Ад дабра дабра не шукаюць, або Што трымае галоўнага агранома ААТ «Прудзінкі» Верхнядзвінскага раёна Васіля Шылава на зямлі
27.09.2013 18:29:50
НІКОЛІ нельга загадваць наперад пра чалавека
Лішні раз у гэтым пераканаўся, калі трапіў у ААТ «Прудзінкі» Верхнядзвінскага раёна да галоўнага агранома Васіля ШЫЛАВА. Гаспадарка каторы год запар утрымлівае лідарства па ўраджайнасці зерневых. Вось і сёлета, нягледзячы на падтапленне і засуху, сабралі на круг звыш 41 цэнтнера з гектара зерневых. Міжволі думалася, што галоўным тэхнолагам палёў працуе сталы, у гадах чалавек-практык, які пабачыў на сваім вяку ўсяго. Якое ж было здзіўленне, калі насустрач з дыспетчарскай выйшаў зусім малады хлопец. Давялося нават перапытаць: — Вы і ёсць Шылаў? — Я... А што здарылася?
У размове Васіль Шылаў не раз падкрэсліваў, што заўсёды як малады спецыяліст адчувае падтрымку дырэктара гаспадаркі Васіля Аляксеевіча Красніка, які чвэрць веку на гэтай пасадзе і ведае кожны кавалачак поля, і намесніка старшыні райсельгасхарча па раслінаводству Люцыі Казіміраўны Грэсько. З імі можна заўсёды параіцца, абмеркаваць узнікшыя праблемы.
Палі гаспадаркі расцягнуліся ўздоўж Заходняй Дзвіны на 25 кіламетраў. Гэта, між іншым, накладае і асаблівы адбітак на працу агранамічнай службы. Улічваючы, што вясной то залівае, то гразь непралазная, тры чацвёртыя ўсяго зерневага кліну — 1400 гектараў — засяваюцца восенню.
А таму напружанне пасля жніва не спадае, а, наадварот, узрастае. І з’яўляецца Васіль Шылаў на полі ў шэсць гадзін раніцы, а пакідае ў дзевяць вечара.
На пытанне, ці не надакучыла такое жыццё і ці не ўзнікала жаданне пашукаць больш цёплага і грашовага месца, ён адказаў:
— Не ўсё вымяраецца грашыма. І чаго шукаць?! Падацца ў горад? Ну знойдзеш зарплату, а жыллё?.. Ды ўсе ў гарады і не ўлезуць. Камусьці патрэбна быць і на вёсцы. А тут — мае бацькі. Тут — мая сям’я. Жонка Таццяна — сацыяльны работнік. Маем двух сыноў. Арцёму хутка будзе тры гады, а меншаму Ягорку — паўгодзіка. Гаспадарка выдзеліла нам дабротны катэдж. Калі захочаш, жыць можна, прытым годна і цікава.
Подготовили собственные корреспонденты «БН» по Витебской области Светлана ЗАЛЕССКАЯ и Владимир САУЛИЧ,
фото Анастасии ТУРОК и Петра КУРИЛОВИЧА