авалодалі рускай мовай. Паступова і беларускія словы ўжываюць. На аўкцыёне выкупілі паўразбураныя армейскія памяшканні каля пружанскай вёскі Куплін. Тайс вырашыў заняцца авечкагадоўляй. Справа гэта яму добра вядомая з дзяцінства. Закупіў у ляхавіцкай гаспадарцы матачнае пагалоўе. Набыў старэнькі трактар Т-40, а потым і новы МТЗ-82. Спраўляцца па гаспадарцы дапамагалі два працаўнікі. Хапае клопатаў і ў Антанет. Першае, што купілі ў дом, – піяніна. Гаспадыня цудоўна валодае гэтым музычным інструментам. Да музыкі з малых гадоў прызвычаіла сыноў Матса, Джона і дачку Рунет. Выхаванне дзяцей – галоўны яе занятак. Па шырока прынятай на Захадзе хатняй школьнай сістэме сыны ўжо атрымалі сярэднюю адукацыю і паступілі на вучобу ва ўніверсітэт у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Матс на трэцім курсе інжынерна-авіяцыйнага факультэта, а Джон другі год асвойвае веды інжынера-праграміста. Дачушка Рунет яшчэ школьніца.
Падзеяй у Пружанах было адкрыццё фермерскага кафэ “Афрыка”, якое славілася смачнымі стравамі. Гатаваліся яны па рэцэптах Антанет. З-за частых праверак і розных бюракратычных сітуацый, на што марнавалася шмат часу, гаспадары закрылі яго.
— Займацца фермерствам у Беларусі, як і ў Афрыцы, адказна, але цікава, — разважае фермер Тайс. – Трэба быць прафесіяналам у сваім занятку. Забіраюць час, стрымліваюць развіццё шматлікія ўзгадненні, штрафы, складанае афармленне дакументацыі. З першых дзён нашымі справамі цікавяцца сваякі ў Афрыцы. Раней па тэлефоне размаўлялі, а цяпер па скайпе падтрымліваем сувязь. Прыязджалі бацькі паглядзець, як мы ўладкаваліся. Баяліся патрапіць у халодную пару, таму прымалі іх летам. Чэрвень выдаўся дажджлівы. Маці здзіўлялася такому лету. У Намібіі зіма больш цёплая. Белавежская пушча іх вельмі ўразіла. Не маглі налюбавацца на прыроднае багацце гэтага ўнікальнага лесу. На нашай ферме, дзе столькі дрэў, таксама прыгожа. Бацька раніцай на зэдліку садзіўся пад разгалістым дубам, што каля нашага дома, і падоўгу задуменна аглядаў яго.
— Чым частавалі афрыканскіх гасцей? — Антанет не пераняла яшчэ ўсіх тонкасцяў нацыянальнай кухні. Рыхтавалі такія ж стравы, як у Афрыцы, толькі з беларускіх прадуктаў. Смак крыху іншы. А ўвогуле паўднёваафрыканская кухня не адрозніваецца ад беларускай. Гэта ж не кітайская ці індуская. Нашы далёкія продкі буры перавезлі на поўдзень Афрыкі еўрапейскія кухонныя традыцыі, і яны захоўваюцца. Кожны кухар па-свойму гатуе стравы з той жа бульбы і мяса. А ў святы, як і ў вас, стол імкнёмся ўпрыгожыць рознымі далікатэсамі. На Ражаство Хрыстова і Новы год запрашаем гасцей. Так склалася, што сёлетнія зімовыя святы адзначаю адзін. Восенню Антанет з дачушкай Рунет паляцелі грэцца ў Афрыку і вернуцца пасля Каляд. Цягне іх у цёплыя мясціны. Мая маці з-за халаднаватага надвор’я доўга ў нас не затрымалася і адправілася назад у цёплую Афрыку.
— Тайс, ужо два дзесяцігоддзі вы жывяце ў Беларусі, багатай на традыцыі. Ці прызвычаіліся да іх?
— Нас здзівіла, як святкуюць на Пружаншчыне Купалле. Як і беларусы, мы адзначаем Вялікдзень, Тройцу, Ражаство Хрыстова. Толькі ў нас не Дзед Мароз і не амерыканскі Санта-Клаўс прыносяць падарункі, а па-біблейску — Мікалай Угоднік. Для дзяцей упрыгожваем навагоднюю елку, пад якую кладзём падарункі. На поўдні Афрыкі таксама весела адзначаюць гэтае свята. Ладзяцца кірмашы, на якіх можна набыць штучныя елкі і розныя ўпрыгожванні для іх. На самым поўдні, бліжэй да акіяна, у спецыяльных заказніках вырошчваюць елкі. Не кожны можа сабе дазволіць такую раскошу. У навагоднія святы ў нашым фермерскім доме ў Купліне звычайна збіраліся сябры дзяцей. Сяброўка дачкі Маша Трацякевіч і яе малодшыя брацікі Антон, Марк, Давід з малых гадоў гуляюць у нас. Бяром іх з сабою, калі едзем у Брэст ці Кобрын.
— Тайс, а якія ў вас адносіны з мясцовай уладай?
— Да нашай сям’і раённае кіраўніцтва доўга прыглядвалася. Не верылі, што назаўсёды з Афрыкі перабраліся. Сябруем з кіраўнікамі суседніх гаспадарак. У Калодзішчах пастаянна выпісваю на жніво збожжаўборачны камбайн. Раней карыстаўся паслугамі брыгады, пакуль не набыў трактар. У мяне 74 гектары сельгасугоддзяў, на палове якіх вырошчваю збожжавыя і кармавыя культуры. Поўнасцю забяспечваю атару ў 260 галоў уласнымі кармамі.
— Авечкагадоўля – справа прыбытковая?
— Раней выгадна было займацца. Як кажуць, гаспадыні не варта ў адным кошыку насіць яйкі. Прыбытак атрымліваем і ад рэалізацыі свініны. Прадаём маладняк в’етнамскіх парасят. Рэалізуем збажыну, сена. Наладзілі вытворчасць соку з яблыкаў. Збіралі на сваёй тэрыторыі бярозавік і прадавалі насельніцтву.
— Што вас зараз больш за ўсё турбуе як фермера?
— Усё наша жыццё з клопатаў выткана, і вырашаць іх варта сумленна, з Богам у сэрцы. Не падаць духам. Была праблема з арганізацыяй забою авечак, а потым вырашылася. Зараз задумваюся над вытворчасцю экалагічна чыстай прадукцыі. Палову палявой вырошчваем без угнаенняў. Плануем поўнасцю так працаваць. Людзей трэба навучыць, як змагацца з пустазеллем і шкоднікамі без хімпрэпаратаў. Так некалі нашы продкі рабілі і не ведалі сучасных хвароб. У мясцовых людзей цікаўлюся, раюся, як лепей арганізаваць такое земляробства.
— Як фермер не адчуваеце сябе змагаром з ветравымі млынамі?
— Атрыманне грашовага прыбытку – не самамэта. Не ганяюся за багаццем. Атрымліваю вялікую асалоду ад таго, што мае дзеці выраслі ў такім прыгожым асяроддзі, дзе некранутая прырода. Дзе яшчэ на зямным шары пашукаць такое багацце, як Белавежская пушча? Мурашом адчуваю сябе, калі за- ходжу ў гэты святы храм прыроды. Ведаю, што большая частка пушчы на беларускай тэрыторыі. Але для прыроды не важны межы. Гэта павінна быць агульным запаведнікам для людзей усяго свету, каб бачылі, што нам пакінулі продкі, і задумаліся, што пасля нас застанецца будучым пакаленням. Лічу, што мне сам Гасподзь падараваў адшукаць такі ўнікальны куточак для жыцця. Мне тут вельмі ўтульна. Мае дзеці з малых гадоў прывучаліся да сялянскай працы. Сыны ўмеюць стрыгчы воўну авечак, здымаць скуру, разбіраць тушкі. І дачка многаму з сялянскага побыту навучылася. І я сам сябе адчуваю гаспадаром. Займаюся тым, што мне па сэрцы. З жахам узгадваю той бетонны кубік на нафтаперапрацоўчым заводзе.
— У такі ціхі час года і сны, напэўна, бачыце спакойныя?
— Сплю, як у вас кажуць, быццам пшаніцу прадаў. Так, удала прадаў ураджай збажыны, і ніякіх сноў не бачу. Яны прыходзяць тады, калі чалавека нешта хвалюе. Свой лёс аддаў у волю Бога. Раблю тое, на што здольны. Безумоўна, не пакідаюць думкі пра бацькоўскі дом у Афрыцы, сваякоў, знаёмых. Але сплю спакойна. Сябры маёй маладосці тэлефануюць і з навагоднімі святамі віншуюць. Збіраюцца адведаць. Дзеці і жонка з Ражаством і Новым годам павіншавалі. Па скайпе расказвалі, як адпачываюць на беразе Атлантычнага акіяна ў маёй сястры. Зараз у Намібіі спякота, да сарака градусаў цяпла. Ад прахалоднага цячэння Атлантыкі крыху лягчэй дыхаць. Там зараз самы сезон масавага адпачынку. На ўзбярэжжы смажаць шашлыкі, свежую рыбу, вялікі выбар экзатычных фруктаў. Месца курортнае. Мяне цягне ў Афрыку, але толькі ў госці. Мой дом у Беларусі.
— Шмат дзе на зямным шары вам давялося пабываць. Які куточак самы запаветны?
— Той, дзе нарадзіўся і вырас. За два дзесяцігоддзі дарагой мне стала і Беларусь. Раніцай аглядаю сваю фермерскую гаспадарку. Акрамя авечак, завёў аненскіх козачак. А якія прыгожыя пеўні сярод курынага царства. Па іх можна дакладна вызначаць час. Праспаць нікому не дадуць. Роўна ў шэсць гадзін падымаюся. Працоўны дзень на ферме пачынаецца ў восем гадзін. Да гэтага маю час памаліцца, пачытаць Біблію.
— Кім бы хацелі бачыць сваіх дзяцей?
— Каб яны былі побач са мною. У гэтым вялікая мудрасць. Можа, мая ферма для дзяцей будзе не прэстыжнай, таму даю ім шанс вучыцца. За іх вучобу дорага плацім. Мой бацька не раздаў унукам грошы на новыя аўтамабілі ці што іншае, а пакінуў на іх развіццё. Вось цяпер гэтыя сродкі і дапамагаюць атрымліваць вышэйшую адукацыю. Пасля заканчэння вучобы ў іх перспектыва ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы не надта цікавая. Там зараз светласкурым цяжка. Калі раней прыціскалі неграў, то цяпер белыя сталі другасортнымі. Уся ўлада ў чарнаскурых, і ў чарзе на працу еўрапейцы самыя апошнія. Сыноў бачу ў перспектыве тут.
Палову свайго жыцця пражыў у Беларусі. Дасягнуў пэўных поспехаў. Ні разу не браў банкаўскіх пазык. Як пачаўся эканамічны крызіс, то радаваўся, што банкам нічога не павінен. Настроіўся на трактарным заводзе купіць МТЗ-82. Цана была 7 тысяч долараў, але калі даведаліся, што фермер, адразу загадалі 12 тысяч долараў. Купіў у “Амкадоры” такі ж трактар, ды яшчэ з каўшом і іншымі навяснымі прыстасаваннямі, за 9 тысяч долараў. Маю сеялкі, касілку, глебаапрацоўваючыя агрэгаты. Здзіўляе, што ў гаспадарках не стымулюецца дзейнасць спецыялістаў. Дрэнна ці добра яны адпрацавалі, а месячны заробак атрымліваюць.
— Ці часта даводзіцца мяняць працаўнікоў у сваёй гаспадарцы?
— На жаль, часта. Адны прыйдуць, папрацуюць да першай палучкі і зап'юць. У мяне ўзровень патрабаванняў высокі, і не ўсе здольныя вытрымаць, таму даводзіцца развітвацца. Цаню сумленных працаўнікоў і належна ім плачу. Вось і зараз авечак даглядае старанны мужчына, якому дапамог выйсці з хранічнага запою і псіхалагічна падтрымліваю яго. Спадзяюся, што затрымаецца. Жадаючых працаваць у мяне многа.
Не менш хвалююць шматлікія праверкі. Кожная заканчваецца штрафам і папярэджваннем. У самым пачатку фермерства прабурыў для паення авечак свідравіну. Амаль дваццаць гадоў карыстаўся ёю, а нядаўна камісія правярала паенне жывёл. Паказаў калонку. Запатрабавалі тэхнічную дакументацыю, праверылі памеры свідравіны… Выпісалі штраф за тое, што два дзесяцігоддзі таму без тэхнічнай дакументацыі яе прабурыў. Сказалі падрыхтаваць дакументы, зарэгістраваць свідравіну, паставіць на яе лічыльнік і штомесячна даваць справаздачу, колькі вады выкачана. Пасля праверкі МНЗ заплаціў штраф за тое, што не было на ферме громаадвода і не прайшоў спецыяльныя курсы. Праверка па ахове прыроды запатрабавала справаздачу па ўтылізацыі адыходаў ад тэхнічнага забеспячэння трактара. Перапрацаванае масла перамешваю з саломай і выкарыстоўваю на ацяпленні дома. Камісію гэта не ўстроіла. Заплаціў штраф.
У Намібіі бацька прабіваў свідравіны для паення авечак — ніякіх рэгістрацый не трэба было. Мо, цяпер і там яна патрэбна. Краіны вучацца адна ў другой, як эфектыўней падаткі спаганяць. За свае грошы набыў усё неабходнае для пампавання вады з-пад зямлі і самастойна ўсё змайстраваў, а ваду Гасподзь даў. Чаму павінен плаціць яшчэ падатак за гэта? Ніяк не разумею.
— Звычайна ў навагоднюю ноч загадваюць жаданні. Што б вы як пастар і гаспадарнік у Бога папрасілі?
— Жаданне, каб усе, хто чытае “Сельскую газету”, якую выпісваю, і ўвогуле, усе, хто працуе на зямлі, былі здаровыя і радаваліся кожнаму падоранаму дню! Каб не толькі пеўні спявалі на вясковых падворках, а і вялася розная жыўнасць. Няхай год Пеўня будзе плённым і шчаслівым!
Пружанскі раён
Фота аўтара і з сямейнага архіва Матайса Уоліса ТЭРОНА