Газету «Литература и искусство» делают молодые

Адрознiць сапраўднае ад кiча

Штотыднёвiк творчай iнтэлiгенцыi «Лiтаратура i мастацтва» — выданне з даўнiмi традыцыямi. Заснаванае ў 1932 годзе, яно стала пляцоўкай для творчых дыскусiй, тут друкавалi першыя творы Iван Шамякiн i Васiль Быкаў, Iван Мележ i Уладзiмiр Караткевiч... Але час мяняецца, мяняюцца адносiны да пiсьменнiкаў, лiтаратуры, папяровых выданняў. Як жыве «ЛiМ» у час iнфармацыйнага выбуху, мы размаўляем з яго сённяшнiм галоўным рэдактарам, намеснiкам дырэктара Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Звязда» Аляксеем Чаротам.

— Як такое выданне, як «ЛiМ», упiсваецца ў iнфармацыйны рынак? Дый цi трэба яму ўпiсвацца?

— Не думаю, што наш штотыднёвiк трэба рабiць нейкiм iнфармацыйным органам. Гэта ўсё‑такi газета творчай iнтэлiгенцыi, i, на мой погляд, яна павiнна адлюстроўваць менавiта тое, што адбываецца ў сучасным лiтаратурным працэсе, надаючы ўвагу i iншым вiдам мастацтва. Але ўсё‑такi ў першую чаргу наша зацiкаўленасць — лiтаратура, таму што пра iншыя жанры пiшуць у газеце «Культура», часопiсе «Мастацтва»...

— Што‑небудзь зменiцца ў газеце ў блiжэйшы час?

— Радыкальных змен не будзе, я б не хацеў губляць тое добрае, што створана маiмi папярэднiкамi. Але ёсць пэўныя агульныя праблемы, i гэта ў першую чаргу праблема лiтаратурнай крытыкi. Якая, на жаль, у некалькi разоў нiжэй, чым была пятнаццаць‑дваццаць гадоў таму. Калi раней працавалi ўсiм вядомыя мэтры, iх чыталi з‑за аднаго прозвiшча. На сённяшнi дзень такiх асоб засталося вельмi мала, i на старонках «Лiтаратуры i мастацтва» у асноўным прадстаўленыя зусiм маладыя крытыкi. Таму вельмi хацелася б прыцягнуць тых, што ўжо сцвердзiлiся ў лiтаратуры, да супрацоўнiцтва. 

— Галоўнае абмеркаванне лiтаратурных навiнак зараз адбываецца ў сацыяльных сетках. Праўда, часта на ўзроўнi вельмi павярхоўным, з мэтай сабраць больш лайкаў. З другога боку, тыя старэйшыя, пра якiх вы гаворыце, часта iдуць ад акадэмiчнага лiтаратуразнаўства, а лiтаратуразнаўчы артыкул — гэта не рэцэнзiя. 

— Тое абмеркаванне, што адбываецца ў iнтэрнэт‑прасторы, гэта аматарства. Людзi, не падрыхтаваныя да аналiзу лiтаратуры, выказваюць толькi свае ўражаннi. Калi гэта прыцягвае ўвагу да кнiгi, хай будуць i такiя меркаваннi, але з iншага боку абавязкова трэба даваць сур’ёзны прафесiйны аналiз.

— Цi чакаць гарачых дыскусiй на старонках выдання?

— Хацелася б. Хаця апошнiм часам вельмi цяжка з рэзанансам — нават калi друкуецца матэрыял, якi, здавалася б, павiнен выклiкаць водгукi. 

— Чаму?

— Усе абмеркаваннi перайшлi ў iнтэрнэт. 

— Можа, i «ЛiМу» варта туды заглыбiцца?

— Варта. Цяпер нiводнае выданне не можа абыходзiцца без сеткi, асноўная чытацкая аўдыторыя там. Будзем сур’ёзна працаваць у гэтым накiрунку. 
Галоўнай тэмай для штотыднёвiка застаецца беларускi лiтаратурны працэс. 
— Чытачоў прываблiваюць сенсацыямi...

— Нават сенсацыйныя загалоўкi не заўсёды спрацоўваюць. Наталля Казапалянская, супрацоўнiца нашай установы, знайшла разыходжаннi ў дакументах датычна году нараджэння Уладзiмiра Дубоўкi. Лiчыцца, што Дубоўка нарадзiўся 15 лiпеня 1900 года, але Наталля паглядзела ў Нацыянальным гiстарычным архiве метрычны запiс па Манькавiцкай праваслаўнай царкве Вiлейскага павета Вiленскай губернi, дзе значыцца, што Уладзiмiр Мiкалаевiч Дубоўка нарадзiўся 2 лiпеня (па старым стылi) 1901 года ў вёсцы Агароднiкi. Артыкул пра гэтае несупадзенне быў у лiпенi надрукаваны ў «ЛiМе», змешчаны ў iнтэрнэце. Але я паглядзеў — у Фэйсбуку на гэтую навiну чалавек дзесяць адрэагавалi.

— Зараз усе спрабуюць спрагназаваць, як доўга праiснуюць папяровыя варыянты газет...

— Цяпер ва ўсiх папяровых выданняў чытач — старэйшае пакаленне, ад сарака гадоў. I я разумею, што папяровая газета не будзе з тымi накладамi, што раней. Але газета «Лiтаратура i мастацтва» павiнна мець папяровую версiю i павiнна заставацца менавiта экспертным выданнем для людзей, якiя адносяць сябе да творчай iнтэлiгенцыi. Iнтэрнэт, на мой погляд, не можа даць дакладныя арыенцiры, што ёсць сапраўднае мастацтва, а што ёсць кiч. Але гэтую функцыю нехта павiнен выконваць, i я бачу ў гэтай ролi «ЛiМ» i нашы лiтаратурныя часопiсы. Так, наклады зменшылiся. Але ўсё разумеецца ў параўнаннi. Калi ўзяць наклад у тысячу асобнiкаў на дзесяць мiльёнаў насельнiцтва Беларусi i такi ж наклад тоўстых расiйскiх часопiсаў на ўсю Расiю, наша сiтуацыя выглядае някепска. 

— Цi шукаеце маладых аўтараў?

— Зразумела! Напрыклад, мы падтрымлiваем конкурс «Першацвет», якi праводзiцца ўжо не першы год, друкуем творы канкурсантаў. Маладыя на нашых старонках з’яўляюцца рэгулярна. Дый калектыў нашай рэдакцыi малады — амаль усе да трыццацi гадоў. 

— Праца ў такiх выданнях, як ваша, — добрая рэдактарская школа. 

— Так, i я не думаю, што гэтая рэдактарская школа згублена. У нас ёсць сталыя супрацоўнiкi, якiя перадаюць вопыт. Я два гады з’яўляюся старшынёй Дзяржаўнай экзаменацыйнай камiсii на спецыяльнасцi «Лiтаратурная работа» факультэта журналiстыкi БДУ. Гляджу i па экзаменах, i па дыпломных працах — ёсць людзi, якiя адчуваюць мову i маюць лiтаратурны густ. Такiх мы i стараемся браць на працу. З часам яны вырастуць прафесiйна. 

— Вы згодныя з высновай, што сёння занятак лiтаратурай можа быць толькi для душы?

— Мне здаецца, так. Тыя, што прысвячаюць сябе сёння лiтаратуры, — асаблiвыя людзi, неабыякавыя. На жаль, нельга не ўлiчваць эканамiчны складальнiк. Дарэчы, калi б установы адукацыi, прынамсi, тыя, дзе рыхтуюць спецыялiстаў творчых прафесiй, i публiчныя бiблiятэкi выпiсвалi нашы выданнi, была б iншая сiтуацыя. 

— Давайце пагаворым пра вас як перакладчыка... Над чым апошнiм часам працавалi?

— Апошняе, што пераклаў — апавяданне сербскага пiсьменнiка Драгаслава Мiхайлавiча для часопiса «Нёман». Гэта класiк сучаснай сербскай лiтаратуры. Ён жывы, хаця i ў даволi сталым узросце, i мне пашанцавала пазнаёмiцца з iм асабiста падчас Белградскай кнiжнай выставы. 

— Для перакладчыкаў старонкi «ЛiМа» адкрытыя?

— Канечне. Рэгулярна друкуем пераклады. А да нейкiх мерапрыемстваў бываюць спецвыпускi, прысвечаныя замежнай лiтаратуры. 

cultura@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter